Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчыну выклікалі адразу ў тры менскія суды за плякат «Самі вы падробка»


Віка Біран ля Дому ўраду, 24 траўня

Сузаснавальніца гендэрнага праекту Makeout Віка Біран 24 траўня выйшла з плякатам «Самі вы падробка» да менскага Дому ўраду і будынкаў Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Як сьцьвярджае яе знаёмы на Facebook, яе за гэта чакаюць тры суды ў розных раёнах.

Віка Біран апублікавала тры фота – па адным каля кожнага з будынкаў. Спачатку ёй прыйшла позва за «масавае мерапрыемства – адзіночны пікет» з РУУС Маскоўскага раёну, у якім знаходзіцца Дом ураду.

Але пасьля прыйшлі позвы зь яшчэ двух раёнаў: Цэнтральнага, у якім знаходзіцца будынак МУС, і Ленінскага, у якім знаходзіцца сквэр насупраць КДБ (сам будынак КДБ у Цэнтральным раёне).

Як сьцьвярджае сябра Біран Нік Анціпаў, цяпер яна знаходзіцца з навучальным візытам у ЗША, таму ня можа прысутнічаць на судах. Яна ўжо прасіла перанесьці дату суду на час, калі вернецца са Штатаў.

Яна таксама дапускала, што кожнае фота з паста будуць разглядаць як асобнае правапарушэньне. За парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў паводле арт. 23.34 КаАП пагражае штраф да 40 базавых велічыняў — 980 рублёў.

Што важна ведаць​

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 30 траўня старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала «навязваньне ЛГБТ» і «паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі».

«Жыве Беларусь!» і ЛГБТ. Пра самыя страшныя страхі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG