Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкаму не надрукуюць выбарчую праграму — не адпавядае Выбарчаму кодэксу


Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі

Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня ў гэтыя дні выступаюць на радыё і тэлебачаньні, праводзяць пікеты, арганізоўваюць сустрэчы з выбарцамі і нават абыходзяць кватэры.

«Вечерний Минск» адмовіўся друкаваць праграму Юрыя Хашчавацкага

Пра гэта Свабодзе распавяла юрыст Антаніна Кавалёва:

«У пятніцу, 19 жніўня, я як давераная асоба Юрыя Хашчавацкага аднесла ягоную праграму ў рэдакцыю „Вечернего Минска“. Там у мяне яе прынялі і паведамілі, што зарэгістравалі за № 51... І раптам сёньня мне патэлефанавала рэфэрэнт з прыёмнай рэдакцыі і паведаміла, што на імя Юрыя адпраўлены поштай ліст з паведамленьнем пра тое, што ягоная перадвыбарчая праграма ня можа быць апублікаваная, бо не адпавядае артыкулам 47 і 75 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

У артыкулах 47 і 75 гаворыцца, што праграма кандыдата не павінна зьмяшчаць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці, заклікаў, якія падбухторваюць або маюць сваёй мэтай падбухторваньне да зрыву, адмены або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абразаў і паклёпу ў дачыненьні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у дэпутаты.

На думку самога Хашчавацкага, у ягонай праграме няма ніякага парушэньня названых нормаў. Афіцыйна зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты мяркуе, што рэдакцыі мог не спадабацца, напрыклад, наступны пасаж зь ягонай праграмы:

«20 гадоў мы жывем у рэжыме адзінаўладзьдзя, і рашэньні прымае адзін ня вельмі адукаваны чалавек, галоўнай мэтай якога зьяўляецца не разьвіцьцё Беларусі, а ўтрыманьне асабістай, нічым не абмежаванай улады».

Крытыка і пахвала для «ананімных» кандыдатаў

Намесьнік старшыні Дзяржынскага райвыканкаму Аляксандар Чага завочна скрытыкаваў лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева і адначасова пахваліў праўладнага кандыдата, дырэктара «Дарбудіндустрыі» Юрыя Лобача. Але чыноўнік зрабіў гэта, не назваўшы ніводнага канкрэтнага прозьвішча.

У інтэрвію дзяржынскай раённай газэце «Ўзвышша» спадар Чага апавёў пра тое, як кандыдаты ў дэпутаты праводзяць перадвыбарчую кампанію:

«Сваю актыўнасьць кандыдаты праяўляюць па-рознаму. Хтосьці распавядае пра тое, што бачыць канкрэтныя мэты дзяржаўнага ўзроўню, ажыцьцяўленьне якіх дазволіць вырашаць праблемы і ў нашым раёне. Напрыклад, па дарожным будаўніцтве — пашырэньне ня толькі магістраляў рэспубліканскага значэньня, але і павелічэньне тэмпаў асфальтаваньня вуліц, пракладкі мастоў.

У сфэры сацыяльнага забесьпячэньня — захады для павелічэньня тэмпаў будаўніцтва новых і рэканструкцыі існуючых школ, бальніц, дзіцячых садкоў. І так — па кожным пытаньні.

У іншага кандыдата іншы падыход — ён сам задае сабе пытаньні, для адказу на якія ён ня мае ні паўнамоцтваў, ні абʼектыўнай інфармацыі. Навошта шматслоўна разважаць пра тое, як зрабіць так, каб плацілі больш. Бо адказ відавочны — лепш працаваць альбо вывучыць абʼявы пра наяўныя вакансіі на рынку працы».

Андрэй Дзьмітрыеў палічыў зьяўленьне гэтага інтэрвію сваім посьпехам і патлумачыў гэта Свабодзе так:

«Са мной завочна дыскутуе намесьнік кіраўніка Дзяржынскага раёну, прасоўваючы свайго кандыдата ад «партыі чыноўнікаў». Праўда, робіць ён гэта занадта крыва, забываючыся, што ў акрузе намінальна тры кандыдаты, а ня два. Але паколькі кандыдат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі ня вельмі актыўна вядзе сваю кампанію, то барацьба ідзе паміж мной і «партыяй чыноўнікаў».

Усе кандыдаты пагадзіліся на дэбаты

Сьвіслацкая выбарчая акруга № 94 можа стаць унікальнай з усіх 110 акругаў, дзе абіраюцца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Калі бліжэйшым часам тут нічога ня зьменіцца, то ў тэледэбатах на канале «Беларусь-3» будуць удзельнічаць усе сем прэтэндэнтаў, якія зарэгістраваныя ў гэтай акрузе.

Пра такую магчымасьць Свабодзе сёньня распавёў адзін з кандыдатаў — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч:

«Я ведаю, што ніхто з прэтэндэнтаў не адмовіўся ад дэбатаў на блакітным экране. Таму мяркую, што дыскусія будзе вострая і цікавая».

У Сьвіслацкай акрузе балятуюцца загадчыца дзіцячага садку Алена Бухарцава (КПБ), амбасадар у Аўстрыі Валер Варанецкі (беспартыйны), Алег Гайдукевіч (ЛДП), старшы выкладчык БДУ Андрэй Іваноў (беспартыйны), дырэктар «Мэталоптзбыту» Максім Крупейчанка (беспартыйны), дырэктар установы «Эфэктыўнае кіраваньне будынкамі» Уладзімер Навасяд (беспартыйны), пэнсіянэр Юры Хашчавацкі (АГП).

Шчоткіна пакіне міністэрскую пасаду

Марыяна Шчоткіна
Марыяна Шчоткіна

Міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марʼяна Шчоткіна прадставіла абавязаньне ў выпадку свайго абраньня ў Савет Рэспублікі пакінуць паўнамоцтвы сябры ўраду.

Пра гэта паведаміла 23 жніўня старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына:

«Сябры ўраду ня могуць уваходзіць у Савет Рэспублікі. Таму яны даюць абавязаньне ў выпадку абраньня пакінуць свае паўнамоцтвы ва ўрадзе. Падобнае абавязаньне Марʼяна Шчоткіна прывяла».

Савет Рэспублікі — вышэйшая палата Нацыянальнага сходу Беларусі. У яе ўваходзяць 64 асобы. Пры гэтым 56 чалавек абіраюцца ад абласьцей і Менску, а яшчэ 8 прызначае прэзыдэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG