Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«(Не)расстраляная паэзія»: песьні на вершы расстраляных у «чорную ноч» сьпяюць Вольскі, Вайцюшкевіч, Akute, Dzieciuki і іншыя


Беларускі музычны партал Tuzinfm.by анансаваў праект «(Не)расстраляная паэзія», у якім славутыя беларускія музыкі выканаюць песьні на вершы паэтаў, расстраляных у «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. На праект зьбіраюць грошы праз Talaka.by.

Для рэалізацыі праекту трэба 15 тысяч рублёў. За 12 рублёў можна замовіць запрашэньне на канцэрт-прэм’еру, за большыя сумы прапануюцца дадатковыя бонусы, як то «маўклівыя кнігі» (нататнікі з выявамі паэтаў ды цытатамі зь іхных твораў), сьвітшоты, паездка на хутар у Вайцюшкі, індывідуальныя курсы вакалу ад Сяргея Доўгушава і нават прыватныя канцэрты ўдзельнікаў праекту.

«Мы не дамо сьцерці з народнай памяці творы і твары беларускіх паэтаў Расстралянага Адраджэньня, — кажа аб праекце ягоны кіраўнік Сяргей Будкін. — З дапамогай нашага праекту мы хочам сказаць, што хоць аўтары і расстраляныя, іх творчую спадчыну зьнішчыць немагчыма. Мы аддаём даніну павагі паэтам і ўключаем іхную творчасьць у сучасны культурны кантэкст: іх вершы праз стагодзьдзе пасьля напісаньня стануць песьнямі. І каб усё атрымалася прыгожа і якасна, мы заклікаем падтрымаць праект кожнага, каму неабыякавая гэтая тэма».

У музычнай частцы праекту плянуецца запісаць 12 песень 12 выканаўцаў. Вядома, што гурт Naka напіша музыку на адзін з твораў Валерыя Маракова, рэпэр Angst — на Зяму Піваварава, TonqiXod узяў Тодара Кляшторнага, Pomidor/off — Майсея Кульбака. У праекце таксама бяруць удзел Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Сьвятлана Бень, Кацярына Ваданосава, гурты Akute, Dzieciuki, Re1ikt і Vuraj. Акрамя таго, на восень заплянавана 12 адкрытых лекцыяў з удзелам знаўцаў творчасьці і жыцьця забітых у «чорную ноч» і музыкаў, якія выканаюць песьні на словы расстраляных.

Паралельна з гэтым праектам Tuzin.fm працягвае ладзіць чарговы, ужо чацьвёрты конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай». Заявы на ўдзел у ім прымаюцца да 1 траўня, у склад журы ўвайшлі Сяргей Доўгушаў (Vuraj), Зьміцер Літвіновіч (Diamos Roll), Віталь Рыжкоў (Angst) і Алег Хаменка («Палац»).

***

У «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў менскай унутранай турме НКВД («амэрыканцы») было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай культурнай эліты, у іх ліку 22 пісьменьнікі. Гэта быў адзін зь пікавых эпізодаў сталінскіх рэпрэсіяў, толькі з сакавіка 1937-га па травень 1938 году ў Беларусі было рэпрэсавана каля 100 тысяч чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG