Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра сьпёку, або і проста пра цеплыню мы напачатку гэтага лета толькі марым. Але ўсё ж лета наперадзе і, будзем спадзявацца, яшчэ парадуе нас цяплом, лагоднымі дзянькамі.

Сёньня мы хацелі бы зьвярнуцца да праблемы пітва ў летні час — што можна ў сьпёку, а што не пажадана і нават катэгарычна непрымальна. Пагаворым пра салодкія напоі, такія як кока-кола ці ліманады, бо яны найбольш распаўсюджаны ў нашых крамах. Ужываньне салодкіх напояў у сьпякотныя дні мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі.

Станоўчае палягае ў тым, што падчас высокай тэмпэратуры паветра і моцнай вільготнасьці мы значна больш пацеем у параўнаньні зь іншымі часамі году, што павышае патрэбу арганізму ў вадкасьці. І вось калі чалавек ужывае салодкія напоі (а яны, часам, вельмі смачныя), то з гэтай прычыны іх можна выпіць болей, што ў сьпёку карысна. Да гэтага трэба дадаць і тое, што згодна з вынікамі навуковых дасьледаваньняў, калі да звычайнай вады дадаць цукар, глюкозу, то гэта выклікае павелічэньне ўсмоктваньня вады ў страўнікава-кішэчным тракце ў 6-10 разоў. Так што ў нейкім аб’ёме салодкія напоі могуць быць вельмі карыснымі.

Зь іншага боку, калі піць зашмат салодкіх напояў зь вельмі высокай колькасьцю цукру, то з арганізмам могуць адбывацца і вельмі небясьпечныя пры сьпёцы зьявы. Празьмерна салодкая вадкасьць можа весьці да затрымкі апаражненьня страўніка і затрымае ваду ў кішэчніку. Пры гэтым яна ня будзе ўсмоктвацца і насычаць арганізм. Пры гэтым у чалавека, хоць ён можа і вельмі многа піць, можа здарыцца абязводжваньне, якое вельмі небясьпечнае ў сьпякотнае надвор’е, асабліва пры наяўнасьці сардэчна-судзінных хваробаў і ў сталым узросьце. Абязводжваньне прыводзіць да загушчэньня крыві, што ў пералічаных выпадках можа прывесьці да парушэньня кровазвароту ў галаўным мозгу ці сэрцы.

Такім чынам, у сьпякотны летні дзень ня трэба злоўжываць празьмерна вялікай колькасьцю салодкіх напояў, такіх як кока-кола ці салодкія ліманады, больш фізіялягічным будзе піць тыя напоі, дзе колькасьць цукру невялікая, напрыклад, ня вельмі салодкія сокі. Гэта можа быць традыцыйны беларускі бярозавік, безалькагольны пітны мёд, традыцыйны беларускі квас.

Сьпякотны летні дзень — гэта той час, калі ў спрэчцы кока-колы і беларускага бярозавіку, безумоўна, перамагае апошні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG