Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Represii.net: Сотні фота расстраляных, дакумэнты рэабілітаваных і сьведчаньні тых, хто выжыў у ГУЛАГу


Падчас прэзэнтацыі: прамаўляе гісторык Ігар Кузьняцоў

Падчас прэзэнтацыі: прамаўляе гісторык Ігар Кузьняцоў

У Менску прэзэнтавалі «Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі».

У менскай Галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя «Віртуальнага музэя савецкіх рэпрэсій у Беларусі». Яго стварылі і прапанавалі для шырокага азнаямленьня грамадзкія актывісты.

Удзел у прэзэнтацыі ўзялі вядомыя беларускія гісторыкі, дасьледчыкі рэпрэсіўнай сталінскай спадчыны, палітыкі, грамадзкія дзеячы і актывісты. Напачатку імпрэзы хвілінай маўчаньня яны ўшанавалі памяць ахвяраў савецкага тэрору.

Падчас прэзэнтацыі

Падчас прэзэнтацыі

Цягам вечарыны гучалі галасы тых, хто зь іх здолеў выжыць: успаміны, песьні, якія сьпявалі ў лягерах, на экране дэманстраваліся фатаздымкі гэтых людзей і дакумэнты. Таксама песьні, на словы рэпрэсаваных беларускіх паэтаў, выконвалі Тацяна Грыневіч, Аляксей Галіч, Андрэй Мельнікаў.

Сьпявае Тацяна Грыневіч-Матафонава

Сьпявае Тацяна Грыневіч-Матафонава

Прамаўляючы да прысутных, навуковец і дасьледчык Ігар Кузьняцоў прывёў цытату са школьнага падручніка па гісторыі, у якім гаворыцца, што сталінскія рэпрэсіі зьяўляюцца выдумкай з мэтай дыскрэдытацыі савецкай сыстэмы ўлады. Таму гэтую падзею ён назваў новым крокам да адкрыцьця праўды пра сутнасьць сталіншчыны і савецкага рэжыму.

Кіраўніца праекту Ірына Раманава прыводзіла цытаты з выказваньняў і лістоў рэпрэсаваных, якія канстатавалі жудасныя падрабязнасьці працы карнай савецкай сыстэмы і пакуты, якія яна прынесла тысячам людзей, пачынаючы ад немаўлят. Падсумоўваючы вынікі працы ў стварэньні музэю, яна выказала спадзяваньне, што пазнаёміўшыся са старонкамі сабраных у ім гісторый, стане менш людзей, якія цяпер спрабуюць ухваляць сталіншчыну:

«Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі» — гэта сотні фатаграфій расстраляных беларусаў, высланых у сыбірскія сьнягі, памерлых і закатаваных, а таксама дакумэнтаў аб прысудах, абвінавачваньнях, аб пасьмяротных рэабілітацыях. Таксама у ім зьмешчаныя аўдыё і відэаінтэрвію з тымі, каму ўдалося выжыць і вярнуцца на радзіму. Гэтую трагічную гісторыю грамадзкія актывісты, валянтэры зьбіралі ўласнымі сіламі ад 2007 году і зьмясьцілі на інтэрнэт-рэсурсе represii.net. Як падкрэсьліў адзін з удзельнікаў імпрэзы, гісторык і выкладчык Аляксандр Гужалоўскі, вельмі паказальна, што ў суседняй Украіне і Расеі, а таксама ў многіх іншых постсавецкіх краінах дзяржавамі створаныя магутныя мэмарыяльныя комплексы ў памяць ахвяраў савецкіх злачынцаў, а ў Беларусі пра іх памяць клапоцяцца толькі грамадзкія актывісты.

Падчас прэзэнтацыі

Падчас прэзэнтацыі

Адна зь іх — Валерыя Чарнаморцава, якая сярод першых распачала гэтую працу, гэтак пракамэнтавала яе сэнс:

«Гэты музэй створаны дзеля таго, каб у больш сучаснай форме данесьці да беларускага грамадзтва і перадусім моладзі, трагедыю савецкіх рэпрэсій празь лёсы людзей. Спадзяемся, што гэтая форма, мажліва, стане нават больш запатрабаванай грамадзтвам, чым архіўныя сайты, індэксы рэпрэсаваных, якія таксама вельмі патрэбныя. Мы спадзяемся, што да гэтай вельмі важнай тэмы будзе прыцягнутая ўвага моладзі дзеля таго, каб ведалі трагічныя старонкі гісторыі, каб адбылося пакаяньне за дапушчаныя злачынствы савецкага рэжыму, каб нашае грамадзтва пазбавілася ад спадчыны савецкага мінулага, і яно ніколі не паўтарылася».

Сьпявае бард Андрэй Мельнікаў

Сьпявае бард Андрэй Мельнікаў

На завяршэньне арганізатары «Віртуальнага музэя савецкіх рэпрэсій у Беларусі» ўзнагародзілі пераможцаў квэст-гульні на веданьне гісторыі сталіншчыны, а таксама абвясьцілі пачатак конкурсу «Фотаальбом на памяць» сэнс якога — папоўніць віртуальны музэй новымі фактамі савецкіх рэпрэсій у Беларусі.

Экспанаты музэю

Экспанаты музэю

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG