Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітыка мужчын жорсткая». «Пэнсіянэркі гуляюць у палітыку» — спрэчка пра жаночую партыю


Валянціна Болбат і Ірына Вештард

У Менску адбылося паседжаньне аргкамітэту партыі «Жаночая альтэрнатыва». За што будзе змагацца новая партыя і з кім? Удзельнікі «Экспэртызы Свабоды»: адна з ініцыятарак «Жаночай альтэрнатывы» Валянціна Болбат і старшыня БСДП «Грамада» Ірына Вештард.

Гурневіч: Абедзьве ўдзельніцы праграмы — сацыял-дэмакраткі, але невядома, ці надоўга ёю застанецца Валянціна Болбат. Яна зьяўляецца ініцыятаркай стварэньня партыі «Жаночая альтэрнатыва».

Спадарыня Валянціна, спачатку патлумачце нам, ці будзеце вы яшчэ заставацца сябрай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі?

Болбат: Справа ў тым, што і Статутам, і заканадаўствам забаронена быць сябрам дзьвюх палітычных структураў. «Жаночая альтэрнатыва» пакуль аргкамітэт, і калі я ўзяла на сябе абавязкі займацца справамі там, перада мной паўстала пытаньне сяброўства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Гэтае рашэньне не аднаго дня, я да гэтага ішла дастаткова доўга, і, зразумела, зараз мне прыйдзецца рабіць выбар. Ну і па сутнасьці гэты выбар зроблены.

Гурневіч: Спадарыня Ірына, сацыял-дэмакраты ў сьвеце ўвогуле вядомыя тым, што правы жанчын, іх інтарэсы, ставяць вельмі высока. Чаму так сталася, што адна з сябровак вашай партыі пакідае яе? Відаць, вы мала гэтай справе надавалі ўвагі? Пры тым, што вы — старшыня партыі.

Жанчыны, якія сёньня фактычна на пэнсіі, вырашылі стварыць новую партыю.

Вештард: Ну які ж салдат ня марыць быць генэралам? Але прашу зьвярнуць увагу: салдат. Ну, жанчыны, якія сёньня фактычна на пэнсіі, вырашылі стварыць новую партыю, пагуляць у палітыку. Я да гэтага стаўлюся, натуральна, вельмі неадназначна. Як бы тут не пакрыўдзіць нікога. Такое ўражаньне, што можа стварыцца толькі партыя пэнсіянераў. І хачу сказаць, што звычайна стварыць новую эфэктыўную палітычную структуру імкнуцца ў першую чаргу кіруючыся колам апазыцыйнага поля, ужо існых структураў.

Гурневіч: Спадарыня Валянціна, прагучала дастаткова вострае абвінавачаньне. Што вы на гэта скажаце?

Валянціна Болбат
Валянціна Болбат

Болбат: Я вам скажу шчыра, што, па-першае, паварот адносна ўзросту і іншых дэталяў мне падаецца проста некарэктным. Я не хачу працягваць у такім кантэксьце размову, бо, прабачце, калі паглядзець сёньня на кіраўніцтва нашай партыі, на прэзыдыюм, гэта людзі ўжо далёка пэнсійнага ўзросту. Але я хачу нагадаць спадарыні Ірыне, яна ўпэўнена са мной пагадзіцца, што тыя людзі, якія сёньня сышлі на пэнсію, гэта вельмі актыўная частка насельніцтва. Такіх людзей у нас шмат. І шмат жанчын, якія сёньня, выйшаўшы на пэнсію, могуць займацца актыўна палітычнай і грамадзкай працай.

Валянціна Болбат і Ніна Стужынская — жанчыны, якія вынесьлі ідэю на абмеркаваньне. Сярод прысутных на гэтай сустрэчы была большасьць маладых людзей. І рэч ня ў тым, што Валянціне Болбат ці Ніне Стужынскай захацелася, выйшаўшы на пэнсію, адзець пагоны генэрала. Прабачце, калі б было гэта жаданьне, то яно б было даўно і Стужынскай зьдзейсьнена, і тым больш мной, бо некалі Ірыну Зянонаўну на пасаду старшыні партыі прэзэнтавала Валянціна Болбат і ўгаварыла яе, каб яна занялася гэтымі справамі.

Шмат жанчын, выйшаўшы на пэнсію, могуць займацца актыўна палітычнай і грамадзкай працай.

Сярод маладых жанчын, якія былі на нашай сустрэчы, і ў Беларусі, шмат вельмі актыўнай моладзі, і мая ўпэўненасьць, што справа сёньня за маладымі. Мы пачнем шукаць гэты шлях, а калі заўтра мы ўбачым, што да нас прыйдуць людзі, а яны прыйдуць, я ўпэўненая, то размова ні пра якія генэральскія пасады ісьці ня будзе. У нас размова ідзе пра працу, пра канкрэтныя праблемы, якія хвалююць жаночую сацыяльную групу, і якія на жаль на сёньня ў той жа сацыял-дэмакратычнай партыі, якой кіруе жанчына, засталіся недзе на ўзбочыне.

Гурневіч: Спадарыня Валянціна, скажыце, чым ваша партыя мае займацца? Якія інтарэсы жанчын вы адстойваеце, таму што ў прынцыпе жанчыны — гэта грамадзяне Беларусі. Іх датычаць тыя самыя законы, што і мужчын. Змагацца за выкананьне законаў трэба паводле полавай прыкметы? Ці праходзіць гэтая лінія падзелу менавіта па полу?

Болбат: Справа тут нават не ў полавым падзеле — вось мы жанчыны, вы мужчыны, і два лягеры, якія распачнуць паміж сабой бойку. Не, невыпадкова на нашай сустрэчы прысутнічалі мужчыны. Хопіць працы ўсім, таму што на самой справе ёсьць проста праблема жанчын, але гэта ня толькі праблема жанчын. Скажыце калі ласка, гвалт у сям’і — гэта толькі праблема мая як жанчыны ці і таго ж мужчыны, які чыніць гэты гвалт? Тое, што жанчына сёньня зарабляе нашмат меней, а адукаваных жанчын у Беларусі нашмат больш, гэта толькі праблема жанчын Беларусі? Ці тое, што сёньня ва ўладзе 6% жанчын у органах кіраваньня дзяржаўнага?

Сёньня палітыка больш мужчынская, яна больш жорсткая.

Праблема беспрацоўя малых гарадоў. Сёньня палітыка больш мужчынская, яна больш жорсткая. І не заўсёды мужчыны ўважліва ставяцца да тых — я не скажу прапаноў — а праблем, з якімі выходзяць жанчыны і пра якія яны кажуць, што трэба вырашаць.

Гурневіч: Спадарыня Ірына, Ніна Стужынская сказала ў інтэрвію, што ніводная з партыяў за час свайго існаваньня не выпрацавала пазыцыі ў пытаньні аб правах жанчын. Скажыце як сацыял-дэмакратка, старшыня партыі, ці праўда гэта?

Вештард: Я ва ўсялякім разе адназначна зусім не перашкаджаю жанчынам працаваць. У нас ёсьць плян, у нас ёсьць жаночая група, у нас ёсьць кіраўніцтва, і я зусім не перашкаджала. І плян гэты складаць не перашкаджала, і не перашкаджаю кіраўніцтву працаваць. Ніколі не сьпяшаюся, калі зьбіраюцца там усялякія нарады, сустрэчы, мерапрыемствы, там быць палкаводцам.

Маладым павінны даваць дарогу, а ў партыі павінны працаваць і жанчыны, і мужчыны.

У дадзеным пытаньні прадстаўленая поўная свабода жанчынам. І калі нехта будзе казаць, што я перашкаджала, ці спрабавала кіраваць, умешвалася — не верце ў гэта. У нас у партыі выходзіць часопіс жаночы «Адлюстраваньне», актыўна запрашаем жанчын удзельнічаць у розных выбарчых кампаніях, партыйных мерапрыемствах. Мы зусім нікому не перашкаджаем сустрэцца, абмеркаваць пытаньне, выпрацаваць нейкую лінію. І я зусім не стаўлюся да гэтых пытаньняў прымхліва. Маладым павінны даваць дарогу, а ў партыі павінны працаваць і жанчыны, і мужчыны.

Гурневіч: Спадарыня Валянціна, Ірына сказала, што ў партыі з гэтым не было праблемаў, і вы таксама маглі б там сябе рэалізоўваць. Тым не менш, вы ствараеце партыю, улічваючы, што гэта будзе стварэньне ў аўтарытарнай краіне, дзе няма свабодных выбараў. Навошта тады ўсё ж такі ствараць гэта?

Болбат: Я абсалютна згодна з тым, што сёньня сытуацыя ў Беларусі складаная для ўтварэньня ня толькі партыі, але нават для простага грамадзкага аб’яднаньня з сацыяльнымі пытаньнямі. Але трошкі трэба глядзець наперад. Сытуацыя можа памяняцца. На гэта мы не вельмі і спадзяемся, але такое можа быць. Я бачу, што наш выхад павінен быць больш шырокім. Канешне, тут таксама будуць і ёсьць праблемы. У нас сёньня ёсьць магчымасьці працаваць з людзьмі. І калі кажаш пра нейкую жаночую ініцыятыву, жаночую арганізацыю, то людзі хутчэй прыйдуць і адгукнуцца на ўдзел у нейкіх мерапрыемствах.

Партыйныя структуры, якія сёньня існуюць у Беларусі, маюць шлейф непасьпяховасьці.

Скажу яшчэ тое, што можа ня вельмі спадабаецца Ірыне. Партыйныя структуры, якія сёньня існуюць у Беларусі, маюць шлейф непасьпяховасьці. Нягледзячы на свой пэнсійны ўзрост і тых людзей, якія сталага, майго ўзросту, у нас яшчэ ёсьць жаданьне нешта зрабіць. Трэба, нягледзячы на складаную сытуацыю, кантактаваць і з прадстаўнікамі органаў улады, бо ў замкнутай прасторы мы нічога ня зробім.

Гурневіч: Спадарыня Ірына, прагучала думка, што за вашай партыяй і ня толькі цягнецца шлейф беспасьпяховых дзеяньняў. А як вы бачыце гэтую «Жаночую альтэрнатыву»? Ці ёсьць шанец неяк прабіцца, сапраўды неяк заняць сваё месца ў палітычным полі краіны?

Ірына Вештард
Ірына Вештард

Вештард: Добра, што ёсьць амбіцыі. Яны часам нараджаюць канфлікты. Амбіцыі гэта жаданьне быць лідэрам. Але я яшчэ раз падкрэсьлю: гэта добра. Я ня веру на дадзены момант, што зьявіцца нейкая жаночая партыя, якая рашуча зробіць перамены ў дзяржаве. Я веру ў тое, што зрабіць гэта можна разам, аб’яднаўшыся, знайшоўшы правільныя кантакты паміж існуючымі структурамі, узмацніўшы іх. Пра зьмены і паляпшэньні мы можам разам агульнымі намаганьнямі весьці размову. Усё роўна будзе імкненьне загітаваць зь іншых палітычных структур да сябе ў госьці. Дык у нас жа ёсьць партыя «Надзея» жаночая, яна імкнецца працаваць. І зь ёй жа можна супрацоўнічаць.

Болбат: У мяне пара невялікіх рэмарак. Я разумею, як сёньня ня проста працаваць у беларускай сытуацыі палітычным партыям і грамадзкім аб’яднаньням. Я сама гэтым займаюся з 30 гадоў — больш за 3 дзясяткі гадоў. Недзе пасьпяхова, недзе не. Я лічу і гэта на сябе ўскладаю, не заўсёды мы ў палітычных партыях выкладаліся па поўнай. Пра «Надзею». Зь Верхнядзьвінскага раёну было 12 чалавек. Я не памятаю, каб за апошнія 10 год нехта з гэтых жанчын быў запрошаны на нейкае мерапрыемства. Тое, што яны спрабуюць нешта рабіць — дай бог толькі ім посьпехаў. Вельмі шмат мы і доўга гаворым пра тое, што мы аб’яднаемся.

Колькі ж мы можам казаць «давайце аб’яднаемся»?

Шаноўныя сябры, я ўдзельніца ўсіх палітычных кампаній па назіраньні. Я балятавалася ў парлямэнт, была дэпутатам раённага савету. Скажыце калі ласка, колькі ж мы можам казаць «давайце аб’яднаемся»? Альтэрнатыва — гэта не азначае, што мы зараз вось выступім як нейкае войска супраць палітычных структур, ці нейкіх грамадзкіх аб’яднаньняў. Мы наважаны на супрацоўніцтва. І не абавязкова, што гэта азначае сяброўства ў партыі. У нас ёсьць шэраг праблем, калі мы можам супрацоўнічаць з грамадзкімі арганізацыямі па шэрагу праблем.

У прыватнасьці ахова здароўя. Велізарная праблема, якая сёньня хвалюе шмат якіх жанчын. І не абавязкова быць сябрам партыі нейкай Валянціне Болбат, ці нейкай сяброўцы зь Верхнядзьвінску. Калі б мы ня верылі ў нейкія пэрспэктывы гэтага кроку б не было. Мы пра гэта гаварылі ўжо даўно і вельмі сур’ёзна.

Гурневіч: Але вас, напрыклад, цікавяць прэзыдэнцкія выбары?

Мужчынская жорсткая палітыка прывяла да шмат якіх праблем у грамадзтве.

Болбат: Чаму не? Паглядзіце на Ангелу Мэркэль, паглядзіце на жанчын, якія сёньня зьяўляюцца міністрамі абароны ў іншых эўрапейскіх краінах. Чаму ў Беларусі нават пра гэта размова ня можа ісьці? І гэта не таму, што мы хочам мужчын і жанчын падзяліць. Але сёньня мужчынам мы павінны сказаць, што мужчынская жорсткая палітыка прывяла да шмат якіх праблем у грамадзтве.

Гурневіч: Спадарыня Ірына, якія жаночыя правы ў Беларусі трэба адстойваць у першую чаргу?

Вештард: Ну, на маю думку, гэта варты заробак у жанчыны, па-другое, гэта ахова здароўя, па-трэцяе, гэта ахова правоў дзіцяці. Ну і зразумела, што ў лейтматыве гэтых падкрэсьленых пытаньняў, канешне, павінна ісьці паняцьце «роўнасьць»: роўныя правы для жанчыны і роўныя правы для мужчыны.

Гурневіч: Спадарыня Валянціна, што для «Жаночай альтэрнатывы» стане прыярытэтам?

Мы за тое, каб прасоўваць гендэрную роўнасьць ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця.

Болбат: Мы распрацавалі ўжо пакет дакумэнтаў. Зараз яны на абмеркаваньні тых жанчын, якія прысутнічалі на гэтым мерапрыемстве. Зразумела, мы за тое, каб прасоўваць гендэрную роўнасьць ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Сёньня мы павінныя думаць пра рэалізацыю на дзяржаўным узроўні праграм эканамічнай бясьпекі жанчын і праграм, якія будуць скіраваныя на папярэджаньне беднасьці беларускіх сямей. А сёньня мы гаворым пра тое, каб працаваць над рэальнай абаронай жанчыны. Гэта зьвязана з парушэньнямі нормаў наймальнікамі і жанчынамі. Мы гаворым пра роўныя магчымасьці пры аплаце працы, прыняцьці на конкурснай аснове. Мы за павелічэньне сацыяльных гарантыяў, якія забясьпечваюць дастаткова высокі ўзровень жыцьця беларускіх семʼяў. Я спадзяюся, што дзесьці ў бліжэйшы час нашы прапановы будуць у друку, і можна будзе зь імі пазнаёміцца, уключыцца ў абмеркаваньне. Мы запрашаем, заклікаем да супрацы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG