Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэсавы сакратар Ганчара: Альтэрнатыўныя выбары 1999 году «фэйкам» не былі


Аляксандар Коктыш
Аляксандар Коктыш

Беларускі журналіст Аляксандар Коктыш у інтэрвію Свабодзе згадаў пра час, калі працаваў у камандзе Віктара Ганчара.

Аляксандар Коктыш быў прэсавым сакратаром альтэрнатыўнага Цэнтравыбаркаму і разам з Віктарам Ганчаром спрабаваў правесьці ў 1999 годзе ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі.

— 16 год таму ў Менску зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Як вы мяркуеце цяпер, што зь імі здарылася?

— Можна толькі здагадвацца. Паехалі мужыкі ў лазьню і зьніклі. Але са здароўем у абодвух было добра, дык што адбылося? У той жа вечар мне званіла Зінаіда Аляксандраўна, жонка Віктара Ганчара, я пад’яжджаў на тую пляцоўку за лазьняй, дзе павінен быў стаяць аўтамабіль Красоўскага, на якім яны прыехалі, бачыў ашчэпкі шкла ад вакна аўтамабіля і сьляды крыві. Што гэта было — застаецца здагадвацца. Але такое зьнікненьне цяжка назваць выпадковым. А што зь імі адбылося далей — пра гэта я ведаю ня больш за астатніх, хто цікавіўся матэрыяламі грамадзкага расьсьледаваньня. Але дакладна можна сказаць, што, наколькі я ведаю, ніхто больш з Ганчаром ці Красоўскім ня зьвязваўся і не сустракаўся. Вельмі шкада, што гэтак адбылося зь людзьмі ў росквіце сілаў, што, хутчэй за ўсё, перарваўся іх жыцьцёвы шлях. Ва ўсякім разе, у тое, што яны недзе жывуць і шпацыруюць, мне цяжка паверыць. Што нібыта гэта спэктакль, які яны самі зладзілі, — ня веру.

— Вам вядома пра тое, што рыхтаваў Віктар Ганчар на пачатку восені 1999 году? Наколькі тое, што ён рыхтаваў, было небясьпечна для Аляксандра Лукашэнкі?

— Наколькі мне вядома цяпер, ён рыхтаваў паседжаньне Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які на той момант Лукашэнкам быў разагнаны, але частка дэпутатаў працягвала сваю дзейнасьць. Улетку скончыліся 5 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году, і Віктар Ганчар лічыў, што ўлада мусіла перайсьці да Вярхоўнага Савету, бо новы прэзыдэнт так і ня быў абраны. Мэта была, відаць, сур’ёзная, але тады я поўнай інфармацыі пра ягоны намер ня меў. Мы рассталіся ў ліпені 1999 году, я сышоў зь ягонай каманды і зьехаў на вучобу, а ён працягваў сваю дзейнасьць. Недзе тыдні за 2 ці крыху больш да зьнікненьня ён мне пазваніў і папрасіў пра сустрэчу. Мы сустрэліся ў раёне Камароўскага рынку. Ганчар цікавіўся маімі поглядамі на сытуацыю, дзяліўся сваімі ацэнкамі. Выглядала гэтак, што ён вывучаў, ці зноў запрасіць мяне ў сваю каманду, але нейкай пэўнай прапановы ад яго не прагучала.

Віктар Ганчар, архіўнае фота
Віктар Ганчар, архіўнае фота

— Ці дзяліўся ён сваімі асьцярогамі, што яму нешта пагражае, ён чагосьці апасаецца?

— Не, хвілін 15–20 мы размаўлялі, але за гэты час нічога пра пагрозу сабе ці сваёй сям’і ён не казаў. Сказаў, што працягвае працаваць з дэпутатамі Вярхоўнага Савету, але дэталяў не паведаміў.

— Як атрымалася, што вы сталі прэсавым сакратаром Віктара Ганчара, і чаму вы сышлі зь ягонай каманды?

— На пачатку 1999 году, дакладна ў лютым, як пачалася кампанія па падрыхтоўцы альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, Віктар Ганчар запрасіў мяне на пасаду прэсавага сакратара Цэнтравыбаркаму. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, які працягваў дзейнічаць у межах Канстытуцыі 1994 году, абраў Віктара Ганчара старшынёй Цэнтравыбаркаму і даручыў правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў. Улады гэтыя выбары не прызнавалі і ўсяляк ім перашкаджалі, але нешта атрымоўвалася. Ва ўсякім разе, згадваю, што мы некалькі разоў зьбіраліся, у асноўным у дамах за горадам. А першае пасяджэньне, памятаю, прайшло ўвогуле ў гатэлі «Арбіта», на другім паверсе, нават БТ там было і зрабіла пра нас рэпартаж. Зьмест я ўжо дакладна не згадаю, але зразумела, што нэгатыўны.

Былі сфармаваныя выбарчыя камісіі, кандыдатамі зарэгістравалі Зянона Пазняка і былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра. Галасаваньне адбывалася па хатах: сябры камісіяў хадзілі са скрынямі па кватэрах. Але наколькі гэта было масава — не бяруся вызначыць. Памятаю, што як прэсавы сакратар я абвяшчаў выніковую лічбу, гэта недзе 3,5 мільёна выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах, дакладнай лічбы я ўжо ня памятаю, і што гэтага аказалася недастаткова, каб выбары адбыліся. Пераможца, такім чынам, так і ня быў названы. А пасьля гэтага я сышоў з каманды — на тое былі ўласныя прычыны.

— Як вы ацэньваеце тыя выбары: яны былі «фэйкам» ці сапраўдным народным волевыяўленьнем, якому перашкодзіла ўлада?

— Увага сродкаў масавай інфармацыі была велізарная. Пра сябе скажу, што свой кавалак працы, здаецца, я адпрацаваў. У рэгіёнах актывісты зашавяліліся, зьявілася нейкая агульная аб’яднальная ідэя. А быў гэта посьпех ці правал? Як цяпер кажуць фэйк ці ня фэйк? Ані тое, ані тое. Гэта была публічная кампанія, якая камусьці раскрыла вочы, а з кімсьці абышлася жорстка.

Гэта была публічная кампанія, якая камусьці раскрыла вочы, а з кімсьці абышлася жорстка

— Як склаліся лёсы сябраў Цэнтравыбаркаму, які ўзначальваў Віктар Ганчар?

— Шмат каго ўжо няма. Барыс Гюнтэр памёр у жніўні мінулага году, яшчэ раней пайшоў з жыцьця Георгі Таразевіч, таксама ўжо няма Валера Абухоўскага з Магілёва. Людміла Бажок, якая шмат дапамагала тэхнічна, зьехала з краіны. Ёсіф Навумчык жыве ў Віцебску, працягвае ўдзел у грамадзкім жыцьці. Мікалай Пахабаў працуе ў незалежных прафсаюзах у Фядыніча, здаецца, адказвае за Менскую вобласьць. Былы сьледчы Алег Воўчак працягвае займацца праваабарончай дзейнасьцю. Актыўна нам дапамагала Зінаіда Аляксандраўна Ганчар, яна і цяпер жыве ў Менску, наколькі ведаю, працуе, гадуе ўнукаў, але ад палітыкі адышла. А, вось згадваю, што быў яшчэ ў камандзе кіроўца, Уладзімер Чарноў — наколькі ведаю, ён зьехаў, нібыта ў Нямеччыну.

— Віктар Ганчар — якім ён вам згадваецца? Што б вы ў ім вылучылі найперш?

— Можа, тое, што ён быў сьмелы, дастаткова вядомы, менавіта публічны як палітык, з выдатнымі якасьцямі прамоўцы. Чалавек, зь якім было вельмі цікава і якога сёньня ўсім вельмі не хапае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG