Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны-222: Бабруйск. Прадпрымальніца ідзе ў дэпутаты за мірныя перамены


У Бабруйску індывідуальная прадпрымальніца наважылася вылучыць сваю кандыдатуру на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў.

Яна лічыць, што правы прадпрымальнікаў абароняць толькі яны самі. Пакуль жа іхнага голасу ніхто ня чуе. Каб зьмяніць сытуацыю, патрэбныя мірныя перамены, — упэўненая суразмоўніца.

Завуць прадпрымальніцу Тацяна. Свайго прозьвішча папрасіла пакуль не называць, каб не было праблемаў на працы ў мужа. На дэпутацтва наважылася разам з чарговым наступам на «іпэшнікаў» — як уступіў у сілу прэзыдэнцкі ўказ № 222.

Бабруйскі рынак: падманлівая мітусьня пакупнікоў
Бабруйскі рынак: падманлівая мітусьня пакупнікоў

На Цэнтральным рынку Бабруйску Тацяна гандлюе адзеньнем ад 1998 году. Кажа, што пры канцы 1990-х дужа цяжка было знайсьці занятак, які б забясьпечваў матэрыяльна. І, каб мець хоць нейкі заробак, нічога не заставалася, як самой стварыць сабе працоўнае месца:

«Пачала з таго, што было патрэбна людзям. Прывозіла тавар. Такім чынам знайшла занятак сабе і яшчэ некалькім жанчынам. Быў у мяне павільён у гандлёвым цэнтры і некалькі палатак, — згадвае Тацяна. — Толькі бізнэс пачаў прыносіць прыбытак, як прадпрымальнікаў пачалі ўціскаць. Зрабілі так, што давялося звольніць найманых працаўніц. Цяпер у мяне засталося адно працоўнае месца — і тое намагаюцца забраць».

«Лёгкі» прадпрымальніцкі хлеб

Суразмоўніцы 50 гадоў. Знайсьці працу ў Бабруйску цяжка нават маладым, ня кажучы пра такіх, як яна. Каму патрэбна жанчына перадпэнсійнага веку?

«У мяне такое адчуваньне, што на працу цяпер бяруць таго, каго лягчэй звольніць.

Навошта на працоўным месцы чалавек з жыцьцёвым досьведам і разнастайнымі ведамі? Бо, як ні круці, наш бізнэс шмат чаму вучыць. Цяпер наймальнік, як мне падаецца, аддае перавагу не дасьведчанаму працаўніку: папрацаваў крыху, трапіў пад скарачэньне — і ўсё, няма яго. Я гэта зразумела, як сама спрабавала знайсьці альтэрнатыву свайму цяперашняму занятку. Нікому я не патрэбная са сваім рэзюмэ!».

Так выглядае бабруйскі рынак знутры
Так выглядае бабруйскі рынак знутры

Пошук альтэрнатывы гандлю на рынку не дае плёну, — прызнаецца суразмоўніца. Тое, чым яна гандлюе цяпер, не прадаецца, як раней. А грошы, ашчаджаныя зь лепшых часоў, імкліва «зьядае» падаражэлае жыцьцё.

Тацяне незразумелая пазыцыя тых пакупнікоў, якія мяркуюць, што ў прадпрымальнікаў «лёгкі хлеб». Пагаджаецца, што раней была з капейчынай, але каб яе мець, даводзілася працаваць безь пярэдыху:

«Сярод прадпрымальнікаў шмат людзей з вышэйшай адукацыяй, якія пачалі свой бізнэс, бо не было дзе зарабіць. Многія дакараюць, што мы нібыта адпачываем два разы на год. Але, прабачце, мы зараблялі на гэта. У нас не было і няма выходных. Мы пастаянна занятыя думкамі, як заплаціць падаткі, што прывезьці, каб прадаць. Мы і сабе дапамагаем, і радзіме, але выходзіць, што цяпер сталі непатрэбнымі. Нас папросту выкрэсьліваюць з жыцьця», — не хавае эмоцыяў Тацяна.

«Прынцып даміно» і безграшоўе

«Мы, заяўляюць, разбуралі эканоміку, — абураецца Тацяна. — Як наагул і хто да гэтага мог даўмецца? Наадварот: кожны з нас утрымлівае сваімі выплатамі не аднаго пэнсіянэра».

Павільёны поўныя, пакупнікоў — нуль
Павільёны поўныя, пакупнікоў — нуль

Паводле суразмоўніцы, са зьнікненьнем дробнага «базарнага бізнэсу» апынецца бяз працы цэлая кагорта людзей, якія абслугоўваюць гэты сэктар:

«Усё паводле „прынцыпу даміно“: як нас ня будзе, удар на сабе адчуюць сем’і грузчыкаў, тых, хто працуе на рынках ды ў камэрах захоўваньня... Уся базарная інфраструктура».

«Вы прайшлі па рынку і ўбачылі, што ён пусты, — працягвае Тацяна. — Я гандлюю тут 20 гадоў і такога яшчэ ня бачыла, каб пуставалі прылаўкі. У пакупнікоў няма грошай. Людзі зьбяднелі. Многія з прадпрымальнікаў ужо сышлі праз пакупніцкае безграшоўе і гэты 222-гі ўказ. Можа, знайшлі іншы занятак. Нямала тых, што зьехалі гандляваць за межы Беларусі».

Па словах жанчыны, падзеі разгортваюцца такім чынам, што невядома, як і што будзе заўтра:

«Вось і хачу сваім вылучэньнем давесьці тым жа міністрам, розным кіраўнікам, якая сапраўдная сытуацыя ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі».

Каб распрадацца і забыцца
Каб распрадацца і забыцца

«Чырвоная ануча» для прэзыдэнта

Прадпрымальніца згадала, як паўтара года таму здала на часовае захоўваньне непрададзеную школьную падлеткавую форму, за што падатковая інспэкцыя яе аштрафавала:

«Я згадала пра гэтую дабрачыннасьць у падатковай, і мне далі штраф, — кажа Тацяна. — Сказалі, што я не павінна была так рабіць. Затое тымі рэшткамі, якія ў мяне засталіся без сэртыфікатаў ад 1 студзеня, я магу падлогу мыць, і нічога мне за гэта ня будзе. Хіба гэта не абсурд?»

На пытаньне, ці гатовыя падтрымаць свайго калегу прадпрымальнікі з рынку, Тацяна пэўнага адказу ня мае. Дапамагаць у барацьбе за дэпутацкі мандат будуць тыя, хто бліжэй да яе. Многія, кажа, толькі цяпер пачынаюць разумець, што бараніць інтарэсы прадпрымальнікаў могуць толькі самі прадпрымальнікі, якія будуць ва ўладзе.

«Але ёсьць у прадпрымальнікаў і іншае разуменьне: яны — нібы „чырвоная ануча“ для прэзыдэнта. Я і сама цудоўна разумею, што магу не прайсьці адбор на дэпутацтва. Аднак усё адно перакананая: нашай краіне патрэбныя мірныя перамены. Вайны ў нас ніхто ня хоча, але многія спэкулююць на гэтым: маўляў, глядзіце, каб не было ў нас, як ва Ўкраіне. Але мы жывём у цывілізаванай, спакойнай краіне, у якой можна праводзіць рэформы без узрушэньняў. Пакуль усё атрымліваецца наадварот — людзей проста растапталі ды зьняважылі», — заключае Тацяна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG