Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Юрыя Лявонава


Мы працягваем цыкль “Адзін дзень палітвязьня” расповедам пра ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава.


За што ў бабруйскай папраўчай калёніі сядзіць Юры Лявонаў з Ваўкавыска? Па сутнасьці, за тое, што быў партнэрам уладальніка ваўкавыскай служы таксі Мікалая Аўтуховіча. Ніхто ня думаў, што яго запратораць за краты, бо ён ня быў публічным чалавекам, ня ўдзельнічаў у апазыцыйнай дзейнасьці, але ад пачатку быў у пары з Аўтуховічам. Юры Лявонаў быў дырэктарам транспартнай фірмы, заснавальніцай якой зьяўлялася жонка Аўтуховіча Алена.

Справа ваўкавыскіх прадпрымальнікаў

Мікалай Аўтуховіч займаўся у Ваўкавыску пасажырскімі перавозкамі на таксі. Пасьля прэзыдэнцкага дэкрэту 2003 году, ён, як прадпрымальнік, мог наймаць толькі трох кіроўцаў. Іншыя кіроўцы перайшлі ў фірму “Ніка-транс”, працягваючы працаваць на ягоных машынах. Аднак суд палічыў гэта “незаконнай схемай” работы: Аўтуховіч павінен быў стварыць фірму таксі, і калі ён гэтага не зрабіў, значыцца не заплаціў усе падаткі, а спадар Лявонаў яму ў гэтым паспрыяў.



Можна нават сказаць, што ў пэўнай ступені дырэктар “Ніка-транс” пацярпеў за чужы бізнэс. Але трэба зазначыць, што паводзіўся ён заўжды годна, не спрабаваў на судзе адасобіцца ад Аўтуховіча, тым больш не прыніжаўся. Увогуле стварылася ўражаньне, што Лявонава пакаралі за тое, што ня даў паказаньняў супраць яго, не зламаўся, не пагадзіўся з вэрсіяй суду, што яны займаліся ня бізнэсам, а злачыннай справай…

За кратамі Лявонаў шые міліцэйскія шэўроны


Ваўкавыскі сябра Юрыя Лявонава Уладзімір Асіпенка перакананы, што гэтая справа ад пачатку мела палітычнае адценьне. Лявонаў — аднадумца Аўтуховіча, ён узначальваў яго выбарчы штаб падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, удала праводзіў агітацыйную кампанію, таму яны абодва яны былі нязручныя для ўладаў. Лявонаў і сёньня не прызнае сваю віну. Напэўна таму ня трапіў і ў сьпісы для амністыі.

Праўда, асноўнай прычынай турэмнае начальства называе тое, што ён не пагасіў штраф. Але такую суму (а гэта больш за 350 мільёнаў рублёў) немагчыма выплаціць, нават будучы на свабодзе, да канца жыцьця, кажа спадар Асіпенка. Юры Лявонаў жыў небагата, дадае ён: у яго апісалі гараж, машыну і рэчы ў кватэры. Сябры сям’і скінуліся і выкупілі ўсё, апроч гаража.

Жонка Яўгенія ня хоча размаўляць пра мужа, ёй цяжка. Уладзімір Асіпенка кажа, што яму даводзілася гутарыць з Юрыем: ім дазваляецца раз на месяц тэлефонная размова на чатыры хвіліны. Зьняволены сказаў, што працуе, шые шэўроны для міліцыі, выконвае ўсе патрабаваньні, але настрой у яго зусім не выдатны: турма ёсьць турма. Вельмі спадзяваўся спадар Лявонаў на амністыю, паколькі ня мае ні заўвагаў, ні парушэньняў, але спадзяваньні гэтыя пакуль што ня спраўдзіліся.

Аўтуховіча вывелі ў кайданках

Мне запомніўся той момант, калі ў сярэдзіне кастрычніка 2005 году Лявонаў з Аўтуховічам прыехалі ў Горадню ва упраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў. Гэта на скрыжаваньні вуліц генэрала Карбышава і паэта Міхася Васілька. Шэрыя тратуары аздобіла пажоўклая лістота, сутоньне хутка ператваралася ў цёмны восеньскі вечар. Ужо некалькі гадзінаў як Аўтуховіча з Лявонавым не выпускалі вонкі, мне тады ўдалося дазваніцца да першага зь іх, але пазьней тэлефон ужо быў адключаны.

Спачатку іх азнаёмілі з матэрыяламі экспэртызы па крымінальнай справе супраць фірмы “Ніка-транс”, пасьля гэтага яны ўвесь час знаходзіліся ў розных пакоях. Праз некалькі гадзінаў Аўтуховіча вывелі ў кайданках, а Лявонава пазьней адпусьцілі. Як раз тады патэлефанавалі з Ваўкавыску і ён даволі нэрвова адказаў, што на свабодзе, а вось Аўтуховіча “на свабодзе няма”.

Да слова: Мікалая Аўтуховіча тады пасадзілі ў сьледчы ізалятар. Я бачыў, як з брамы выехала машына, унутры сядзеў ваўкавыскі прадпрымальнік, абапал яго — людзі ў цывільным. Набліжалася ноч, а “мэрсэдэс”, якім абодва прыехалі з Ваўкавыску, арыштавалі.


Галадоўкі ў Ваўкавыску


Спадар Лявонаў на працягу змаганьня Аўтуховіча за свой бізнэс займаўся часам нябачнай звонку працай: езьдзіў у міністэрствы, падатковую службу, у суды. Усё гэта рабіў і Аўтуховіч, калі яму налічвалі вялізныя штрафы, арыштоўвалі таксоўкі, але ён таксама праводзіў галадоўкі пратэсту, зьвяртаўся да журналістаў, да прадстаўнікоў уладаў. Да гэтых галадовак часам далучаліся дзесяткі чалавек, перадусім кіроўцаў таксовак.

Аднойчы вырашыў пагаладаць зь імі і Юры Лявонаў, пратрымаўся некалькі дзён, але прызнаўся мне, што яму трэба працягваць досыць напружаную работу, а галадаваньне яго ўсё ж паслабляе. Галоўнае, што ён праявіў салідарнасьць.

Памятаю: Лявонаў паводзіўся звычайна спакойна, стрымана, але часам мог узгарэцца, калі лічыў, што чыніцца несправядлівасьць. Штрафныя санкцыі накладаліся ня толькі на таксоўкі, таксама арыштоўвалі грузавыя аўтамабілі “Ніка-транс”, работа спынялася, кіроўцы ня мелі заробку.

Вынік іхняга змаганьня: Аўтуховіч зь Лявонавым апынуліся ў турме. Налічаныя першаму зь іх “заднім чыслом” падаткі, яны павінны сплаціць напалам. Эканамічная свабода — рэч няпэўная. Можна сказаць, што Юры Лявонаў зрабіўся закладнікам сытуацыі: каб не было дэкрэту, прадпрымальнік Аўтуховіч па-ранейшаму плаціў бы падатак за ўсіх кіроўцаў, што працавалі на таксоўках, а фірма “Ніка-транс” працягвала б займацца грузавымі перавозкамі. І не было б ніякай крымінальнай справы, судовага працэсу і зьняволеньня…

Абвінавачаньне супраць Юрыя Лявонава прагучала так: ён выкарыстаў свае службовыя паўнамоцтвы — заключыў дамову з прадпрымальнікам, аформіў і трымаў у штаце кіроўцаў, якія насамрэч працавалі на Аўтуховіча. Карацей, выкарыстаў свае службовыя паўнамоцтвы на карысьць Аўтуховіча.


Юры Лявонаў нарадзіўся 23 жніўня 1961 году ў горадзе Калінін Маскоўскай вобласьці Расеі. Закончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, пасьля яго забралі на два гады ў войска афіцэрам. Служыў на аэрадроме ў Росі, у 1991 годзе звольніўся, капітан запасу. Стаў прадпрымальнікам, стварыў напачатку сваю фірму.

Жонка Яўгенія працуе ў дзіцячым садку. Дзьве дачкі — Алена і Юлія замужам, ёсьць унучка.

Юры Лявонаў быў зьняволены 7 ліпеня 2006 году на 3 гады 5 месцаў, пакараньне адбывае ў Бабруйску ў папраўчай калёніі N2 строгага рэжыму.

Фірма “Ніка-транс” знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі: людзі звольнены, шэсьць аўтамабіляў з прычэпамі канфіскаваны і прададзены за 130 мільёнаў рублёў у кошт санкцыяў, накладзеных на фірму раней гаспадарчым судом (поўная сума штрафу 441 мільён рублёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG