Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайцюшкевіч і Някляеў выдалі «справаздачу за 10 гадоў». Па-новаму загучала «Гуляць дык гуляць». Аўдыё


Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і паэт Уладзімер Някляеў
Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і паэт Уладзімер Някляеў

Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і паэт Уладзімер Някляеў выдалі на Soundcloud альбом «У нашых снах», які называюць «справаздачай за 10 гадоў творчай супрацы». У ліку 18 трэкаў ёсьць і песьні зь мінулых альбомаў, і новыя песьні і вершы. Замовіць CD-дыск можна ў інтэрнэт-краме Symbal.by.

Так, у ліку ўжо вядомых песень шлягер «Гуляць дык гуляць»: Вайцюшкевіч сьцьвярджае, што песьня, якая стала славутай у выкананьні ансамблю «Сябры», цяпер, паводле пэўнай інфармацыі, «у чорным сьпісе» праз аўтарства Някляева. Але, напрыклад, папулярная песьня Вайцюшкевіча «Сьцяг» на словы Някляева не ўвайшла ў «справаздачу» (яна выдадзеная на альбоме Вайцюшкевіча 2008 году «Тое, што трэба»).

Паслухаць Някляева і Вайцюшкевіча разам з WZ-orkiestra можна будзе 4 сакавіка ў Вільні. Яшчэ на пачатку месяца раскупілі амаль усе квіткі, але, як сьцьвярджаюць арганізатары, апошнія засталіся ў продажы ў менскай «Тэатральнай касе» і інтэрнэце.

Вайцюшкевіч спрабаваў даць вялікія канцэрты і ў Менску: выступ у канцэртнай залі «Атлянт» быў заплянаваны на 8 студзеня ды быў скасаваны празь «непераадольныя перашкоды» пасьля пачатку продажу квіткоў. Годам раней выступ Вайцюшкевіча ў Менску забаранялі праз «парнаграфічны і экстрэмісцкі характар» тэкстаў песень, ды не растлумачылі, чые вершы былі экстрэмісцкімі — Барадуліна ці Маякоўскага. Але ў сьпевака атрымалася выступіць у менскім бары Beer&Wine 8 і 22 студзеня.

Іншыя музыкі з «чорных сьпісаў» час ад часу атрымліваюць дазволы на канцэрты ў Беларусі, кіраўнік парталу Tuzin.fm і арганізатар шматлікіх канцэртаў Сяргей Будкін сьцьвярджае, што ён у дазволах і забаронах тых ці іншых выканаўцаў не знаходзіць пасьлядоўнай лёгікі і не атрымлівае пераканаўчых тлумачэньняў ад дзяржаўных органаў.

Нядаўна ў межах рэп-праекту Belaroots Вайцюшкевіч пераасэнсаваў свой гіт «Я нарадзіўся тут», у новай вэрсіі песьні ён выказаў абыякавасьць да «чорных сьпісаў» і абяцаў запрашаць на канцэрты ў свой «домік ля Нёмана ў лесе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG