Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: “маршруткі” зьніклі, аўтобусы не зьявіліся


Магілёўскі гарвыканкам абвясьціў конкурс на права абслугоўваньня рэгулярных гарадзкіх маршрутаў аўтамабілямі індывідуальных перавозьнікаў. Арганізатары спадзяюцца знайсьці на два маршруты дванаццаць машын. Тым часам ад 1 студзеня ў выніку ўціску прыватных прадпрымальнікаў колькасьць маршрутных таксовак у Магілёве зьменшылася на чвэрць. У гарвыканкаме цьвердзяць, што замест зьніклых “маршрутак” на лінію цяпер выходзіць больш аўтобусаў і тралейбусаў. Пасажыры, аднак, кажуць пра пагаршэньне сытуацыі з грамадзкім транспартам.


Паводле аддзелу транспарту й сувязі гарвыканкаму, да першага студзеня на гарадзкіх маршрутах працавалі 695 маршрутных таксовак. Цяпер іх колькасьць зьменшылася да 627. Уладальнікі 114 маршрутак перарэгістроўваюцца ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.

Зьнікненьне з гарадзкіх маршрутаў таксовак адразу ж адчулі на сабе пасажыры. Вялізныя людзкія натоўпы на прыпынках, асабліва раніцой і ўвечары, супрацоўнік аддзелу транспарту патлумачыў так:

“Транспарту дастаткова. Адно што частка пасажыраў прызвычаілася да паездак у маршрутках”.

Паводле ягоных словаў, цяпер на маршруты выходзіць больш аўтобусаў і тралейбусаў:

“Колькасьць аўтобусаў была 115, мы павялічылі да 132. 102 тралейбусы працавалі, цяпер 106. То бок мы павялічылі колькасьць транспарту агульнага карыстаньня”, — паведаміў супрацоўнік аддзелу.

Ці могуць пятнаццаць новых адзінак грамадзкага транспарту замяніць чвэрць зьніклых маршрутак? На гэтае пытаньне адказу няма.

А як ацэньваюць працу грамадзкага транспарту магілёўцы?

Падыходжу да спадарыні на прыпынку. Грамадзкім транспартам яна незадаволеная.

Спадарыня: “Дрэнна, таму што транспарт дрэнна ходзіць наагул”.

Карэспандэнт: “Зьнікненьне маршрутак адчулі на сабе пасажыры?”

Спадарыня: “Так, пасажыры гэта адчулі. Дужа доўга стаім на прыпынках. Калі раней яны хадзілі часта, то цяпер дужа рэдка. Мне здаецца, што трэба ўсё вярнуць, як раней было, каб маршруткі добра хадзілі”.

Другая спадарыня таксама лічыць працу грамадзкага транспарту кепскай:

Таму што прызвычаілася — пасьля дванаццаці можна было выехаць на маршрутцы, а цяпер пасьля дзесяці трэба падумаць, дзе яе знайсьці.
“Калі было шмат маршрутак, было лепш. Цяпер горш. Я думаю, што калі гарадзкі транспарт, дакладней — нейкая адміністрацыя, управа ня могуць забясьпечыць людзей без маршрутак транспартам — тады ўсё ж, я думаю, трэба маршруткам даць прастору”.

Маладая спадарыня іншым разам мусіць рана вяртацца дамоў, таму наракае на грамадзкі транспарт:

“Тое, што індывідуальныя прадпрымальнікі пасыходзілі, гэта кепска. Таму што прызвычаілася — пасьля дванаццаці можна было выехаць на маршрутцы, а цяпер пасьля дзесяці трэба падумаць, дзе яе знайсьці”.

Сярод апытаных быў і жыхар Бабруйску. Паводле ягоных словаў, у Бабруйску з 211 маршрутак засталося толькі 40. Вось як ён ацэньвае працу бабруйскага грамадзкага транспарту:

“Мог бы працаваць і лепей. Няхай аўтобусныя паркі болей набудуць аўтобусаў, калі прыватнікам не даюць працаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG