Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклага ў Белавескай пушчы хлопчыка будзе шукаць АМАП


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пошукі зьніклага ў Белавескай пушчы 17 дзён таму 10-гадовага Максіма Мархалюка працягваюцца, але пакуль не далі плёну. Цяпер у пошукавай апэрацыі ўдзельнічаюць толькі адмыслоўцы, а маці Максіма ўпэўненая, што ён жывы.

Паводле інфармацыі кіраўніка прэс-службы УУС Гарадзенскага аблвыканкама Яўгена Дудко, на 17-ты дзень зьнікненьня 10-гадовага Максіма Мархалюка ў яго пошуках бярэ атрад міліцыі асаблівага прызначэньня.

«Байцам даручылі найбольш складаныя, цяжкадасягальныя ўчасткі. Па колькасьці дакладна вам не скажу, але там працуюць зараз супрацоўнікі мясцовага РАУС і спэцпадразьдзяленьне АМАП — мяркую, ня менш за 50 чалавек», — патлумачыў Свабодзе Дудко.

Валянтэры «Анёла» пакінулі Новы двор

Кіраўнік атрада «Анёл» Сяргей Коўган сказаў Свабодзе, што ён і ягоныя сябры вярнуліся ў Менск, паколькі ў іх дапамозе зараз няма патрэбы.

«Пошукі працягваюцца, але бяз нас. Там цяпер працуюць адмыслоўцы МЧС і міліцыі, яны абсьледуюць цяжкадасягальныя месцы, балоты, а валянтэры ня маюць допуску праводзіць пошук у такіх месцах», — адзначыў Коўган.

«Я ведаю, што ён жывы і ў некага недзе знаходзіцца...»

Маці зьніклага Максіма Мархалюка спадарыня Валянціна паведаміла сёньня Свабодзе, што таксама ня мае ніякіх навінаў.

Кажа, што кожную раніцу тэлефануе ў штаб шукальнікаў, але ёй таксама нічога ня кажуць, толькі мацярынскае сэрца «падказвае, што сын жывы».

Спадарыня Валянціна распавяла, што кожны дзень да яе прыходзяць псыхолягі МНС і дапамагаюць падтрымліваць маральны стан. А вось што датычыць мясцовых людзей, суседзяў, то ставяцца да яе гора па-рознаму.

«Некаторыя людзі спачуваюць, прыходзяць падтрымліваюць, а некаторыя вінавацяць і асуджаюць. Людзі ўсе розныя...», — кажа яна.

Асноўная вэрсія зьнікненьня не зьмянілася

Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК.

Асноўная вэрсія зьнікненьня хлопчыка па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблукаў у лесе. Праўда, кіраўнік прэс-службы Гарадзенскага УУС Яўген Дудко сказаў Свабодзе, што міліцыя адпрацоўвае і крымінальную вэрсію.

«Яна пакуль не пацьвярджаецца, але мы адпрацоўваем, што магло здарыцца. Праўда, пакуль нават няма за што зачапіцца», — дадае спадар Дудко.

На мінулым тыдні ў беларускіх гарадах, на прыпынках і ў грамадзкім транспарце зьявіліся «арыенціроўкі» з прыкметамі хлопчыка.

Пошукі працягваюцца 17-ы дзень

Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22 гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.

У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў. Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.

Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валянтэраў, але ў мінулую пятніцу супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках возьмуць удзел адмыслоўцы.

10 галоўных фактаў пра зьнікненьне Максіма Мархалюка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG