Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба заплаціць», — як бярозаўскія «дармаеды» да дэпутата хадзілі


Cябра АГП Аляксандар Кабанаў (стаіць) і дэпутат Леанід Качына

Больш за 30 жыхароў Бярозы хадзілі на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Леаніда Качыны. Людзі патрабавалі, каб дэпутат ініцыяваў адмену дэкрэту № 3 «аб дармаедах».

Дэпутат Леанід Качына прымаў у Бярозаўскім сельвыканкаме. На сустрэчу зь ім прыйшлі больш за 30 чалавек, у тым ліку Аляксандар Кабанаў, сябра АГП, які сабраў ужо каля 2500 подпісаў за адмену дэкрэту «аб дармаедзтве».

Жыхары Бярозы прыйшлі выказаць сваё абурэньне дэкрэтам і запатрабавалі, каб дэпутат ініцыяваў яго адмену. Людзі запыталіся ў дэпутата, ці згодны ён зь імі, што дэкрэт неабходна адмяніць.

«Я лічу, што яго трэба зьмяняць», — адказаў Леанід Качына.

«То бок вы лічыце, што трэба з народу грошы браць?» — спытаў адзін з прысутных.

«Трэба браць з тых, хто зарабляе і хавае. Але ў парлямэнце, калі будуць слуханьні, я вам абяцаю, што скажу, што мне прынесьлі больш за 2 тысячы подпісаў менавіта за адмену. Вось так я і скажу», — адказаў дэпутат.

Жыхары Бярозы зьбіраюцца на прыём да дэпутата
Жыхары Бярозы зьбіраюцца на прыём да дэпутата

Яшчэ адзін бярозавец запытаўся ў Леаніда Качыны: а што ж рабіць зараз тым, каму прыйшоў ліст з падатковай?

«То што, плаціць ці як? Вось мяне, дапусьцім, выклічуць у суд, то што мне рабіць?»

«Вось вельмі правільнае пытаньне задаў чалавек. Трэба заплаціць», — адказаў Леанід Качына. Заля выбухнула сьмехам.

«Ня сьмейцеся, ня сьмейцеся. Вы мяне спыталі, я вам адказаў. Дрэнны закон, добры закон — ён закон», — сказаў дэпутат.

«А потым мяне спытаюць, адкуль я ўзяў грошы, каб заплаціць гэты падатак, так?» — сказаў мужчына.

Дэпутат Леанід Качына прапанаваў прысутным зьвяртацца ў адмысловую камісію пры райвыканкаме — маўляў, у большасьці выпадкаў там вызваляюць ад неабходнасьці плаціць збор за «дармаедзтва».

Жыхары Бярозы працягваюць падпісвацца за адмену дэкрэту № 3. Аляксандар Кабанаў сабраў ужо больш за 2500 подпісаў
Жыхары Бярозы працягваюць падпісвацца за адмену дэкрэту № 3. Аляксандар Кабанаў сабраў ужо больш за 2500 подпісаў

Пасьля сустрэчы актывіст АГП Аляксандар Кабанаў сказаў, што будзе спадзявацца, што дэпутат данясе патрабаваньні народу да Палаты прадстаўнікоў:

«Ён будзе абавязаны адрэагаваць на гэтыя пытаньні, якія мы яму выставілі. Якая ўжо наша рэакцыя будзе на ягоны адказ, будзем глядзець далей», — сказаў апазыцыянэр.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG