Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Беларусь!» і ЛГБТ. Пра самыя страшныя страхі


Брытанская карыкатура на расейскую гамафобію
Брытанская карыкатура на расейскую гамафобію

Сусед-электрык кажа: «А я бачыў, як учора дзеці на тваім падворку крычалі “Жыве Беларусь!”, запісаў на відэа і адправіў куды трэба». Сусед жартуе, вядома. Страшныя словы! — кажу яму ў адказ. «Да-да, — пагаджаецца ён. — У гэтым уся наша бяда».

А тут старшынька «Моладзі БНФ» піша пра «навязьлівую прапаганду ЛГБТ», крытыкуе тых, хто выказвае актывістам ЛГБТ павагу, яе палохае і раздражняе «бясконцая ЛГБТ-сымболіка і гей-парады». Думаю, мой наструнены рускім тэлевізарам сусед і тут падпісаўся б пад кожным словам, бо «наступ лібэрастаў» страшыць яго ня менш, чым «Жыве Беларусь!».

Уся актыўнасьць ЛГБТ-супольнасьці зводзіцца да простага мэсыджу: мы ёсьць і нас за тое, што мы такія, ня трэба забіваць.

Асабіста я рускі тэлевізар не гляджу, затое шмат гадоў пражыў у тых самых «эўропах», дзе ні разу не сутыкаўся зь цьверджаньнем, што быць геем — добра. То бок, ні разу не сутыкаўся з тым, што можна было б назваць прапагандай. Уся актыўнасьць ЛГБТ-супольнасьці зводзіцца да простага мэсыджу: мы ёсьць і нас за тое, што мы такія, ня трэба забіваць. Старая Эўропа збольшага пагадзілася — ok, забіваць за гэта ня будзем.

Але гэта Эўропа, а тут — Беларусь, дзетка. Тут забіваюць, як забілі Пішчэўскага. Тут міністар у форме НКВД проста заходзіцца злосьцю ад таго, што ня можа сарваць вясёлкавы сьцяг з франтону брытанскай амбасады, а на дзяўчынку зь бяскрыўдным плякатам «Самі вы падробка» складаюць пратакол.

Вось якім чынам выглядаюць у Беларусі прыклады «навязьлівай гей-прапаганды» і «бясконцая ЛГБТ-сымболіка і гей-парады», якія крытыкуе старшынька «Моладзі БНФ». Іншых прыкладаў папросту няма. Варта было б дзяўчынцы перад тым, як рабіць такія заявы, самой выйсьці зь вясёлкавым сьцягам на праспэкт і быць зьбітай на горкі яблык. Ня ведаю толькі, хто б яе зьбіў першы — міністар у форме НКВД ці мой сусед-электрык. Напэўна, той, хто б пасьпеў першым.

Трэба сказаць, што для чалавека, занятага рэальнай справай, у тым ліку для адэкватнага палітыка тут няма ні тэмы, ні праблемы, ні страху. Беларусь і так сабе жыве, ЛГБТ хаваецца па завугольлях, застрашаная рускім тэлевізарам і палітычным рэжымам і выстаўленая імі на вочы публікі як ледзьве не галоўная праблема краіны. Але публіка з такім самым разрывам шаблёну можа разважаць і пра Колю Лукашэнку і пра тое, што зямля, аказваецца, насамрэч плоская.

Для адэкватнага палітыка праблема выбару ў першую чаргу — пра чалавека. Ці ёсьць нешта важнейшае за яго.

Для адэкватнага палітыка праблема выбару ў першую чаргу — пра чалавека. Ці ёсьць нешта важнейшае за яго. Калі ёсьць (а гэта можа быць улада або «скрэпы»), значыць, грамадзтва перабывае ў стане рэгрэсу, спаўзае з агульнага цывілізацыйнага шляху ў барбарства.

Зраблю высновы. Чаму згаданыя заявы кіраўнічкі «Моладзі БНФ» — гэта не пра Беларусь і на шкоду ёй? Дарэчы, старэйшы калега кіраўнічкі Алексей Янукевіч не пабачыў у заяве ніякай шкоды. Але давайце па пунктах.

Па-першае, гэта адмаўленьне гуманізму, эпоху якога Беларусь прайшла ў складзе Эўропы.

Па-першае, гэта адмаўленьне гуманізму, эпоху якога Беларусь прайшла ў складзе Эўропы. Чалавек у выніку стаў на першым месцы важнасьці. У Масковіі замест гэтай эпохі панавалі тыранія і «абшчыннае права». Немагчыма ўявіць сабе нешта падобнае ў Статуце ВКЛ ці ў прадмовах і пасьляслоўях Скарыны. Чалавек без гуманістычнага стрыжня ніколі ня будзе зацікаўлены ў адраджэньні мовы, як і ў якім заўгодна адраджэньні.

Па-другое, гэта навязаная Лукашэнкам падмена паняткаў, калі правы чалавека — гэта правы толькі ЛГБТ.

Па-другое, гэта навязаная Лукашэнкам падмена паняткаў, калі правы чалавека — гэта правы толькі ЛГБТ. У вачах паспалітых людзей змаганьне з «вычварэнскім» ЛГБТ — гэта змаганьне з «вычварэнскімі» правамі чалавека, якія Лукашэнка называе «надуманымі». Тэма права на жыцьцё, працу, мэдыцыну, адукацыю, мову і г.д. зьнікае з грамадзкага поля. І чым тады змагары з рэжымам адрозьніваюцца ад яго ў сутнасьці?

Па-трэцяе, Беларусь ва ўяўленьнях «БНФ» мусіць выпасьці з сусьветнае цывілізацыі ў вінтажныя часы барбарства і татальных забарон.

Па-чацьвертае, што ня так з БНФ? Абсалютная большасьць вядомых мне актывістаў беларускага сьвету ніколі не прагаласуюць за такую партыю, бо выбіраюць цывілізацыю, а не таталітарызм. Гэта значыць, што такой партыі трэба шукаць падтрымкі або ў дзейнага рэжыму або ў апалягетаў «русского мира». Навошта тады чапляць на сябе беларускую атрыбутыку і брэнды?

Па-пятае, у прынцыпе, самае важнае. Змаганьне з ЛГБТ — гэта галоўнае, калі не адзінае, прынамсі, самае яркае, што можна сказаць пра дзейнасьць гэтага «БНФ».

Трэба разумець, што мы ўсе не «жывем тут разам узьліпку», а суіснуем. Бо мы розныя. Калі цябе чапляе «ЛГБТ-прапаганда» — ты латэнтны гей. Падумай пра гэта. Лічыць, што гэтая «прапаганда» можа зьмяніць цябе, тваіх дзяцей, тваю супольнасьць — усё адно, што палохаць бабаем, які жыве ў цёмнай каморы. І невялікая з гэтага ўсяго бяда, калі б «апазыцыя» ў сваім цемрашальстве не злучалася зь дзейнаю ўладай і «русским миром», а значыць, не ўяўляла б сабою ніякай альтэрнатывы, займаючы пры тым месца адэкватных беларускіх палітыкаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG