Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто апякуецца беларускім домам?


Дамавік на выставе, прысьвечаная героям беларускай міталёгіі, у Магілёўскім краязнаўчым музэі
Дамавік на выставе, прысьвечаная героям беларускай міталёгіі, у Магілёўскім краязнаўчым музэі

Шматлікія этнографы і фальклярысты засьведчылі, што беларусы яшчэ ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя шчыра верылі ў існаваньне разнастайных міталягічных пэрсанажаў. Русалкі, лесавікі, вадзянікі, ваўкалакі і дабраходжыя насялялі практычна ўвесь навакольны сьвет беларускага вяскоўца. Аднак асаблівай пашанай карыстаўся міталягічны апякун чалавечага жытла — дамавік, вера ў існаваньне якога ня зьнікла і ў сучаснай Беларусі. У чым адметнасьць гэтага міталягічнага пэрсанажа, як патлумачыць прычыну ўстойлівасьці гэтага вобразу ў традыцыйнай культуры беларусаў? Гутарка з этнакультуролягам Уладзімерам Лобачам.

— Калі зазірнуць у этнаграфічныя зборнікі ХІХ стагодзьдзя, у якіх вядзецца пра міталягічныя ўяўленьні беларусаў, няцяжка заўважыць, што вера ў існаваньне дамавіка была шырока распаўсюджаная ва ўсіх без выключэньня рэгіёнах Беларусі, а ягоныя характарыстыкі, якія даваў просты люд, пераважна пазытыўныя. Дык адкуль жа ўзяўся дамавік у беларускіх хатах, дзе вытокі гэтай міталягічнай істоты?

— Варта пачаць з таго, што ў беларускай міталягічнай карціне сьвету ўся прастора, якая акаляе чалавека, адухоўленая і ажыватвораная. Лес, поле, возера, балота — усе знакавыя прыродныя лёкусы мелі сваіх міталягічных гаспадароў і апекуноў. Але ня толькі прыродныя. Дом як канцэнтраванае ўвасабленьне «свайго», чалавечага сьвету, мікрамадэль усяго Космасу, паводле азначэньня ня мог быць пазбаўлены свайго сакральнага апекуна — дамавіка, які гарантаваў дабрабыт і парадак. Паказальна, што ў ХІХ стагодзьдзі гаспадар асаблівым чынам узгадняў з дамавіком месца для пабудовы новай хаты. Гаспадар перад будаўніцтвам насыпаў жыта там, дзе меліся быць куты. Калі праз ноч жыта аказвалася некранутым, гэта азначала, што дамавік ухваліў абранае месца. Калі жыта было разгрэбена, то такім чынам хатні дух выказваў нязгоду.

— Наколькі архаічны вобраз дамавіка і колькі стагодзьдзяў ён быў суседам беларуса ў хаце?

— Можна меркаваць, што дамавік, якога мы ведаем з запісаў XIX–XX стагодзьдзяў, зьяўляецца на нашых землях адначасна са зьяўленьнем чалавечага жытла і ачага ў ім, а гэта значыць, яшчэ ў эпоху каменнага веку. Пачаткова дамавік і быў духам-апекуном хатняга ачага, хай тое і была прымітыўная печка-каменка. Зь цягам часу, калі сялянская сядзіба вырастае ў складаны комплекс жыльлёвых і гаспадарчых пабудоў, ускладняецца і вобраз дамавіка. Дакладней, зьяўляюцца ягоныя новыя іпастасі — гуменьнік, хлеўнік, лазьнік. Адпаведна, кожны новы міталягічны пэрсанаж мае сваю «зону адказнасьці» і пільнуе парадку ў гумне, хлявах ці лазьні. З другога боку, у беларускай традыцыі дамавік суадносіўся і з памерлымі продкамі. Характэрна, што і ўшанаваньне дамавіка ў беларусаў суадносіцца з днём ушанаваньня продкаў — Дзядамі, калі міталягічнаму апекуну сядзібы высьцілалі дарогу да стала белым палатном і прапаноўвалі найлепшыя стравы.

Уладзімер Лобач
Уладзімер Лобач

— А ў якім выглядзе зьяўляўся дамавік перад людзьмі? І ўвогуле, ці кожны мог яго ўбачыць?

— Як істота міталягічная дамавік мог прымаць розныя абліччы. Часам ён зьяўляўся ў выглядзе хатняга вужа, і гэты вобраз надзвычай старажытны. Пра ўшанаваньне беларусамі (літвінамі) хатніх зьмеяў пісалі яшчэ аўтары XVI стагодзьдзя — Міхалон Літвін і Паўль Одэрнборн, а ўвогуле гэты звычай узыходзіць да агульнай балта-славянскай духоўнай спадчыны. Таксама дамавік мог прымаць аблічча сабакі ці ката, але найчасьцей — маленькага старога чалавечка. У канцы XIX стагодзьдзя Адам Багдановіч пісаў, што «беларусы ўяўлялі дамавіка ў выглядзе старэнькага дзядка, зь сівой барадой і даўгімі сівымі валасамі; убраны ён у насоў (палатняную кашулю, якую носяць на верхнім адзеньні), а іншыя кажуць — у белую кашулю; падперазаны ён дзягай або лыкам». Паказальна, што і на пачатку XXI стагодзьдзя вобраз дамавіка стогадовай даўніны застаецца актуальным для вяскоўцаў старога веку. Вось запіс, зроблены ў Віцебскім раёне:

«Ляжу во гэтак на пячы, гляджу — выходзіць з-за печы маленькі касмацік. Валасы во гэткія вялікія, касматыя. Тады я назаўтра гавару во гэтай хазяйке: „Я відзела касмаценькага“. А яна гаворыць: „Гэта дамавік“. А ён выйшаў, я сама ня знаю, з-за печкі аднекуль. З-за печкі. Маленькі такі, як сабачка, як кот, і касматы, і касматы. Чорненькі. Як я глянула, так ён і уйшоў».

Каб патлумачыць этнографам, як выглядае дамавік, бабулі цяпер могуць спасылацца нават на тэлевізійныя вобразы. Так распавядала адна зь іх у Лепельскім раёне:

«Дамавыя ёсьць у кажнай хаце. Прыходзіць вот, аднекуль прыходзіць жа. І ёсць дамавыя, ёсць. Гэта точна, ёсць. А відзелі вы ў целевізары дамавога, відзелі? А ён там у рэкламе гаворыць. Там ядуць, а ён: „О, гэта і мне па ўкусу“. Ці відзелі вы ета кіно, не? І вот такі дамавы. Вусы такія кароценькія, а сам — касмаценькая тут галава, ногі і рукі, як нада».

— А дзе жыве дамавік, дзе ягонае ўлюбёнае месца ў хаце?

— Мы ўжо адзначалі, што вобраз дамавіка цесна зьвязаны з духам-апекуном хатняга ачага. Таму ва ўяўленьнях беларусаў ён найчасьцей суадносіцца зь печчу і можа жыць на печы, у падпеччы, і нават у коміне. Але паколькі апэратыўная прасторай дамавіка — уся сядзіба, то і знаходзіцца ён можа пад падлогай, пад каменем у двары ці на гарышчы хаты, дзе яго можна ўбачыць у чысты чацьвер, калі данесьці дадому з царквы запаленую ў часе службы сьвечку.

— Калі ўжо ўзгадалі царкву, то вельмі цікава даведацца: як ацэньвалі беларусы дамавіка з гледзішча хрысьціянскіх каштоўнасьцяў? Магчыма, ён разглядаўся як адзін з прадстаўнікоў «нячыстай сілы», як істота дэманічная?

— Праваслаўныя беларусы Падзьвіньня і Падняпроўя характарызуюць дамавіка як істоту надзвычай пазытыўную і, па вялікім рахунку, сакральную, боскую. Пры гэтым паказальна, што ўшанаваньне дамавіка абсалютна не канфліктуе і з хрысьціянскім веравызнаньнем, у ягонай асаблівай «народнай» рэдакцыі. Каб нас не зьвінавацілі ў папулярызацыі даўніх прымхаў, якія аджылі свой век, зьвернемся да экспэдыцыйных запісаў апошніх гадоў. Прыклад зь Сеньненскага раёну:

«Дамавік, дык гаварылі, што ў коміне жывець. Ну, крый Божа, яго не нада абіжаць. Крый Божа, не нада гаварыць дрэннага, а нада гаварыць харошае. Вот абычна на Каляды, вобшчам на гадавыя празнікі, іх 12 бальшых празнікаў. Дык на гэтыя празнікі нада чым-та ўгашчаць. Ну, можа, там якую аладку спеч. Ну, што гатовіш луччае сабе, нада што-та палажыць. На акно. Ложуць на акно. А на Вяліканне нада яйко краснае палажыць. А на Каляды якую цукерачку палажу. Калі ён прыяў усяму добраму ў гэтай хаце, то яго забіралі з сабой, забіралі з сабой (у новую хату). На ноч клалі мяшок, раскрывалі той мяшок. А наўтра ўжо, як перахадзілі, і мяшок гэты забіралі. А той мяшок клалі кала печы. Ну канешна, кала печы. Раз ён там жывець, і клалі кала печы».

Зусім іншае стаўленьне да дамавіка ўласьцівае каталікам, якія ня толькі трактуюць яго як праяву нячыстай сілы, але і крытычна ставяцца да праваслаўных зь іх ляяльным стаўленьнем да міталягічнага гаспадара. Вось запіс, зроблены ў Ваўкавыскім раёне:

«Расказывалі ў праваслаўных, што хадзілі дамавыя... Што ходзіць па гары, брашчыць, — гэто я чула гутарку, што хто-та там ходзіць у іх. Ну да там не прызнаюць яны нічого. Кажуць: „Нічого страшного, то дамавы ходзіць...“ А ён там ходзіць і брашчыць, і брашчыць нячысты дух. Каторы чалавек тамака ўмрэ, <...> вялікі грашнік <...>, то ўжэ нечысты дух ходзіць і там брашчыць».

— Але ў ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя беларуская вёска перажывае карэнныя зьмены, усё больш вяскоўцаў пераяжджае ў горад. І нават старыя людзі перабіраюцца ў гарадзкія кватэры сваіх дзяцей. А ці ёсьць у горадзе месца для дамавіка?

— Зразумела, што гарадзкая кватэра, у адрозьненьне ад вясковай хаты, гэта не мікракосмас, але прыстасаваньне для жыцьця з большым ці меншым узроўнем камфортнасьці. Не знайсьці ў гарадзкой кватэры і печы, якую так любіць дамавік. Але для вясковага чалавека сакральная адухоўленасьць прасторы ягонага быцьця па-ранейшаму застаецца надзвычай важнай. Прывяду аповед віцебскай бабулі, якую дачка забірае зь вёскі на зіму:

«Дамавік ёсць, у каждай хаце ёсць. Ён добры, калі яго не абідзіш. Нада ўсягда па харошаму яго зваць: «Дамавушка». Ён камандуець усімі ў доме. Як у новую хату пераязджалі, звалі яго з сабой. Ёсць дамавік. Дамавічок. Я, как уезжаю, ўсягда яго з собой забіраю із горада — сюда. Атсюда уязжаю, гавару: «Дамавічок, паехалі дамой». Хату нада асвяшчаць святой вадой, акрапіць вадой усё. А дамавушка святой вады не баіцца. Ну, і словамі звалі дамавушку: «Гасподняй воляй, Гасподняй воляй, жыві ў маей хаце, каб у мяне ўсё было ўсё харашо і шчасьліва, добра і ўсё. І маіх чадаў, маіх дзяцей храні».

— Падагульняючы нашу размову, давайце акрэсьлім асноўныя характарыстыкі дамавіка, якія і сталі грунтам яго ўстойлівага шанаваньня ў народзе.

— У народных аповедах асабліва падкрэсьліваюцца куратарскія, апякунскія функцыі дамавіка, які спрыяе дабрабыту ў доме ў залежнасьці ад таго, наколькі паводзіны яго жыхароў адпавядаюць норме, але зусім не міталягічнай, бо размова ідзе пра эталён парадку, які прыняты ў традыцыйнай супольнасьці (дружная сям’я, адсутнасьць сварак, лаянак, павага да старэйшых, працавітасьць і да т.п.). Таму і статус дамавіка ў традыцыйнай карціне сьвету быў і дагэтуль застаецца пазытыўным.

Паказальны запіс зь Лепельскага раёну:

«Казалі, вот у хаце жывець дамавік. Калі ты добра слухаеш бацькоў, добра дзелаеш, ён табе будзець дзелаць дабро, і ты ня бойся яго. А калі ты будзеш непаслухмяны, работку ня будзеш рабіць, то і дамавічок дрэнны будзець. Баілі так. Дамавік — гэта не нячыстая сіла. Гэта добры чалавечак жывець такі. Ён і дабро прыносіць, калі ты ўсё добрае, і ў доме ўсё добра. Мама казала, калі вы будзеце слухаць бацькоў і дамавічок будзець добры. Мама казала, нічога плахога ня дзелаець, калі ты сам добры».

Так казалі на Лепельшчыне, але мне падаецца, што гэта — унівэрсальнае правіла на ўсе вякі.

— Сучасны чалавек ужо мала ў што верыць. Навошта яму вера ў нейкага дамавіка? Што можа даць яму гэтая вера?

— Трэба проста ведаць, што ён, дамавік, ёсьць. І тады, магчыма, мы па-іншаму будзем ставіцца і да свайго жытла, і да сваіх блізкіх у гэтым жытле. І, безумоўна, ён павінен стаць адным з самых папулярных пэрсанажаў дзіцячай літаратуры, бо дамавік — акурат той прыклад, на якім трэба вучыцца жыць і ў дні сёньняшнім.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG