Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі зьявіцца Музэй савецкіх рэпрэсіяў. Віртуальны


Прэзэнтацыя віртуальнага музэю represii.net пройдзе 3 сьнежня а 19-й гадзіне ў менскай галерэі «Ў».

На сайце represii.net адкрыўся віртуальны Музэй савецкіх рэпрэсіяў. У межах праекту валянтэры зьбіраюць аўдыё- і відэаінтэрвію з ахвярамі савецкай сыстэмы, дакумэнты і фатаздымкі, зьвязаныя з злачынствамі сталінскіх часоў.

Прэзэнтацыя віртуальнага музэю пройдзе 3 сьнежня а 19-й гадзіне ў менскай галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а). У прэзэнтацыі возьмуць удзел вядомыя гісторыкі, музэязнаўцы, грамадзкія дзеячы. Анансаваныя выступы сьпевакоў Тацяны Грыневіч, Андрэя Мельнікава і Касі Камоцкай. Падчас прэзэнтацыі будуць падведзеныя вынікі і ўзнагароджаныя пераможцы першага гарадзкога квэсту Музэю савецкіх рэпрэсіяў.

Як апавяла Свабодзе адна з стваральніц музэю Валерыя Чарнаморцава, матэрыялы зьбіраліся ад 2007 году:

«Гэта ўласна віртуальны музэй, пакуль не існуе фізычнай вэрсіі, рэальнага музэю. У нашай краіне пакуль гэта маларэальна. Асоўная ідэя — данесьці трагедыю камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі праз гісторыі і трагедыі асобаў, якіх мы запісвалі, чые ўспаміны прадстаўленыя на сайце разам з фатаздымкамі і дакумэнтамі зь іх асабістых архіваў.

Гэты праект пачынаўся як праект "Пакаяньне" Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, але вырас у грамадзкую ініцыятыву, адкрытую для ўсіх рухаў, партыяў і проста звычайных грамадзянаў, якіх цікавіць тэма савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі».

Аўтары музэю зьбіраюцца надалей ладзіць сустрэчы з жывымі сьведкамі савецкага тэрору, праводзіць экскурсіі па месцах, зьвязаных з палітычнымі рэпрэсіямі. Яны вітаюць любую валянтэрскую падтрымку і заклікаюць дзяліцца ўласнымі сямейнымі гісторыямі, зьвязанымі з савецкімі рэпрэсіямі ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG