Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ запатрабаваў адстаўкі міністра ўнутраных спраў Шуневіча


Ігар Шуневіч, архіўнае фота

Сойм партыі БНФ прыняў 18 сакавіка заяву з шэрагам патрабаваньняў «з нагоды аднаўленьня практыкі масавых затрыманьняў, зьбіцьця ды адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту ў Беларусі». Тэкст заявы апублікаваны 19 сакавіка на сайце партыі.

У заяве прыводзяцца імёны затрыманых і асуджаных актывістаў партыі БНФ, а таксама агульная колькасьць — больш за 200 грамадзянаў краіны — затрыманых, пасаджаных ці аштрафаваных у выніку мірных акцыяў пратэсту «Маршаў недармаедаў».

У БНФ асаблівае абурэньне выклікае тое, што затрыманьні праводзяць «людзі ў цывільным», якія не прадстаўляюцца і не прад’яўляюць дакумэнты. Ужываньне грубай фізычнай сілы пры затрыманьнях БНФ лічыць нематываваным.

Сойм партыі ў сваёй заяве патрабуе спыніць дзяжаўныя рэпрэсыі, скасаваць пастановы судоў і вызваліць зьняволеных, расьсьледаваць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, а таксама адправіць у адстаўку міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.

З патрабаваньнямі вызваліць затрыманых «недармаедаў» раней выступаў Эўразьвяз, а таксама амэрыканскі сэнатар Бэн Кардын. Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей казаў у сувязі з затрыманьнямі, што «заўсёды ёсьць асьцярога, што крохкі працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўразьвязам можа застопарыцца ці спыніцца».

Ад міністра Шуневіча летась патрабавалі ў пэтыцыі, падпісанай амаль пяцьцю тысячамі людзей, «навесьці парадак у органах». Адстаўку Шуневіча да таго патрабавалі на форуме «Свабоду палітвязьням».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG