Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: актывіст “Пэрспэктывы” аштрафаваны


Сёньня старшыня суду Савецкага раёну Гомелю Аляксандар Кострыкаў прызнаў актывіста прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Аляксандра Рубчэню вінаватым у дробным хуліганстве. Аляксандар Рубчэня аштрафаваны на 175 тысячаў рублёў.


“У нас ужо такая завядзёнка: перад масавымі акцыямі пратэсту ўсе актывісты становяцца п’яніцамі й дэбашырамі”, — сказаў спадар Рубчэня.

Вырак судзьдзі актывіст абскарджваць не зьбіраецца, бо лічыць гэта бессэнсоўным заняткам. Прыйдзе час, і ўсе такія пакараньні будуць адменены, кажа ён.

За тры дні да мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў у Менску Аляксандра Рубчэню, які зьбіраўся ехаць на акцыю, сустрэў ля дома невядомы малады чалавек і папрасіў закурыць. Пакуль прадпрымальнік вымаў пачку цыгарэт, “просьбіт” схапіў яго за грудкі, стукнуў у твар кулаком і стаў крычаць: “Міліцыя!”

Міліцыянты зьявіліся адразу ж. У міліцэйскім пратаколе было напісана, што спадар Рубчэня нібыта аблаяў “просьбіта”, на заўвагу не адрэагаваў і нават хапаў таго за вопратку.

Гэтак жа сьведчыў сёньня ў судзе і прызнаны пацярпелым “просьбіт”. Ім аказаўся малады электраманцёр А. Сьмірноў.

У выніку на Рубчэню ў аддзяленьні № 1 Савецкага райаддзелу міліцыі склалі пратакол за дробнае хуліганства й нецэнзурную лаянку. Актывіста зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Вызваліў прадпрымальніка з-пад варты судзьдзя Кострыкаў. Гэта было 21 студзеня. А сёньня той жа судзьдзя яго аштрафаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG