Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму рэйтынг Лукашэнкі не абваліўся таксама на 40%?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Прэсавая служба кіраўніка Беларусі паведамленьне празь БЕЛТА пра ягоную сустрэчу з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым і старшынём праўленьня Нацыянальнага банку Паўлам Калаўрам пачало такімі словамі: «Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка арыентуе ўрад і Нацбанк на захаваньне намечаных у першым квартале 2015 станоўчых тэндэнцыяў у эканоміцы».

Я спачатку ня даў веры, падумаў, што гэта нейкі фэйк, жарт з нагоды Дня сьмеху. Але не, пра «станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы» гаворыцца на поўным сур’ёзе. Гэта ў момант, калі, паводле ацэнак незалежных экспэртаў, краіна ўступіла ў самы глыбокі эканамічны крызіс за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі.

Сакавіцкае сацыялягічнае дасьледаваньне НІСЭПД паказала, што большасьць насельніцтва адчувае наяўнасьць крызісу ў краіне. Але што гэта крызіс самой беларускай мадэлі, сыстэмы, увогуле таго палітычнага курсу, які праводзіў усе гэтыя гады Лукашэнка, — такога разуменьня няма.

Усе незалежныя мэдыі паведамілі, што рэйтынг Лукашэнкі ўпаў. Аднак маштаб падзеньня зусім не адпавядае маштабу крызісу. Нагадаю, што дэвальвацыя адбылася на 40%, заробкі зьменшыліся на траціну (з 600 да 400 даляраў у месяц). Пачаліся масавыя звальненьні.

А адкрыты рэйтынг Лукашэнкі ўпаў усяго толькі на 6% (з 40% у сьнежні да 34,2% у сакавіку). Пры тым, што закрыты рэйтынг — 36,9%. А менавіта закрыты рэйтынг (калі рэспандэнту даюць сьпіс з прозьвішчамі) больш адэкватны, бо мадэлюе сытуацыю на выбарчым участку. Давяраюць прэзыдэнту 48,8% (не давяраюць — 39,9%). 36% апытаных згодныя з Лукашэнкам, які сказаў, што беларусы ніколі так добра не жылі, як цяпер.

Вось жа, калі зважыць на глыбіню эканамічнага крызісу, то паказчыкі для ўлады зусім ня дрэнныя. І калі сацыялягічнае статус-кво захаваецца на паўгода, то з дапамогай палітычнай мабілізацыі, якая адбываецца падчас электаральнай кампаніі, дзейны кіраўнік да лістапада можа дацягнуць свой рэйтынг да 50%. Магчыма, і не спатрэбіцца друкаваць грошы, каб павялічваць заробкі.

Нагадаю, што ў 2011 годзе рэйтынг Лукашэнкі ўпаў да 20%.

З чым зьвязаны адносна высокі давер да рэжыму Лукашэнкі нават ва ўмовах крызісу? Па-першае, уладам удалося ўпэўніць шмат беларускіх грамадзян у тым, што гэта, як кажа Лукашэнка, крызіс ня наш, ён прыйшоў звонку, найперш з Расеі. Усе бачаць, што ўсясьветныя цэны рэзка ўпалі, расейскі рубель паваліўся. Маўляў, нашы ўлады тут не вінаватыя. Нагадаю, што ў 2011 годзе, калі рэйтынг Лукашэнкі зваліўся да 20%, нідзе за межамі Беларусі крызісу не было, людзі гэта бачылі.

Другі чыньнік, які дзейнічаў увесь 2014 год, — гэта вайна ва Ўкраіне. Ён працягвае ўплываць. Да таго ж толькі што адбыўся вядомы саміт у Менску па ўрэгуляваньні канфлікту вакол Украіны, візыт сюды Мэркель і Алянда, вакол якіх мітусіўся беларускі лідэр. Гэта таксама дадало яму бонусаў.

Але, мусіць, ёсьць і нейкія глыбінныя мэнтальныя фактары, якія ўключылі спрыяльныя для ўлады кампэнсатарныя мэханізмы. Варта адзначыць, што павялічыліся прарасейскія настроі і зьменшылася сымпатыя да ЭЗ. То бок на глебе ўкраінскага крызісу, канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам абвастрыўся глябальны канфлікт паміж каштоўнасьцямі.

Амаль палова расейцаў гатовыя прыняць таталітарызм сталінскага гатунку і вярнуцца ў яго!

Я зьвярнуў увагу на такі паказальны факт. Паводле дасьледаваньня «Лявада-цэнтру», тры гады таму чалавечыя страты ў эпоху Сталіна апраўдвалі 25% жыхароў Расеі, а цяпер — 45%! Амаль палова расейцаў гатовыя прыняць таталітарызм сталінскага гатунку і вярнуцца ў яго! У ГУЛАГ. Трэба было здарыцца гэтаму канфлікту вакол Украіны, трэба было ўзьняцца шавіністычнай прапагандысцкай хвалі, каб з глыбінь падсьвядомасьці павылазіла тое, што ў звычайнай сытуацыі там мірна сьпіць. А менавіта — нянавісьць да свабоды і прыхільнасьць да моцнай улады.

Гэтая расейская хваля праз тэлеканалы нейкім краем захапіла і Беларусь. Калі на першы плян выходзіць пытаньне каштоўнасьцяў, то праблемы цэнаў, заробкаў, дэвальвацыі адыходзяць убок. Гэта і зьмікшавала адмоўныя для ўлады наступствы эканамічнага крызісу.

Зразумела, я выказваю толькі гіпотэзу. Якая патрабуе больш глыбокага абгрунтаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG