Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ абвясьцілі байкот дэпутату Слуцкаму, якога жанчыны абвінавацілі ў дамаганьнях


Леанід Слуцкі, архіўнае фота
Леанід Слуцкі, архіўнае фота

Шэраг расейскіх выданьняў абвясьцілі аб ігнараваньні дэпутата Дзяржаўнай Думы Леаніда Слуцкага, якога раней некалькі журналістак абвінавацілі ў непрыстойных прыставаньнях (адна нават запісала дамаганьні на дыктафон). Некаторыя СМІ вырашылі ігнараваць усю Думу.

Яшчэ на пачатку месяца «Эхо Москвы» заявіла, што гатовае даць дэпутату эфір для выбачэньняў, але толькі для гэтага і ні для чога іншага. Зранку 22 сакавіка Аляксей Венядзіктаў, галоўны рэдактар «Эха» заявіў, што адклікае з Думы журналістаў радыё ў салідарнасьць з калегамі, якія сталі ахвярамі Леаніда Слуцкага, і праз расчараваньне ў рашэньні думскай камісіі, якая «не знайшла доказаў» дамаганьняў Слуцкага. Цяпер «Эхо» лічыць Думу «небясьпечным месцам працы для журналістаў».

20 сакавіка галоўны рэдактар радыё «Говорит Москва» прапанаваў іншым выданьням «выключыць парлямэнтара зь інфармацыйнаага парадку дня», пакуль той не папросіць прабачэньня ў журналістак, а калі і пісаць нешта пра яго, то толькі з даданьнем бэкграўнду пра дамаганьні.

Мэдыяхолдынг РБК 21 сакавіка адмовіўся працаваць у Дзяржаўнай Думе — ад 21 сакавіка холдынг адклікае з Думы журналістаў сайту, тэлеканалу, газэты і часопіса. Рашэньне зьвязалі з пастановай думскай камісіі па этыцы. Пры гэтым РБК настойвае, каб камісія перагледзела рашэньне, дазваляе сваім журналістам зьвязвацца з дэпутатамі па тэлефоне або асабіста сустракацца па-за Думай і абяцае публікаваць зьвесткі аб яе працы ў інтарэсах аўдыторыі.

Выдавецкі дом «Коммерсант» сьледам абвясьціў байкот Слуцкаму і камісіі па этыцы — іх «перастануць выкарыстоўваць у якасьці ньюсмэйкераў», бо камісія «ператварыла паседжаньне ў суд над пацярпелым».

Тэлеканал «Дождь» заявіў аб прыпыненьні супрацы з Думай, бо лічыць рашэньне камісіі па этыцы «непрымальным і зьдзеклівым» — пра дамаганьні Слуцкага сярод іншых заяўляла іхная журналістка. «Дождь» хоча аднавіць супрацу з Думай, калі там «навядуць парадак» і правядуць «сапраўднае» расьсьледаваньне.

Пракрамлёўскае выданьне «Лента.ру» ў ноч на 22 сакавіка расказала, што будзе «ігнараваць існаваньне» Слуцкага, бо ён «ігнаруе абвінавачаньні» ў дамаганьнях (насамрэч ён не прызнаў віны, але прасіў прабачэньня ў жанчын, якім «калі-небудзь наўмысна ці міжволі прычыніў любыя перажываньні»). Усе матэрыялы пра Слуцкага, што ня тычацца дамаганьняў, паабяцалі выдаліць (на момант публікацыі такія засталіся).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG