Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывы чарнобылец – уладам перашкода”


Кветкі й вянкі кладуць грамадзкія актывісты да чарнобыльскага мэмарыялу
Кветкі й вянкі кладуць грамадзкія актывісты да чарнобыльскага мэмарыялу
25 красавіка, напярэдадні трагічнай чарнобыльскай даты, прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Гомельскай вобласьці наведалі Брагін, Хойнікі, Рэчыцу, Карму, Чачэрск, Ветку, дзе ўсклалі вянкі й кветкі да чарнобыльскіх мэмарыялаў. Гэта даніна павагі ўсім, хто спрычыніўся да зьмяншэньня згубных наступстваў атамнай катастрофы – жывым і мёртвым, людзям і вёскам, якія сталі ахвярамі “мірнага атаму”.

Чарнобыльскі мэмарыял у Брагіне быў першым на шляху гомельскіх дэмакратаў. Тут стаіць помнік чарнобыльскаму пажарніку, ураджэнцу вёскі Сьпярыжжа Брагінскага раёну Васілю Ігнаценку. Ён адным зь першых ратаваў сьвет ад радыяцыі, сам быў пранізаны ёй наскрозь і памёр у пакутах ад вострай прамянёвай хваробы.

На мэмарыяльных плітах высечаны й назвы паселішчаў, якія спынілі сваё існаваньня пасьля Чарнобыльскай катастрофы – Астрагляды, Жалібор, Залесьсе, Крукі, Пасудава, Ясяні… Звыш чатырох дзесяткаў вёсак ня стала на брагінскай зямлі з-за высокай радыяцыі.

Гаворыць сябра АГП і руху “За Свабоду” Ўладзімер Кацора:

Уладзімер Кацора
“25 гадоў мінула з моманту чарнобыльскай тарагедыі. Мы, як палітыкі й проста грамадзяне Беларусі, ня можам забыць гэтую дату. Кожны год бываем у “зоне”, ушаноўваем памяць чарнобыльцаў, выказваем людзям спачуваньне, якім даводзіцца тут жыць. Гэта толькі зьнешне ўсё добра: жыцьцё ідзе, вуліцы чыстыя, радыяцыя на зубах не скрыпіць. Але ж і мае сваякі вымушаны былі пакінуць раён, баючыся за сябе й здароўе сваіх дзяцей”.



Кіраўнік Рэчыцкай раённай арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” Уладзімер Шэін сам родам з Брагінскага раёну:

Уладзімер Шэін
“Забыць трагедыю ніяк нельга. Тым больш, што цяпер усё больш размоваў вядзецца, што тут чыста, што тут можна жыць і квітнець. Кажуць і пра адраджэньне, але не людзкога патэнцыялу, а зямлі. 4 траўня 86-га я вывозіў зь вёскі Перасьцінец, дзе жыла мая маці, дзяцей сваёй сястры й суседзкіх дзяцей. Была вялікая трывога за іх будучыню. Я зараз ня бачу тут адраджэньня. Паселішчы, якія засталіся, спакваля выміраюць. У Камарынскай зоне ўжо ўсе навакольныя вёскі згуртавалі ў адну гаспадарку”.


Аляксандар Процка
Грамадзкі актывіст Аляксандар Процка, які прыехаў у Брагін з Гомелю, прыгадаў, што ў чарнобыльскую вясну 86-га ён з малымі дзецьмі прыехаў у Астрагляды да цешчы садзіць бульбу:

“У той незабыўны дзень 26-га красавіка я быў тут – бульбу садзілі. І раптам паляцелі верталёты – штук трыццаць. Цешча адразу сказала: штосьці здарылася ў Янаве, дзе атамная станцыя. Але ніякіх паведамленьняў не было”.


Рыгор Клімовіч
Каардынатар стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Юры Клімовіч лічыць, што ўладам лягчэй забыцца на Чарнобыль і прывучыць да гэтага людзей. Але ж “Чарнобыль нагадвае пра сябе – і хворымі людзьмі, і ліквідатарамі, якія паміраюць, але ня могуць усе адразу памерці”.

Спадар Клімовіч кажа, што будаваць Беларусі сваю атамную станцыю “эканамічна нямэтазгодна”, ня кажучы ўжо, што гэта накладваецца на “траўматызаваную постчарнобыльскую сьвядомасьць”.

Па дарозе на Хойнікі прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў заехалі ў выселеную вёску Сабалі, дзе, аднак, жывуць каля паўсотні самасёлаў.

Старшыня абласной сацыял-дэмакратычнай Грамады Алег Шабетнік ад імя кампаніі “Гавары праўду” падараваў мабілковы тэлефон Марыі Абыдзенкавай. Яна прыехала з Барысаву ў Сабалі даглядаць сьвякроў, ды так тут і засталася.


Мінулай восеньню тутэйшых самасёлаў наведаў кандыдат ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Спадарыня Марыя й пажалілася яму, што з Сабалёў цяжка нават датэлефанавацца ў Брагін на мэдыкаў “хуткай дапамагі” – на ўсіх самасёлаў у Сабалях адзін прыватны стацыянарны тэлефон. Вось і дапамаглі жанчыне, якой пасьля апэрацыі на зламанай назе нават дваццаць крокаў зрабіць складана:

“Праз тэлефон можаце гаварыць хоць зараз, – патлумачыў спадар Шабетнік павесялеўшай кабеце. – Кожны месяц Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Гомельскай вобласьці будуць папаўняць ваш рахунак 10 тысячамі рублёў”.

У Хойніках прадстаўнікі ўсклалі кветкі да мэмарыялу выселеных вёсак. Іх у раёне звыш двух дзесяткаў, і найперш тых, што месьціліся на поўдні блізу ракі Прыпяць – за некалькі кілямэтраў ад Чарнобыльскай АЭС.

На зваротным шляху ў Гомелі грамадзкія актывісты заехалі на тэрыторыю Рэчыцкай тампанажнай управы РУП “Беларуснафта”. Тут усталяваны помнік ліквідатарам-нафтавікам. На ім выбіты імёны сотні нафтавікоў, якія спрычыніліся да ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Помнік ліквідатарам-нафтавікам

Ёсьць на абеліску і імя былога матарыста ўправы, чарнобыльскага ліквідатара Васіля Гулая . Ён першым і нёс жалобны кошык кветак да помніка:

Васіль Гулай
“Траціны нашых ліквідатараў з гэтага сьпісу ўжо няма на гэтым сьвеце. Улады могуць лягчэй усталяваць нейкі камень ці памятны знак – і на гэтым супакоіцца. Як калісьці слушна сьпяваў Высоцкі: “Не скажу пра жывых, а нябожчыкаў у нас берагуць”. Жывы чарнобылец – уладам перашкода”.

Спадар Гулай маркоціцца, што тампанажная ўправа, якая два разы пасылала яго ў чарнобыльскую зону, і за 22 гады працы ў якой ён мае беларускую пэнсію, ніяк ня можа прызнаць яго вэтэранам “Беларуснафты”. Маўляў, Васіль пайшоў на пэнсію пасьля працы ў расейскай кампаніі “Раснафта”.

Ліквідатар Гулай скрушна заўважае, што турбуе яго ў гэтай цяжбе адно пытаньне: дасьць ці не тампанажная ўправа “Беларуснафты” транспарт на яго пахаваньне?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG