Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнасьць і адраджэньне: лідэры БНФ розных часоў падводзяць вынікі


30 гадоў таму ў Менску быў утвораны арганізацыйны камітэт БНФ, зь якога пачалася дзейнасьць арганізацыі, што назаўсёды ўвайшла ў гісторыю Беларусі. Свабода задала кіраўнікам БНФ розных часоў два аднолькавыя пытаньні:

1. Што самае важнае, на вашу думку, зрабіў БНФ?

2. Якая будучыня ў партыі і руху БНФ?

Рыгор Кастусёў: «Шмат каму з чыноўнікаў БНФ як костка ў горле»

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ ад 2017 году, кандыдат на прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2015 году

1. Самае важнае — гэта тое, што БНФ дамогся незалежнасьці Беларусі. Менавіта дзякуючы існаваньню на той час Беларускага Народнага Фронту, наяўнасьці дэпутатаў ад БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня і адбылося тое, што Беларусь атрымала незалежнасьць. І дзякуючы наяўнасьці БНФ сёньня Беларусь застаецца і дэ-юрэ, і дэ-факта незалежнай краінай. Канечне, недзе абмежаваная нашая незалежнасьць, у палітычным, вайсковым, эканамічным сэнсах, але галоўнае, што Беларусь ёсьць на мапе сьвету як сувэрэнная краіна.

2. Будучыня ў БНФ таксама ёсьць. Тое, што БНФ дагэтуль застаецца палітычнай сілай — гэта вынік працы і ўсіх сяброў БНФ цягам гэтых 30 гадоў, кіраўнікоў руху і партыі, найлепшых актывістаў. Шмат каму сярод чынавенства мы як костка ў горле, дый у кіраўніцтве краіны ёсьць тыя, хто хоча, каб БНФ не было зусім, бо Фронт стварае для іх шмат непрыемнасьцяў. Назаву хаця б адну зь іх — актывісты БНФ працягваюць выводзіць на сьвятло чыноўнікаў-карупцыянэраў, асабліва на месцах.

Валянцін Голубеў: «БНФ спалучыў нацыянальную ідэю з антыкамунізмам»

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Валянцін Голубеў, гісторык, намесьнік старшыні БНФ Зянона Пазьняка ў сярэдзіне 1990-х гадоў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

1. БНФ пры сваім стварэньні змог сканцэнтраваць нацыянальную ідэю ў такім выглядзе, што змог данесьці яе да значнай колькасьці насельніцтва. Ён спалучыў нацыянальную ідэю з тым антыкамунізмам, які выходзіў на паверхню ў апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу. А калі гэтая ідэя была пушчаная ў масы, яе падтрымалі і ў народзе, і іншыя палітычныя партыі. Але гэта стала і асноўнай хібай БНФ, бо лягчэй прапагандаваць і агітаваць, чым ажыцьцяўляць саму справу. Як толькі пачалі ажыцьцяўляць, дык і пачала гучаць крытыка, пачаліся галасы, што ад антыкамунізму і нацыянальнай ідэі пагоршылася жыцьцё людзей.

2. Ня ведаю.

Лявон Баршчэўскі: «Без БНФ кабінэтныя палітыкі нічога б не зрабілі»

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі, выкладчык, літаратар, старшыня БНФ у 1996–1999, 2007–2009 гадах, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

1. БНФ зрабіў самае важнае — ён змог актыўную частку беларусаў, нацыю збольшага індывідуалістаў, мабілізаваць на вырашэньне задачаў, якія востра паўсталі перад грамадзтвам у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Гэта наступствы Чарнобыльскай катастрофы і палітычная рэформа, зьвязаная з абвяшчэньнем незалежнасьці. Удалося мабілізаваць пэўную колькасьць людзей, безь якіх, канечне, ніякія кабінэтныя палітыкі нічога не змаглі б зрабіць.

2. Сёньня я не належу да партыі БНФ, таму пра яе будучыню разважаць не хачу. А што да руху, да ідэалягічнай асновы, дык усе гэтыя лёзунгі застаюцца актуальнымі. Улада па-ранейшаму застаецца ў посткамуністычнай намэнклятуры, фінансавыя патокі таксама яна кантралюе. Таму па-ранейшаму застаецца важнай задачай уключыць у гэты працэс кіраваньня краінай народ. А самае цяжкое — гэта пытаньне беларускага адраджэньня, вяртаньня гісторыі, мовы, культуры.

Юрась Беленькі: «Нам казалі з КДБ: адкуль вы такія ўзяліся?»

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

Юрась Беленькі, намесьнік старшыні КХП-БНФ, у сярэдзіне 1990-х гадоў намесьнік старшыні БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

1. Першае — гэта здабыцьцё незалежнасьці. А другое — БНФ зь небыцьця выцягнуў душу беларускага народу, якая за час пад акупантамі была фактычна зьнішчаная. Ня толькі я такое чуў, але і многія мае калегі па «Талацэ» чулі ад супрацоўнікаў КДБ, якія тады адкрыта выходзілі на нашы сходы: «Адкуль вы такія ўзяліся, вас жа ўжо ня мусіла быць?» — казалі яны нам. Людзі пераадолелі нацыянальную зьнявагу, выйшлі на шлях свабоды — гэта дзякуючы БНФ.

2. А будучыня такая. Мы ў той час цудоўна разумелі, што будзе ня толькі перамога, але мусіць быць і абарона. Зянон Пазьняк гэтак фармуляваў: што тыя людзі, якія прыйшлі дзеля перамогі, тыя адыдуць адразу. Гэтак і адбылося. А тыя, хто прыйшоў у БНФ дзеля ідэі, дзеля Бацькаўшчыны, якія гатовыя ахвяравацца, а не здабываць, яны застануцца. І гэта таксама засталося. Усё роўна аб’ектыўныя працэсы такія, што ідэя, якую падняў Фронт — ідэя незалежнасьці, адраджэньня нацыі (таму і назва БНФ была — Беларускі Народны фронт «Адраджэньне») — гэтая ідэя ня можа быць зьнішчаная, а мы стаім на гэтай ідэі. Адпаведна, будзе наступны цыкль, калі гэтая ідэя зноў захопіць усё больш людзей, і, адпаведна тая партыя, якая гэтую ідэю падняла і ў цяжкія часы захавала, будзе расьці і пашырацца. Памятаю, як на самым пачатку дзейнасьці апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ў Зянона Пазьняка адзін з дэпутатаў ад апазыцыі запытаўся: чаму гэтак, што рабіць? Вось мы змагаемся за рынкавыя законы, мы ахвяруемся сабой, а карыстаецца гэтым намэнклятура, якая стварае фірмы, запісвае на сваіх дзяцей актывы і гэтак далей. Зянон Пазьняк на гэта адказаў, што калі ты прыйшоў у палітыку, дык мусіш разумець: аднойчы ты можаш голым застацца, але пры сваіх думках і пры сваіх ідэях. Але гэта і цяпер аснова нашай дзейнасьці — стаяць на сваім, на сваёй праўдзе. Таму і новая хваля адраджэньня, канечне, будзе.

Вінцук Вячорка: «Ідэі БНФ увайшлі ў рэзананс з надзеямі людзей»

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка, навуковец, журналіст, старшыня БНФ у 1999–2007 гадах.

1. «Без БНФ, верагодна, увогуле не было б незалежнасьці Беларусі. Гэта самае важнае зьдзяйсьненьне актыўнай часткі беларускага народу, перад якім БНФ першым ясна сфармуляваў задачы: свабода і незалежнасьць. Гэтыя задачы ўвайшлі ў рэзананс з напачатку яшчэ толкам не сфармуляванымі надзеямі вялікіх масаў людзей, а ўсё гэта разам узятае дазволіла дасягнуць акту 25 жніўня 1991 году.

2. Мяркую, БНФ як клясычны масавы рух ужо зьдзейсьніў тое, што было магчыма. Наўрад ці сёньня можна казаць пра прысутнасьць у беларускай палітычнай прасторы Беларускага Народнага Фронту як масавага руху за свабоду і незалежнасьць.

Сяргей Папкоў: «На чарзе праграма „Вольная Беларусь“»

Сяргей Папкоў
Сяргей Папкоў

Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні КХП-БНФ, сябра Сойму БНФ ад 1991 году, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

1. Самае важнае — гэта ўсё ж стварэньне нашай незалежнай дзяржавы ў 1991 годзе. Выдатная праца Беларускага Народнага Фронту. Створана Беларусь — гэтым усё сказана.

2. Ёсьць будучыня, ёсьць пэрспэктыва. Мы распрацавалі праграму «Вольная Беларусь», і нам належыць яе рэалізацыя. Будзем дзейнічаць і ўжо дзейнічаем у гэтым кірунку. Беларусь павінна быць краінай, дзе ў аснове разьвіцьця знаходзіцца інтэлект, а ня тое, што сёньня. Таму працы ў нас вельмі шмат, і пэрспэктыва добрая.

Аляксей Янукевіч: «Пагрозай застаецца імпэрскі рэжым у Крамлі»

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ, старшыня партыі БНФ у 2009–2016 гадах.

1. Самае важнае — гэта здабыцьцё незалежнасьці для Беларусі ў 1991 годзе. Натуральна, што ня толькі БНФ, але і іншыя палітычныя сілы да гэтага спрычыніліся, але відавочна, што БНФ быў тады і застаецца ключавой палітычнай сілай, якая выяўляе волю беларускага народу жыць у сваёй краіне і быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

2. Наша місія працягваецца, таму што нельга, на жаль, на сёньня казаць, што незалежнасьць Беларусі забясьпечаная незваротна. Пакуль такая небясьпека існуе — а існаваць яна будзе, пакуль існуе імпэрскі рэжым у Крамлі, — то БНФ будзе патрэбны Беларусі. І БНФ будзе выконваць сваю ролю і місію абаронцы незалежнасьці і ўмацаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Свабода спрабавала задаць тыя ж пытаньні старшыні КХП-БНФ, першаму старшыні БНФ «Адраджэньне», дэпутату Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Зянону Пазьняку, які цяпер знаходзіцца ў ЗША, але тэлефон палітыка не адказаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG