Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аслабелае эўра вабіць беларускіх турыстаў у Эўразьвяз


Неўзабаве распачнецца сэзон адпачынкаў. Куды падацца беларусу, якога лёс пазбавіў мора і горных вяршыняў, родны ўрад — годных прыбыткаў, а геапалітыка — прымальнай альтэрнатывы традыцыйным напрамкам?

Тэракты ў Тунісе і Эгіпце наўрад ці паспрыяюць актывізацыі на гэтым напрамку. Любімая многімі «даляравая» Турэччына на тле аслабленьня эўра пачынае прайграваць Грэцыі ды Кіпру; Баўгарыя даражэе з-за вымушанага аб’езду праблемнай Украіны, а традыцыйна прывабны Крым пасьля расейскай анэксіі адпадае для каго з маральных прычынаў, а для каго — проста таму, што даехаць зрабілася нашмат цяжэй. У які бок выправіцца «бюджэтнаму» беларусу?

Уладальнік турыстычнай кампаніі Holiday.by Андрэй Барашка сёлетнія прагнозы па галіне ацэньвае наступным чынам:

«Тэракты, вядома, заўсёды зьмяняюць геаграфію: дзесьці часова, а дзесьці і стала. Гэта ўсясьветная практыка, і, хутчэй за ўсё, усплёскаў попыту на Туніс з матываў бясьпекі бліжэйшым часам ня будзе — хоць там і было для беларусаў пэрспэктыўнае, таннае замежнае мора. У прынцыпе, усё ў дадзеным выпадку залежыць ад мясцовых уладаў, наколькі яны змогуць гарантаваць турыстам бясьпеку. То бок тут на першы плян выходзіць ня попыт, а гарантыі з боку кіраўніцтва той ці іншай дзяржавы. І калі гэта адбудзецца, Туніс здолее хутка вярнуцца ў „пул“ попыту беларусаў.

Андрэй Барашка
Андрэй Барашка

Што тычыцца Крыму, які адвальваецца ці ўжо адваліўся, ня ведаю, як лепш сказаць, то на 100% ён не адваліцца. Усё ж ёсьць магчымасьць туды ехаць праз Расею. І нейкая частка людзей паедзе, бо Крым, як ні круці, усё роўна застанецца самым танным морам. Але яўна, што гэта ня будзе кірунак, які ўваходзіць у топ-5 для беларусаў, што мы сёньня на Holiday.by і бачым. Ён застаецца ў дзясятцы, дзесьці ў канцы, але тым ня меней».

І ўсё ж прыхватызацыя Крыму — безумоўная страта для ахвотных нядорага адпачыць зь відам на мора. Паводле ранейшай статыстыкі, на двухмільённую паўвыспу штогод наяжджала ўтрая больш гасьцей, чым ёсьць абарыгенаў. Цяпер, кажа бізнэсовец беларускага паходжаньня, жыхар Севастопаля Ўладзімер Кудзінаў, дзеля запаўненьня пустых санаторыяў групы фармуюць па ўсёй Расеі:

Уладзімер Кудзінаў
Уладзімер Кудзінаў

«Дагэтуль лічылася так: ад траўня да верасьня Крым штогод наведвае 6 мільёнаў чалавек. Сёньня санаторыі, пансіянаты ў асноўным пустыя — няма адпаведных умоваў. Па-першае, вайна ў рэгіёне, санкцыі і г.д. Па-другое, калі раней пасылалі за кошт прафсаюзаў, бюджэту, то цяпер гэта скончылася. Хоць, пачынаючы ад красавіка, з расейскіх рэгіёнаў будуць выпраўляць у Крым людзей, запаўняць здраўніцы. Калі разглядаць турыстычны сэзон увогуле, ён усё роўна раней за травень не пачнецца — зазвычай на майскія сьвяты і пачыналі заяжджаць, бо можна было выкраіць ажно 10 дзён. Думаю, урэшце і з Украіны паедуць, і зь Беларусі, сытуацыя на ўзьбярэжжы спакойная. Феадосія, Чарнаморск, Нікалаеўка — любімыя месцы беларусаў, бо тут ня вельмі дорага. Па маіх прыкідках, мільёны 4 турыстаў павінна быць. Галоўнае, каб не было разьвіцьця ваеннага канфлікту ў Луганску і Данецку, каб мірным шляхам вырашылі».

У сувязі з паступовым выраўноўваньнем курсу даляра і эўра не такім накладным робіцца адпачынак у краінах эўразоны. Зразумела, не настолькі бюджэтным, як у Баўгарыі ці Румыніі, але ўсё ж адносна больш пад’ёмным. З гэтай прычыны аб’ектыўна падвышаецца інтарэс да Кіпру і некаторых курортаў Гішпаніі ды Італіі. І каб не дарагі пералёт ад «Белавія», колькасьць беларусаў на гэтых напрамках магла б істотна падвысіцца. Зрэшты, застаецца альтэрнатыва нашмат таньнейшых вылетаў з Кіева, Вільні, той жа Масквы. Пра новыя тэндэнцыі гаворыць турыстычны экспэрт Андрэй Барашка:

Што тычыцца зоны эўра, то, вядома, для грамадзянаў, якія маюць грашовыя запасы ў далярах, эўрапейскія краіны падзешавеюць

«Што тычыцца зоны эўра, то, вядома, для грамадзянаў, якія маюць грашовыя запасы ў далярах, эўрапейскія краіны падзешавеюць. Глядзіце: эўрапейскія кірункі ў гэтым годзе, і мы гэта бачым на нашым партале, ужо выйшлі бліжэй да топ-5. У прыватнасьці, сюды трапілі Італія, Гішпанія. Пачынаючы ад сакавіка, нават, мабыць, ад канца лютага, беларусы пачалі ў нас на сайце (а яго наведваюць тысячы чалавек штодзень, і я магу казаць пра тэндэнцыі), мэтанакіравана шукаць туры ў Італію і Гішпанію — нашмат актыўней, чым летась. Гэта, заўважце, эўразона. Грэцыя, Кіпр — таксама ў фаворы, але яны не навічкі ў пляне попыту беларусаў, ня новыя напрамкі. Пакуль што „ваў-эфэкту“ не адбылося. Але тое, што іх запытваюць на парадак больш, чым яшчэ ў мінулым годзе, дык гэта факт».

А вось VIP-туры ў экзатычныя куткі сьвету па-ранейшаму носяць эпізадычны характар. Кіраўнік Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмэйстар спасылаецца на абмежаваныя фінансавыя магчымасьці насельніцтва, бальшыні якога не заўсёды даступны нават бюджэтны фармат:

Валянцін Цэхмэйстар
Валянцін Цэхмэйстар

«Некаторы рост эксклюзіўных тураў мае месца, хоць і нельга сказаць, што такія кірункі сапраўды масавыя, надзвычай запатрабаваныя і г.д. Звычайна гэта Індыя, Куба, нейкія больш экзатычныя астравы. Але лік ідзе літаральна на сотні, гэта нават ня тысячы. То бок, яшчэ раз паўтаруся: пакеты індывідуальныя, але сярод пэўнай нішы беларускіх турыстаў такія паездкі запатрабаваныя. Ва ўсім астатнім, мяркую, вялікіх ваганьняў ня будзе: застануцца ўсё тыя ж Баўгарыя, Румынія, Турэччына. Таксама Грэцыя — перадусім за кошт разьмеркаваньня турыстычнага патоку, аслабленьня эўра. І хоць тут выдаткі заўважна большыя, чым, прыкладам, на Эгіпет, але па акцыях можна знайсьці даволі прывабны варыянт. У цэлым наўрад ці варта гаварыць пра істотны рост замежнага адпачынку, але тэндэнцыя да аздараўленьня ёсьць».

Ад 1 сакавіка беларускім турфірмам забаронена працаваць з замежнай валютай, што ўскладняе разьлікі з замежнымі партнэрамі. Таму істотна скараціўся аб’ём раньняга браніраваньня — з-за нестабільнасьці беларускага рубля кампаніі ня могуць замаўляць туры нават на месяц наперад, бо невядома, якая сытуацыя будзе на фінансавым рынку ўжо заўтра. Пры такім раскладзе патэнцыйныя турысты пазбаўляюцца істотных бонусаў, якія можна атрымаць, плянуючы адпачынак загадзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG