Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адшчапенцы рознага кшталту», — міністар унутраных спраў Шуневіч пра пасьляваенны антысавецкі супраціў


Ігар Шуневіч у энкавэдысцкай форме — крайні зьлева
Ігар Шуневіч у энкавэдысцкай форме — крайні зьлева

Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч выступіў 2 сакавіка ў перадачы дзяржаўнага тэлеканалу АНТ «Трэба разабрацца».

Адно з пытаньняў датычылася ўдзелу міліцыі ў Другой усясьветнай вайне: вядоўца заявіў, што «некаторыя таварышы» зводзяць гэты ўдзел да заградатрадаў і карных функцыяў НКВД. Шуневіч адказаў, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў на пачатак вайны былі на працоўных месцах, узброеныя і гатовыя да бою, таму многія палеглі ў першыя дні вайны. Астатнія нічым не адрозьніваліся ад звычайных салдатаў, кажа Шуневіч, «так сама гінулі, пры гэтым выконваючы шэраг спэцыфічных задачаў у ахове грамадзкага парадку, у наступным навядзеньні парадку на вызваленых тэрыторыях, у барацьбе з бандытызмам».

Вядоўца заявіў, што пасьля вайны на Беларусі дзейнічала каля 300 бандаў — так ён назваў як тых, хто выступалі на баку нацыстаў, так і «здраднікаў радзімы», якія выступалі супраць савецкай улады. Кім яны былі на думку Шуневіча?

«Адшчапенцы рознага кшталту, ад дэзэртыраў і да пакінутых дывэрсантаў, дывэрсійна-выведных групаў. Аб’ядноўваліся ў банды паводле аднаго прынцыпу, прынцып быў тады вядомы: забіваць і рабаваць, уносіць хаос і смуту. Іх усіх аб’ядноўвала бандыцкая сутнасьць і крымінальны промысел.

Таму я думаю, што афарбоўка гэтых людзей, афарбоўка гэтых паводзінаў і тых наступстваў, яна адназначная: гэта былі бандыты, проста ў той час такая была спэцыфіка, што гэта былі вялікія банды, добра ўзброеныя. Зброі хапала, часта з-за мяжы. У гэтых бандах прысутнічалі ідэйныя натхняльнікі, якія кіравалі гэтым бандыцкім падпольлем. Трэба прызнаць, што пэўная арганізацыя, вядома, існавала тады».

Іншы погляд на антысавецкі супраціў прапануе шэраг гісторыкаў. У прыватнасьці, гэтай тэме прысьвечаны дакумэнтальны фільм «Праклятыя і забытыя» тэлеканалу «Белсат» рэжысэра Антося Цялежнікава.

Сам Шуневіч публічна зьяўляўся ў форме НКВД, казаў, што ганарыцца ёй. НКВД і да вайны, і ў яе час, і ў пасьляваенны час (да 1946 году, калі яго перайменавалі ў МУС) выступаў карным органам. Да 200 тысяч ахвяраў НКВД і савецкага рэжыму могуць ляжаць толькі ў Курапатах (дакладныя лічбы невядомыя, бо адпаведныя архівы закрытыя). Усяго ў БССР ў 30–40-х гадах у Беларусі рэпрэсавалі да 600 тысяч чалавек паводле адных зьвестак, ня менш за 1,4 млн паводле іншых.

4 сакавіка ў Менску будуць сьвяткаваць «стагодзьдзе беларускай міліцыі». Адзначаць будуць дзень прызначэньня Міхаіла Фрунзэ часовым начальнікам міліцыі Ўсерасейскага земскага саюзу ахову парадку ў Менску ў 1917 годзе. Але на той момант ні беларускай міліцыі, ні беларускай дзяржавы яшчэ не было — Беларуская Народная Рэспубліка зьявілася праз год, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь — праз два гады. На момант прызначэньня Фрунзэ беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расейскай імпэрыі, якая вяла баявыя дзеяньні ў Першай усясьветнай вайне.

Да «100-годзьдзя беларускай міліцыі» ў Менску адкрыюць помнік гарадавому ў форме Расейскай імпэрыі.

Як зьмяніць імідж беларускай міліцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG