Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 гадоў таму ў Вільні адбыўся Ўстаноўчы зьезд БНФ


Зянон Пазьняк на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ

24–25 чэрвеня 1989 году ў Вільні прайшоў Устаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». На ім прысутнічала каля 400 дэлегатаў. Правесьці паседжаньне ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР.

Чаго дамагаліся адраджэнцы

Зьезду ў віленскім Палацы прафсаюзаў папярэднічаў Устаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» 19 кастрычніка 1988 году. На ім на прапанову Зянона Пазьняка быў утвораны аргкамітэт БНФ «Адраджэньне». Прынятая тады праграмная заява дэкляравала курс на сувэрэнітэт Беларусі, дэмакратычныя рэформы, нацыянальнае адраджэньне, абарону правоў чалавека. БНФ станавіўся першай рэальнай альтэрнатывай камуністычнай партыі.

Прэзыдыюм устаноўчага зьезду БНФ: Вячаслаў Жыбуль, Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка, Юрась Хадыка, Алесь Бяляцкі
Прэзыдыюм устаноўчага зьезду БНФ: Вячаслаў Жыбуль, Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка, Юрась Хадыка, Алесь Бяляцкі

Рух БНФ уяўляў сабой аб’яднаньне так званых групаў падтрымкі Фронту ў гарадах, раёнах, на прадпрыемствах і ўстановах. У Фронт уліліся групы, аб’яднаныя ў Канфэдэрацыю беларускіх моладзевых суполак. На ўстаноўчым зьезьдзе ўздымаліся найперш палітычныя пытаньні. Быў ухвалены Статут, які ў разьдзеле «Сувэрэнітэт» утрымліваў патрабаваньне дакладных юрыдычных гарантый права выхаду Беларусі са складу СССР, вяршэнства законаў БССР на яе тэрыторыі, рэальнага сувэрэнітэту як найважнейшай умовы існаваньня нацыі.

Афармленьне залі зьезду
Афармленьне залі зьезду

Іншыя разьдзелы — «Дэмакратыя. Правы чалавека», «Эканоміка», «Сацыяльная справядлівасьць», «Ахова здароўя», «Экалёгія», «Нацыянальнае пытаньне», «Мова», «Культура», «Адукацыя і навука», «Рэлігія і грамадзтва», «Этыка і маральнасьць». Таксама зьезд прыняў ухвалы «Аб пераадоленьні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб палітычным плюралізьме», «Аб беларускай нацыянальнай сымболіцы», «Аб дзяржаўнасьці беларускай мовы» ды інш.

Дэмакратычны трыюмф Пазьняка

Зянон Пазьняк каля палаца прафсаюзаў на Турынай гары, дзе праходзіў зьезд
Зянон Пазьняк каля палаца прафсаюзаў на Турынай гары, дзе праходзіў зьезд

На пасаду старшыні Сойму БНФ абсалютнай бальшынёй галасоў быў абраны Зянон Пазьняк, аўтарытэт якога тады быў бясспрэчны. Яго намесьнікамі сталі Юрась Хадыка і Міхась Ткачоў.

За год да таго ў газэце «Літаратура і мастацтва» зьявіўся артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пра масавыя расстрэлы ва ўрочышчы Курапаты. Гэта ўзрушыла грамадзтва, адбыліся мітынгі, улада была вымушаная стварыць урадавую камісію па расьсьледаваньні расстрэлаў у Курапатах.

Дэлегатам зьезду быў археоляг Мікола Крывальцэвіч — адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі», удзельнік раскопак у Курапатах, навуковы экспэрт па эксгумацыі масавых пахаваньняў.

«Непазьбежнасьць зьменаў адчувалася ўсю другую палову 1980-х, у так званую гарбачоўскую эпоху, — кажа ён. — Плюс фактар таго, што адбылося ў Польшчы з узьнікненьнем руху „Салідарнасьці“. Ну і, безумоўна, трагічныя падзеі ў Чарнобылі, адкрыцьцё Курапатаў — усё гэта былі прыступкі да разуменьня таго, што ідзе кансалідацыя ў грамадзтве. Нездарма на гэтай хвалі ўзьнікае ўвесь дэмакратычны рух, які групаваўся вакол БНФ. Таму тое, што адбылося ў чэрвені 1989-га ў Вільні, — заканамерны вынік і пачатак новага этапу дэмакратызацыі Беларусі».

Зьлева направа: Алесь Суша, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, Юрась Хадыка
Зьлева направа: Алесь Суша, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, Юрась Хадыка

Грамадзкая хваля падтрымкі

Грамадзкая актыўнасьць давала пра сябе знаць цягам усяго 1989 году. 19 лютага аргкамітэт БНФ наладзіў першы апазыцыйны мітынг у Беларусі пад нацыянальнымі сьцягамі на менскім стадыёне «Дынама». Сорак тысяч яго ўдзельнікаў прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю кампартыі. У тым жа годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет СССР.

Наступным крокам сталі выбары ў прадстаўнічыя органы ўлады БССР. Вынікам стала зьяўленьне ў парлямэнце фракцыі БНФ — 27 з 345 дэпутатаў. Гэтыя людзі склалі ядро дэмакратычнай апазыцыі, ініцыяваўшы прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце і ўрэшце абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, правядзеньне палітычных і эканамічных рэформаў, вяртаньне беларускай гістарычнай сымболікі.

Аднак ня ўсе палітычныя эліты былі ў захапленьні ад пераразьмеркаваньня сілаў. Так, у 1992 годзе ўлады праігнаравалі ініцыяваную БНФ кампанію за датэрміновыя выбары новага Вярхоўнага Савету: нягледзячы на сабраныя 450 000 подпісаў грамадзян, кіраўніцтва парлямэнту адмовілася прыняць адпаведную пастанову.

З абраньнем на прэзыдэнцкую пасаду Аляксандра Лукашэнкі палітычная сытуацыя ўскладнілася. У 1995 годзе ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня ня трапіў ніводзін кандыдат ад БНФ.

Эміграцыя лідэра і раскол БНФ

У 1996 годзе Зянон Пазьняк зьехаў зь Беларусі, спасылаючыся на пагрозу ягонаму жыцьцю. Намінальна ён застаўся кіраўніком БНФ, выканаўцам абавязкаў у Беларусі стаў Лявон Баршчэўскі. У наступныя некалькі гадоў рознасьць поглядаў унутры фронтаўскага руху перарасла ў раскол.

Яшчэ ў 1993 годзе была заснаваная Партыя БНФ, якая мелася ўзяць на сябе палітычныя функцыі і актыўна дзейнічаць падчас выбарчых кампаніяў. А культурніцкія, асьветніцкія функцыі заставаліся за БНФ «Адраджэньне».

У 1999-м Соймы БНФ і Партыі БНФ яшчэ спрабавалі ўратаваць адзінства, аднак гэтага не атрымалася. Фронт падзяліўся на дзьве партыі. Адну ўзначаліў Зянон Пазьняк, другую — Вінцук Вячорка.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, сябра фракцыі БНФ Лявонці Зданевіч не хавае жалю, што магутны патэнцыял быў скарыстаны не напоўніцу. Аднак лічыць, што гэта аб’ектыўны працэс.

«Калі няма сур’ёзных зрухаў у тых жа выбарчых кампаніях, крызіс непазьбежны. Як вынік, зьмена лідэраў і г.д. Асабіста мне не падабалася тое, што было зроблена, але кажу пра аб’ектыўнасьць працэсаў. Уявіце, як людзям цяжка (асабліва што тычыцца актывістаў на пэрыфэрыі), столькі гадоў без станоўчых вынікаў. Такім вынікам я назваў бы хоць якую магчымасьць уплываць на сытуацыю, а не рабіцца маргінальнай структурай. Так, галоўная праблема — умовы, у якіх мы жывём. Але ёсьць і віна кіраўніцтва, якое з улікам абставінаў мусіць мяняць тактыку і стратэгію дзеяньняў».

Сёньня на палітычнай сцэне Беларусі існуюць дзьве палітычныя сілы, якія лічаць сябе правапераемнікамі фронтаўскіх традыцый — Партыя БНФ на чале з Рыгорам Кастусёвым (пры ёй дзейнічае «Моладзь БНФ») і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазьняк.

Здымкі ў матэрыяле — з грамадзкага вэб-архіву «Вытокі»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG