Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мы слухалі ў лютым: новая «Гуляць дык гуляць», Вушаччына і беларускія джунглі. Аўдыё


Свабода згадвае альбомы і песьні беларускіх музыкаў, прэзэнтаваныя ў лютым 2017 году.

Вайцюшкевіч і Някляеў — «У нашых снах»

Хоць Зьміцер Вайцюшкевіч яшчэ ня мае званьня «Народны артыст», а Ўладзімер Някляеў — не «Народны паэт», народнай любові да іх гэта мала перашкаджае. Сьпявак і паэт за апошнія 10 год стварылі шэраг супольных гітоў, а цяпер прадставілі справаздачу з супольнай творчасьці — альбом «У нашых снах». У дыск не ўвайшоў ці не галоўны супольны гіт — «Сьцяг» (выдадзены на альбоме Вайцюшкевіча 2008 году «Тое, што трэба»), але ўвайшла Вайцюшкевічава вэрсія «Гуляць дык гуляць» — песьні на словы Някляева, якая стала шлягерам у выкананьні «Сяброў».

«Песьні матчыны з Вушаччыны»

Апошняга Народнага паэта Беларусі ўжо няма на гэтым сьвеце, але ягоная справа жыве. Рыгор Барадулін быў вядомы ня толькі як паэт, але і як зьбіральнік фальклёру. «Песьні матчыны з Вушаччыны» — супольны праект сучасных беларускіх музыкаў, якія пераасэнсавалі фальклёр з малой радзімы паэта, сабраны ў аднайменнай кнізе Барадуліна. На ўлюбёны сьпеў паэта — «Дробненькі дожджык» — зьнялі кранальны кліп. Грошы на праект зьбіралі праз краўдфандынг — на сайце Talaka.by.

Віктар Шалкевіч — 8 песень

Бард Віктар Шалкевіч актыўна дае канцэрты па краіне, піша новыя песьні і не забывае старыя. У час канцэрту ў менскім Тэатры эстрады ў кастрычніку 2016 году былі запісаныя некалькі новых і некалькі вельмі даўніх песень, пазьней выдадзеныя інтэрнэт-складанкай на сайце Tuzin.fm.

Shaman Jungle — Amazing

Беларускі гурт Shaman Jungle прадставіў у лютым ужо трэці альбом за 7 год. Дыск «Amazing» прыдумалі і запісалі літаральна за пяць дзён на хутары каля Іслачы. А потым зьнялі ў Налібоцкай пушчы містычны кліп на беларускамоўную песьню-замову «Навігатар». Гучаньне можа нагадаць творы «Троіцы» Кірчука, але беларускія матывы ў альбоме не дамінуюць — яму пасуюць дадзеныя самімі музыкамі азначэньні «world music» і «магічны рэалізм».

Buben Naruszewicz Baisan — Bulbahuana

Яшчэ больш незвычайны праект прэзэнтавала трыё Ўлада Бубена, Леаніда Нарушэвіча (гурт «Князь Мышкін») і Байсана (Алесь Плотка). Супольны праект «Бульбахуана» яны прысьвяцілі пісьменьніку Андрусю Горвату. У ім проста зачытваюцца вершы пад музыку, адны па-беларуску, іншыя па-ангельску.

* * *

Таксама ў лютым беларусы слухалі «Народны альбом»: музычны праект адзначыў 20-годзьдзе канцэртам у Менску. Песьні зь яго гучалі нават у Курапатах, дзе іх сьпявалі спачатку самі пратэстоўцы, а потым і арыгінальны выканаўца — Лявон Вольскі.

Што мы слухалі ў студзені: рэп-карані Belaroots, лірычная Pauline і гісторыя Naviband

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG