Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз запатрабаваў неадкладна вызваліць удзельнікаў акцыяў пратэсту і журналістаў


Пра гэта гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Эўрапейскай службы вонкавых сувязяў, пра якую паведамляе агенцтва БелаПАН.

«Апошнія падзеі ў Беларусі сьведчаць аб відавочнай неабходнасьці шырэйшага працэсу дэмакратызацыі ў краіне, — гаворыцца ў заяве. — Неабходна забясьпечыць свабоду асацыяцыяў і сходаў».

ЭЗ «ёсьць прыхільнікам стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі на карысьць яе народу і прадоўжыць працу над гэтым з усімі зацікаўленымі бакамі... Крокі, зробленыя Беларусьсю для захаваньня ўнівэрсальных фундамэнтальных свабодаў, вяршэнства закону і правоў чалавека, застануцца ключом да фармаваньня дачыненьняў Эўрапейскага зьвязу з гэтай краінай», — падкрэсьліваецца ў заяве.

З сярэдзіны лютага ў Беларусі праходзяць акцыі пратэсту супраць прэзыдэнцкага дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», названага ў народзе дэкрэтам «аб дармаедах», і зьніжэньня ўзроўню жыцьця ў цэлым.

Паводле апошніх зьвестак праваабаронцаў, больш за 200 чалавек аштрафаваныя і пакараныя адміністрацыйным арыштам. Перасьлед арганізатараў і ўдзельнікаў акцыяў пратэсту пачаўся пасьля таго, як 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаньнях разьвіцьця краіны Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча навесьці ў краіне «ідэальны парадак». «Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупваць гэтых правакатараў, і адказваць яны павінны паводле ўсёй строгасьці закону», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Сярод перасьледаваных 25 журналістаў, паведаміла 17 сакавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў. Два чалавекі са сьпісу БАЖу пакараныя адміністрацыйным арыштам, чатыры аштрафаваныя, адзін — вызвалены ад адказнасьці, яшчэ ў аднаго праведзены ператрус. 14 журналістаў вызваленыя пасьля затрыманьня без складаньня пратаколаў, трое чакаюць разгляду сваіх адміністрацыйных справаў.

Заява апублікаваная вечарам 17 сакавіка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG