Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень «Маршу недармаедаў» у Менск прылятае старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ


Крыстынэ Мутанэн (Christine Muttonen)
Крыстынэ Мутанэн (Christine Muttonen)

Адразу расстаўлю акцэнты: наведваньне сталіцы Беларусі аўстрыйскім палітыкам Крыстынэ Мутанэн, якая зь лета мінулага году ачольвае Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, і правядзеньне ў гэты ж дзень у Менску «Маршу недармаедаў» — толькі супадзеньне.

Дата візыту дэлегацыі зь Вены, дзе месьціцца штаб-кватэра Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, была вызначаная раней за дату маршу ў Менску. Спадарыня Мутанэн ад імя Парлямэнцкай асамблеі мае намер падпісаць афіцыйнае пагадненьне паміж парлямэнцкай структурай АБСЭ і Нацыянальным сходам Беларусі аб правядзеньні 5–9 ліпеня ў Менску штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі. У гэтым дакумэнце будуць прапісаныя праграма і тэматыка сэсіі.

«Гэтае супадзеньне становіцца сымбалічным», — кажа Свабодзе адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

«Фармальна пра тое, што галоўны штогадовы форум Парлямэнцкай асамблеі пройдзе сёлета ў Менску, было вырашана яшчэ летась. Цяпер жа застаецца толькі падпісаць неабходныя дакумэнты, каб фармальнае рашэньне набыло статус афіцыйнага. І вось тут узьнікае пытаньне: ці пройдзе гэты форум у Менску? Наколькі я ведаю ад нашых эўрапейскіх партнэраў, калі 15 ці 25 сакавіка падчас акцыяў у Менску будуць правакацыі, будзе рэалізаваны сілавы сцэнар, то гэта паставіць пад удар правядзеньне ў сталіцы Беларусі летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі. На маю думку, прыхільнікі сілавога сцэнару ёсьць і ва ўладзе, і ў апазыцыі. Таму галоўнае зараз — пазьбегнуць правакацыяў.

Калі 15 ці 25 сакавіка падчас акцыяў у Менску будуць правакацыі, будзе рэалізаваны сілавы сцэнар, то гэта паставіць пад удар правядзеньне ў сталіцы Беларусі летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі

Я не выключаю, што сурʼёзныя правакацыі прывядуць да зрыву ўсяго дыялёгу, які цяпер беларускае кіраўніцтва спрабуе наладзіць з уплывовымі міжнароднымі структурамі».

У камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Свабодзе паведамілі, што Крыстынэ Мутанэн прылятае ў Менск каля другой гадзіны дня 15 сакавіка. У складзе дэлегацыі таксама Генэральны сакратар Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Рабэрта Мантэла і ягоны намесьнік Густава Паярэс. У той жа дзень дэлегацыю супольна прымуць кіраўнікі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Андрэйчанка.

Падчас сустрэчы плянуецца абмеркаваць ня толькі правядзеньне сэсіі ў Менску, але і іншыя пытаньні супрацы парлямэнту Беларусі і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

У гісторыі ПА АБСЭ штогадовая сэсія ў Менску стане 26-й па ліку. А ў Беларусі, калі яна адбудзецца, то пройдзе ўпершыню.

«У дадзеным выпадку інтарэсы беларускай улады і кіраўніцтва Парлямэнцкай асамблеі супалі», — кажа Свабодзе дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Аляксандар Дабравольскі:

«Беларускія ўлады ўвесь час адчувалі, што яны з пункту гледжаньня эўрапейцаў знаходзяцца ў такім як бы клюбе няўдачнікаў. Стаўленьне да іх, у прыватнасьці да Нацыянальнага Сходу, шмат гадоў было нэгатыўнае. Бо шмат хто ў Эўропе ведае праўду пра беларускія выбары.

Таму ўладам так важна было атрымаць права правесьці ў сябе летнюю сэсію Парлямэнцкай асамблеі. Гэта ў іх вачах безумоўна падымае іхны аўтарытэт і дае магчымасьць паказаць жыхарам Беларусі, што мы гэткія самыя дэпутаты, як і іншыя.

А ў Вене, дзе месьцяцца кіроўныя структуры АБСЭ, улічваюць геапалітычную сытуацыю. Як бы там ні было, але ж Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, дагэтуль фармальна не прызнала ні Абхазію, ні Паўднёвую Асэтыю як сувэрэнныя краіны. Не падтрымала беларускае кіраўніцтва і некаторыя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. У АБСЭ гэта бачаць. І Эўропа хоча выкарыстаць гэта і нават узнагародзіць праз правядзеньне сэсіі ў Менску беларускае кіраўніцтва».

Раней Беларусь старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ наведвалі двойчы — у 2009 годзе Жуан Суарыш, у 2012 году Рыкарда Мільёры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG