Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 100 сябраў БСДП пакінулі партыйныя шэрагі. Кіраўніцтва лічыць гэта правакацыяй


Алег Шабетнік
Алег Шабетнік

10 верасьня ў Рэчыцы на Гомельшчыне сабраліся блізу трох дзясяткаў сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з розных рэгіёнаў Беларусі, каб абмеркаваць сытуацыю ў партыі. Пра гэта паведаміў мясцовы партыйны актывіст Алег Шабетнік.

Падчас размовы было выказана меркаваньне: БСДП загрузла ва ўнутраных разборках, у шэрагах сацыял-дэмакратаў пануе нездаровая атмасфэра. Перш за ўсё гэта тычыцца таго, што кіраўніцтва партыі на чале з Ірынай Вештард «душыць ініцыятывы» рэгіянальных арганізацый, накіраваныя на актыўную працу з грамадзтвам. За апошні час з кіраўніцтва партыі пад рознымі прычынамі былі выціснутыя актыўныя сябры БСДП — лідэры Гомельскай і Гарадзенскай абласных арганізацый Алег Шабетнік і Алег Рамашкевіч, каардынатаркі жаночай працоўнай групы «Жанчыны БСДП» Валянціна Болбат і Жанна Семянтовіч, кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Яўген Вільскі.

Алег Шабетнік кажа, што кіраўніцтва «трэціруе» ня толькі асобных партыйцаў, але і цэлыя арганізацыі. Так, сёлета актывісты з Рэчыцы тройчы праводзілі ўстаноўчы сход раённай арганізацыі БСДП — і тройчы прэзыдыюм партыі адмаўляў у зацьвярджэньні прынятага рашэньня.

«Лічым, што ў такіх умовах партыя няздольная рэалізаваць свае праграмныя мэты, тактычныя ўстаноўкі, наладзіць жывую працу з грамадзтвам. Застаючыся вернымі прынцыпам і ідэалам сацыял-дэмакратыі, мы прымаем рашэньне выйсьці са складу БСДП, кіраўніцтва якой груба топча ня толькі ўнутрыпартыйную дэмакратыю, але і элемэнтарныя нормы чалавечых узаемаадносін», — падсумаваў Шабетнік.

З партыі па ўсёй Беларусі выйшлі больш за 100 яе чальцоў. Да 28 чалавек, якія прысутнічалі на нядзельным сходзе, далучыліся сябры БСДП па Гомельскай вобласьці — 68 партыйцаў. Таксама пакінулі шэрагі БСДП многія чальцы ў Віцебскай вобласьці і частка на Гарадзеншчыне.

«Разам з тым мы ўпэўненыя: у БСДП, асабліва ў яе рэгіянальных арганізацыях, засталося шмат нашых таварышаў, сапраўдных партыйцаў — сумленных, актыўных, добрапрыстойных. Мы згортваем нашы партыйныя сьцягі, каб перадаць іх Берасьцейскай абласной арганізацыі, якую лічым годнай імя сацыял-дэмакрата», — падсумоўвае Алег Шабетнік.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Генэральны сакратар БСДП Мечыслаў Грыб лічыць агучаныя праблемы надуманымі, а рэальныя мэты завадатараў, на яго перакананьне, — захоп кіраўнічых пасадаў і «прыватызацыя» партыі:

«Такія, як Шабетнік, хочуць любым шляхам захапіць партыю, пралезьці ў яе кіраўніцтва. Паводзіны іх непрыстойныя, ваяваць няма з кім. У Ірыны Вештард апошні тэрмін на пасадзе, яе паўнамоцтвы завяршаюцца ў наступным сакавіку. Калі ласка, выбірайце іншага. Яна адбыла свае тры тэрміны і больш ня будзе. Дык што вы зараз крычыце, ня можна пачакаць пару месяцаў? Вылучайцеся, даказвайце. Не, давай усё ламаць, крышыць. Хоць асабіста я да іх заяваў стаўлюся спакойна. Хай выходзяць з партыі, арганізоўваюць сваю, рэгіструюцца. Але гэта ня значыць, што можна выяжджаць на іншых».

Адраджэньне сацыял-дэмакратыі ў Беларусі пачалося больш за чвэрць стагодзьдзя таму. У 1990 годзе група інтэлігентаў — Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, Анатоль Сідарэвіч — прыйшла да высновы, што настаў час адрадзіць рух.

2 сакавіка 1991 году ўтварылася Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Побач зь Міхасём Ткачовым, якога абралі старшынёй партыі, у кіраўніцтва БСДГ увайшлі Алег Трусаў, Анатоль Гурыновіч, Мікола Статкевіч, Віталь Малашка ды іншыя.

Адначасна сацыял-дэмакратычныя тэндэнцыі ўзьніклі ў іншай групы аднадумцаў. Леанід Лойка, Уладзімер Бажанаў, Аляксей Кароль, Аляксандар Казулін, Васіль Даўгалёў, Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка заснавалі Партыю народнай згоды. У красавіку 1992 году кіраўніком абраны Карпенка.

БСДГ і ПНЗ паступова збліжаліся. У 1995-м быў створаны Сацыял-дэмакратычны Саюз, да абʼяднаўчага працэсу падключыліся беспартыйныя дзеячы, у прыватнасьці старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб.

29 чэрвеня 1996 году адбыліся нечарговыя зьезды БСДГ і ПНЗ, якія пастанавілі, што абедзьве партыі маюць зьліцца ў адну Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народную Грамаду).

У БСДП не ўвайшлі прапрэзыдэнцка настроеныя сябры ПНЗ, а таксама прыхільнікі лібэралізму ў БСДГ і ПНЗ, у тым ліку Трусаў, Карпенка, Ганчар. Узначаліў партыю Мікола Статкевіч, але спрэчкі і ўнутрыпартыйная барацьба не спыняліся. У 2001 годзе шэрагі партыі пакінула амаль палова чальцоў. Празь нейкі час нахлынула другая хваля крызісу, на пачатку 2005 году старшынёй быў абраны Анатоль Ляўковіч. У тым жа годзе БСДП была перарэгістравана як Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). На нечарговым зьезьдзе новым лідэрам абраны Аляксандар Казулін.

Пасьля таго як Казулін паступова адышоў ад палітыкі, новым кіраўніком стала Ірына Вештард, якая ўзначальвае партыю ад 2011 году. Дагэтуль стаяла на чале Гарадзенскай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG