Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Міхаіла Чыгіра


Летась у ліпені і сёлета ў лютым на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.


Цёмная вопратка, у якой Міхаіл Чыгір адбыў восем месяцаў зьняволеньня ў сьледчым ізалятары, дагэтуль захоўваецца ў яго. Жонка былога палітвязьня Юлія Чыгір:

“Хаця кажуць, што так нельга рабіць, бо не зусім добрая прыкмета. У нас з мужам адна звычка зьявілася – мы Валадарку абыходзім з усіх бакоў. Я больш не хаджу па гэтай вуліцы, бо яна мне пра многае, нават больш, чым Чыгіру нагадвае. Чатыры гады і месяц туды хадзіла амаль штодня, ляпала мэталёвымі дзьвярыма.

Гэты час быў нам адведзены як нейкае выпрабаваньне, бо мы нічога ня зьдзейсьнілі, каб так караць. Наша сям’я перанесла гэтыя выпрабаваньні прыстойна. Толькі ў тых людзей, у якіх жыцьцё кароткае, не бывае такіх момантаў”.


“Самае страшнае, што адбылося з маёй сям’ёй – гэта арышт малодшага сына”

Юлія Чыгір згадвае тыя чатыры гады: восем месяцаў Міхаіл Чыгір за кратамі, а потым тры гады і тры месяцы сын Аляксандар.

“Сына трымалі ў камэры закрытага тыпу. І якіх ён толькі хваробаў там не атрымаў. Ён 16 зубоў уставіў пасьля таго, як выйшаў з Валадаркі”.

Гісторыя з сынам – самае балючае для былога палітвязьня Міхаіла Чыгіра:

“Тое, што адбылося са мной, як бы сказаць, ня вельмі й страшна. Ніхто там мяне не катаваў. Умовы былі больш-менш зносныя. Але самае страшнае, што адбылося з маёй сям’ёй – гэта арышт майго малодшага сына. Яго зьвінавацілі ў крадзяжы машын. Вядома ж, таксама ніводнага слова праўды. Помсьцілі мне праз майго сына, які адбыў у ізалятары тры гады. Лічу доўгам свайго жыцьця і буду рабіць усё магчымае, каб людзі адказалі за гэта па поўнай праграме. Дараваньня ня мусіць быць, яны мусяць быць пакараныя. І найперш не па маёй справе, а па справе сына. Я займаўся палітыкай. Але ж прычым тут дзеці?!”

У 1999 годзе Міхаіл Чыгір вылучае сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах. Іх ініцыяваў Вярхоўны Савет, разагнаны кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пасьля рэфэрэндуму. Падчас гэтай палітычнай кампаніі Міхаіл Чыгір й быў затрыманы ў Менску: “мінівэн” перагарадзіў дарогу машыне, у якой палітык выехаў з офісу перадвыбарчага штабу, ачэпленага спэцназаўцамі. На капот упалі людзі, якія накіравалі пісталеты на Чыгіра і кіроўцу. У сьледчым камітэце міністэрства ўнутраных справаў пасьля допыту, склалі пратакол, які Міхаіл Чыгір не падпісаў.


“Калі хочаш застацца на свабодзе, то трэба зьехаць з краіны”

“Яны сказалі, што я скраў 20 мільёнаў даляраў, ёсьць непагашаныя крэдыты і гэтак далей. Гэта ўсё было сьмешна. Пра тыя даляры ніхто ня ведаў, у тым ліку і я. Скончылася тым, што пазьней справа аб крадзяжы была закрытая.

Аб маім затрыманьні мяне папярэдзілі некаторыя прадстаўнікі спэцслужбаў. Яны сказалі, што такое рашэньне прынятае і, калі хочаш застацца на свабодзе, то трэба зьехаць з краіны.

Я быў упэўнены ў тым, што ніякіх крымінальных дзеяньняў не зрабіў і, калі праваахоўныя органы трымаюцца закону, то падставы для майго арышту няма. Таму была такая невялікая часьцінка спадзяваньняў, што вырашылі крыху папужаць. Але насамрэч было ня так”.

Пэрсанал ізалятару адзначыў, што ад дня заснаваньня ўстановы, яе парог пераступіў першы былы кіраўнік ураду. Як толькі яго прывялі ў камэру, прыйшла зьвестка: вязьні прасілі пацьвердзіць, ці тут знаходзіцца былы прэм’ер. І калі атрымалі адказ, Міхаіла Чыгіра павіншавалі.

Спадар Чыгір большую частку зьняволеньня адбыў у камэры 175, па ягоных словах, крыху лепшай за іншыя.

“Бо ў ізалятары ёсьць камэры ў падзямельлі і там улетку такая духата, што людзі ня могуць дыхаць. Усе сьцены плачуць, цякуць. Паветра не хапае. Вэнтыляцыі дастатковай няма. Умовы страшныя і многія ж не вытрымліваюць. Так зьдзекавацца са свайго народу нельга”.


“Месяц, другі – сьледчы не прыходзіць”

А што было найбольш складаным у зьняволеньні?

“Чалавек сядзіць у клетцы, мае там два квадратныя мэтры – назад-наперад. І 30 хвілін прагулкай называецца, дзе неба таксама праз краты. Вядома, што цяжка гэта ўсё успрымаецца, пераносіцца. Калі чалавек учыніў злачынства, ён мусіць быць да гэтага гатовы. А для таго, хто нічога незаконнага не рабіў, наогул, незразумела за што і чаму. І гэтае пытаньне паўстае штодня. Ну, заўтра паглядзяць, разьбяруцца, ну пасьлязаўтра...У некага сумленьне загаворыць, скажуць: “Выходзь”...

Чалавек не разумее чаму – вось жалезныя дзьверы зачыняюцца і на гэтым усё. Як робіцца?! Віну не прызнаеш – сьледчы пайшоў. Месяц, другі – сьледчы не прыходзіць. І што чалавек павінен думаць? Прыйшоў праз два месяцы, пытаецца: “Ты прызнаеш?” Не прызнаеш. І зноў пайшоў на два месяцы. Гэта ня кожны можа вытрымаць.

І тое, што мы пасьля камуністычных часоў не перагледзелі нашу судовую сыстэму, дзейнасьць праваахоўных органаў, у гэтым ёсьць у пэўнай частцы і мая віна. Бо я яе ніколі ня ведаў, не сутыкаўся і ня думаў, што так можа быць, як ёсьць на самай справе.

Ізалятар – гэта скарачэньне жыцьця, пагаршэньне здароўя. Ну што там казаць, ізалятар – гэта страшэнная ўстанова. Яна зроблена так спэцыяльна, каб чалавек седзячы там пагаджаўся, прызнаваў віну і выходзіў у калёнію, бо ў калёніі выжыць значна лягчэй, чым у сьледчым ізалятары”.

Міхаіл Чыгір кажа, што прызвычайваецца да любых умоваў. Там была магчымасьць чытаць. Чытаў усё, што пад рукі трапляла. Месяцаў праз пяць дазволілі перадаць электронны слоўнік і вязень пачаў займацца ангельскай мовай. Гэты слоўнік спачатку даслалі на экспэртызу, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў асьцерагаліся, што ён можа запісваць допыты ці яшчэ што.


Як цяпер Міхаіл Чыгір успрымае свой арышт?

“Як вялікае глупства. Працавала амаль два гады сьледчая група з 24 чалавек, каб знайсьці нейкі крымінал. Гэта патрачана амаль 50 гадоў у пераліку на чалавека-гадзіны. А колькі яшчэ было спэцыялістаў, экспэртаў. Я казаў сьледчым, што б вы ні рабілі, у маіх дзеяньнях ніколі ня знойдзеце крыміналу.

Я ў свой час працаваў інструктарам ЦК партыі і добра ведаю, што такое партыйная дысцыпліна. На маіх вачах ламаліся лёсы людзей у той час, але ж ня так жорстка, як цяпер. За нейкія правіны іх пераводзілі на іншую працу, на больш нізкую. А сёньня гэта, як правіла, заканчваецца турмой, найперш для апазыцыйных палітыкаў”.

Акрамя сына, была асуджана і жонка экс-прэм’ера: ўмоўна на два гады пазбаўленьня волі. Міхаіл Чыгір згадвае:

“Падчас майго суда, гэта не ўкладваецца ў разуменьне, міліцыянты закруцілі ёй рукі, зрабілі балюча і яна ад болю ўкусіла міліцыянта за вуха і ён падаў у суд. Дзе гэта афіцэрская годнасьць і чаму так адбываецца. Такая краіна, што ж зробіш. Не асуджаным застаўся старэйшы сын, бо ён зьехаў у Нямеччыну. А так асуджаны мы ўсе. Што гэта такое, я, наогул, не разумею”.

Юлія Чыгір дадае:

“Страшна ўспамінаць, што нейкі саплівы міліцыянт цягне мяне перад маімі родзічамі, ледзь ня ўверх нагамі з задранымі спадніцамі. Абдзірае, аблапвае ўсю. За маё процістаяньне супраць такіх дзеяньняў зь мяне робяць пасьмешышча – я там некага пакусала. Пакусала. І шкадую, што мала. Бо я кусала не наўмысна і выходзіла за рамкі сваіх эмоцый”.

“Пэнсію не выплачваюць, выкінулі з лечкамісіі”

Міхаіл Чыгір цяпер беспрацоўны – пра работу ў дзяржаўнай структуры няма й гаворкі. Пайшоў неяк у камэрцыйную, але чалавек, які ўзяў на працу, потым з-за гэтага меў праблемы. Ён цяпер не займаецца палітыкай, не бярэ ўдзелу ў грамадзкім жыцьці. Менавіта таму, лічыць, што ўлады пакінулі яго ў спакоі. Юлія Чыгір кажа:

“Маёмасьць уся апісана, і яго палова яму ўжо не належыць. Усё знаходзіцца ў падвешаным стане. У нас многае вывезьлі з кватэры – усе да апошняй тумбачкі. Адзінае, што пакінулі – ложак. Маю маёмасьць забраць ня могуць, а яго могуць забраць у любы момант. Ёсьць гараж, мы б яго даўно прадалі. Ён прызнаны за Чыгіром. Але яго і забіраць не забіраюць, і нам ён не належыць. Пэнсію не выплачваюць, выкінулі з лечкамісіі”.

Цяпер Міхаіл Чыгір часта езьдзіць у госьці ў Маскву і ў Кіеў. Шмат часу праводзіць на сваёй пасецы ў роднай вёсцы на Капыльшчыне. Мае каля 40 пчаліных сямей. Бортніцтва лічыць прыемнай справай і ганарыцца, што парадзіў многа пчаляроў.


“Для мяне мёд і сала – самыя асноўныя харчы”

За краты на Валадарку жонка часта прыносіла зьняволенаму мужу мёд.

“Перадачы атрымоўваюць далёка ня ўсе. І калі што перадаецца, то дзеліцца на ўсіх. Там яшчэ ёсьць пералік, што можна, што нельга перадаваць.

Якая там страва? Бульба адвараная з сольлю ў вадзе і капуста згатаваная ў катле без нічога. Яшчэ добра, калі пачышчаная і ў чыстай вадзе. Але што нядрэнна, і гэта заслуга Алкаева, які ўцёк у Нямеччыну, ён значна павысіў нормы перадачы. І за кошт гэтых перадачаў людзі маглі падтрымліваць сябе.

Для мяне мёд і сала – самыя асноўныя харчы, якія не псуюцца. Там жа сьпякота такая, што нельга вытрымаць. Уявіце, калі чалавек 20 пасадзіць у невялічкі пакой, то там ацяпленьне не патрэбнае. А калі яшчэ сьвеціць сонца і нельга праветрыць... Калі служба працавала нармальна, то яны дазвалялі прыадчыніць так званую “кармушку” у дзьвярах. Тады ідзе нейкі скразьнячок. А калі кармушка зачынена, то вэнтыляцыі няма. Нават калі вакно адчынена, невялікае і з так званымі вейкамі. Усё ж заварана, каб ты бачыў толькі неба, а ўніз ня мог паглядзець на зямлю”.

Юлія Чыгір згадвае:

“Калі было вясельле сына Сашы, маладыя паехалі ў ЗАГС. Я ўзяла маленькую бутэлечку, у якую наліла каньяк, схавала ў жаночых складачках і пабегла на спатканьне з мужам. І мы з гэтай бутэлечкі зь ім за вясельле сына выпілі. Таксама былі народзіны ўнука пакуль ён там сядзеў”.

А што ж дапамагала чакаць мужа?

“Калі ён вырашыў удзельнічаць у палітычным жыцьці краіны, то мы разумелі, што гэты шлях ня лёгкі, і былі гатовы да выпрабаваньняў. Па другое, вакол мяне знаходзілася вельмі многа добрых людзей, маіх сяброў, проста знаёмых. Былі з дзясятак бабулек з Берасьцейшчыны, якія прыслалі мне свае пэнсіі дзеля дапамогі. Ля Валадаркі сустрэў мяне адзін будаўнік і даў 100 даляраў, сказаў, гэта ўсё, што можа даць, каб дапамагчы. Я ня ведаю нават яго імя, ён сказаў, што гэта ня важна. Такія моманты дапамагалі. Нядаўна чытала ўспаміны жонкі Карпенкі і іншых, яны пішуць, што засталіся зусім адны. Пра сябе я не магу так сказаць. Наадварот, я адчула вялікую падтрымку”.

“Адзін са сьледчых сказаў, што прыйдзе час і ён адседзіць столькі ж, як і я”

Міхаіл Чыгір згадвае, што нават сярод тых, хто фабрыкаваў супраць яго крымінальную справу, былі людзі, якія ў прыватных размовах прызнаваліся, што з цягам часу мусяць быць пакараныя за гэта...

“Адзін з сяброў групы, якая вяла расьсьледаваньне ўрэшце сказаў, што прыйдзе час і ён адседзіць столькі ж як і я і крыўдзіцца ня будзе. Вядома, мяне гэта ўзрушыла. Як гэта столькі! Ты мусіш сядзець больш, ты падпісваў дакумэнт, фальшаваў справу. І таму ты мусіш сядзець больш, чым я сядзеў. Столькі, колькі патрабуе закон. Пасядзіш хаця б столькі як мой сын. Такія ж падлюкі сфабрыкавалі справу па сыну.

Ёсьць розныя мэтады камусьці помсьціць. Вядома, што бываюць выпадкі, калі людзям, якія там займаюцца фальшаваньнямі, помсьцяць жорстка. Я лічу, гэта не той выпадак. Павінны быць пакараныя людзі, якія сфальшавалі справу, паставілі подпісы.

Там ёсьць такія людзі, якія сваю маці пасадзяць дзеля адной зорачкі на плячах. На жаль, апошнім часам у нашых праваахоўных органах такіх людзей стала вельмі многа.

Гэта не павінна заставацца беспакараным. Будзем чакаць, я думаю, прыйдзе час. Я думаю, яны не пасьпеюць схавацца. Хаця многія з тых, хто браў удзел у маёй справе, пакараны зьверху (тут пачынаеш верыць, што Бог ёсьць) па поўнай праграме.

Для мяне было важна, што маю жонку дапусьцілі ў якасьці абаронцы ў маёй справе. Яна мела магчымасьць сустракацца са мной прыходзіць ў ізалятар і было лягчэй цягам гэтых васьмі месяцаў. Прыходзіла даволі часта і я некалькі хвілінаў меў магчымасьць зь ёй перагаварыць. Яна вельмі добра ведала маю справу і моцна дапамагла ў абароне.

Сьледчыя, ёсьць як сабакі ланцуговыя, спрабавалі літаральна зь нічога высмактаць, прыдумаць, сфальшаваць. Але ім было цяжка, бо яна – юрыст-гаспадарнік, працавала ў банку і добра ведала гэту справу”.


Дзень вызваленьня

Найбольш Міхаіл Чыгір памятае дзень вызваленьня. Перад гэтым зь ім сустрэўся кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ Ганс-Георг Вік.

“Ён сказаў, што рашэньне прынятае і бліжэйшымі днямі Вы будзеце на свабодзе. Выхад на свабоду – гэта другі чалавек зьяўляецца. Бо ў зьняволеньні -- які ты там чалавек? Ты ёсьць чалавечае аблічча і больш нічога. А ўжо выхад на свабоду – куды захацеў, пайшоў, чым хочаш займаешся. На сьвежым паветры. Вядома. што гэта вельмі станоўча адбіваецца на чалавеку. І кожны памятае як гэта было, хто сустрэў першы, у колькі гадзін – гэта ніхто ніколі не забывае.

Як правіла, знаходжаньне ў турме мяняе сьветапогляд, чалавек хутчэй прыстасоўваецца да нейкіх праблемаў, няўдач у жыцьці. Выходзіць іншы чалавек, больш спакойны”.

Падчас зьняволеньня сьледчы прапаноўваў Міхаілу Чыгіру накіраваць пакаянны ліст Аляксандру Лукашэнку:

“Я адмовіўся, бо ў чым каяцца?”

Тым, хто сёньня змагаецца за дэмакратыю, Міхаіл Чыгір жадае адзінства. Да новых палітвязьняў, якія ў нечым нагадваюць яго асабісты лёс, Міхаіл Чыгір ставіцца са шкадаваньнем, што яны мусяць праводзіць час у вязьніцы:

“Ды ёсьць тысячы падыходаў як ня даць магчымасьці Казуліну разьвівацца як палітыку, не хаваючы яго ў турму. Людзі, якія працуюць у атачэньні прэзыдэнта, гэта ведаюць. Навошта яны яго ў турму схавалі, я ніяк не магу зразумець. Вядома ж, для грамадзтва Казулін ніякай небясьпекі не ўяўляе. Наогул, для грамадзтва палітвязьні – гэта справа дрэнная. Для грамадзтва горш, калі ёсьць палітвязьні. Ну, ёсьць у чалавека іншы погляд, дык вы даказвайце, што ён няправільны. За гэта садзіць у турму? Гэта гаворыць пра ўзровень разьвіцьця грамадзтва – ня больш. У нармальным грамадзтве гэтага не адбывалася б. Ёсьць палітычная барацьба, розныя погляды. Гэта ўсюды так. Але ж не праз турму весьці барацьбу зь іншымі поглядамі”.



Міхаіл Чыгір нарадзіўся 24 траўня 1948 году ў вёсцы Вусава Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Закончыў спэцфакультэт па міжнародных эканамічных стасунках пры Маскоўскім фінансавым інстытуце.

Працаваў старшынём праўленьня Беларускага акцыянэрна-камэрцыйнага аграпрамысловага банку “Белаграпрамбанк”.

З 1994 па лістапад 1996 году быў прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь. Падаў у адстаўку ў знак нязгоды з правядзеньнем рэфэрэндуму, ініцыяванага прэзыдэнтам. Працаваў упраўляючым прадстаўніцтвам Эўрапейскага канцэрну “CEA” у Расеі.

Калі ў 1999 годзе Вярхоўны Савет ініцыяваў правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў, вылучыў сябе кандыдатам на гэту пасаду. Падчас выбарчай кампаніі быў арыштаваны. Адбыў у сьледчым ізалятары 8 месяцаў -- ад 30 сакавіка па 30 лістапада 1999 году. Быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.

Суд зьвінаваціў Чыгіра ў тым, што на пасадзе прэм’ера ён даў адной з фірмаў адтэрміноўку ў мытных плацяжах. 19 траўня 2000 года Менскі гарадзкі суд вынес прысуд М.Чыгіру – тры гады з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG