Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мы слухалі ў красавіку: магілёўскія сыноптыкі, трава і дэльфіны, «Шыва прызямліўся ў Гародні». Аўдыё


Свабода згадвае альбомы і песьні беларускіх музыкаў, прэзэнтаваныя ў красавіку 2017 году.

Nizkiz — «Синоптик»

Магілёўскія рокеры Nizkiz выдалі «альбом пра ўнутранае надвор’е». Як і ў папярэдніх, некаторыя песьні плыты выкананыя па-беларуску, але большая частка — па-расейску. Але ў адрозьненьне ад папярэдніх, «Сыноптик» гучыць меней лагодна, больш насычана «спэцэфэктамі».

Weed & Dolphins — «Islandkid Cassette»

Альбом у даволі рэдкім — тым болей у Беларусі — жанры клаўд-панку гурт Weed & Dolphins пісаў два гады ў спальні вакаліста. Герой альбому, прывід Damon распавядае па-ангельску пра сваё жыцьцё на востраве Бульба (у якім знаходзяцца рэальныя месцы Менску).

«Комитет гуны благости» — «Урок 1: Человек и мир»

Слуцкі музыка і гукарэжысэр Вадзім Раманаў зьезьдзіў у Індыю. Як гэта нярэдка бывае з музыкамі, такая паездка паўплывала на ягоны сьветапогляд і натхніла на новую музыку. Але што нетыпова, натхніла на плытку расейскамоўнага цяжкога року. Пад свае ідэі ён шукаў адпаведны гурт, ды не знайшоў, таму запісаў плытку ў межах сольнага праекту.

Autonomicon — «Icarus Messerschmitt»

Беларуска-польская каманда з трох школьных настаўнікаў прадставіла свой чацьвёрты альбом, які называюць «падарожжам у краіну змрочных станаў псыхікі», «дыягназам сучаснаму грамадзтву» і «спробай намацаць беларускі дыскурс». Музыка спалучае шэраг «экспэрымэнтальных» стыляў, ад беларускага «шаманства» да чыстага нойзу.

Buben Naruszewicz Baisan — «Enighet Ensamhet»

Красавік нагадваў люты ня толькі надвор’ем: як і ў лютым, трыё Ўлада Бубена, Леаніда Нарушэвіча (гурт «Князь Мышкін») і Байсана (Алесь Плотка) выдала альбом «сьпеўнай паэзіі» на беларускай і ангельскай мовах. У адрозьненьне ад папярэдняга, другі альбом калектыву запісаны літаральна ў адзін дубль. Гурт сьцьвярджае, што на плытцы пануе дух швэдзкага сьветаадчуваньня lagom: максымальнай свабоды для кожнага з павагай да межаў іншага.

…і два міні-альбомы

Яшчэ дзьве беларускія каманды прадставілі ў красавіку вартыя ўвагі дэбютныя наборы песень: ангельскамоўны інды-рок ад Tok Rukoo і францускамоўны электронны поп ад Parade Of Planets. Абодва гурты сур’ёзна паставіліся і да якасьці запісу, і да атмасфэры кліпаў.

***

Зьвярніце ўвагу: адзін з галоўных музычных парталаў Беларусі, «Тузін гітоў» у красавіку з тэхнічных прычынаў мусіў зьмяніць адрас: цяпер сайт месьціцца на дамэне tuzinfm.by. «Тузін», дарэчы, анансаваў вялікі супольны праект беларускіх музыкаў «(Не)расстраляная паэзія» і зьбірае на яго грошы праз Talaka.by, а таксама працягвае прыём заявак на конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай 4×4» аж да 17 траўня. А яшчэ партал сабраў у адзін плэйліст прэм’еры асобных песень, што адбыліся гэтай вясной:

P.S. А як толькі скончыўся красавік, новы альбом выдалі Brutto. Але яго мы слухалі ўжо ў траўні.

Што мы слухалі ў студзені: рэп-карані Belaroots, лірычная Pauline і гісторыя Naviband. Аўдыё

Што мы слухалі ў лютым: новая «Гуляць дык гуляць», Вушаччына і беларускія джунглі. Аўдыё

Што мы слухалі ў сакавіку: «Зьніч», «Глітч», песьні Дзён Волі і няВолі. Аўдыё

XS
SM
MD
LG