Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Графу Пуслоўскаму не давалі шэсьць сотак, як нам”


Падарожжы Свабоды Косава, Івацэвіцкі раён. Эфір 18 сьнежня


Горад Косава. Восьмая раніцы. Людзей на вуліцы амаль няма. Насупраць абшарпанага будынка кінатэатру мужык сярэдніх гадоў намагаецца завесьці стары “фальксваген-гольф”. Я падыходжу, каб прыкурыць і задаць адвечнае пытаньне пра жыцьцё-быцьцё.

Валодзя: “Работы няма нідзе. Прапілі ўсе фабрыкі. Ня слухай нікога. Папрадавалі ўсё”.

Карэспандэнт: “Тут жа завод быў...”

Валодзя: “Мэбля. Усё ў прыватныя рукі пайшло. Там больш-менш атрымліваюць хлопцы. Чатырыста, пяцьсот — для Косава маленькага хапае. А так усё. Бічуюць”.

Карэспандэнт: “А з чаго людзі жывуць?”

Валодзя: “На заробкі езьдзім, на Расею. Вунь, глядзі, кінатэатар наш. Ня паляць там”.

Карэспандэнт: “Кіно не паказваюць?”

Валодзя: “Кіно паказваюць. Валёнкі, футра надзявай і глядзі.

Вікторыя Савосьціна – карэнная касаўчанка. Гэтай усьмешлівай і гасьціннай кабеце, з маладым голасам і маладымі ж вачыма, не дасі больш за гадоў 65. Насамрэч спадарыні Вікторыі хутка 80. Яна нарадзілася ў тым даваенным Косаве, якое часта любіць прыгадваць.

Карэспандэнт: “Косава сёньняшняе. Яно нагадвае Косава даваеннае?”

Вікторыя: “Нават і блізка. Забудовай, колькасьцю людзей. Людзей было многа. Гэтых крамаў. Больш за сто крамаў. Усё было ў сьвятле. Усюды было людзей многа. Усюды людзі. А зараз пустыня. На нашай вуліцы ўжо дзесяць пустых хат. Партызаны, як напалі на Косава, больш крыўды зрабілі Косаву, чым немцы, калі наступалі. Столькі папалілі, і дом Касьцюшкі тады спалілі. Партызаны спалілі, ідыёты гэтыя. І палац Пуслоўскіх. Гэта страшнейшы балаган. Пад маркай партызан было многа няўчцівых людзей, якія рабавалі”.

Карэспандэнт: “А Вы хадзілі ў гэты палац да вайны? Што там было?”

Вікторыя: “Там было староства. Там была школа пчалаводаў. Пры саветах там была частка вайсковая”.

Карэспандэнт: “А які сэнс быў паліць?”

Вікторыя: “Ёсьць народ беларускі, сапраўды разумны і добры. А ёсьць дурні. Дурні палілі ды яшчэ потым хваліліся. А мы плакалі. Бо палілі снапамі. Ставілі на вокны. Два тыдні палілі”.



Маёнтак Касьцюшкі “Марачоўшчына” — літаральна за кілямэтар ад Косава. Я быў тут гадоў дзесяць назад. Тады на месцы панскага двара было пустое месца, абгароджанае ланцугамі. Непадалёк чырванела рамантычная руіна дому, дзе некалі жыла чэлядзь. Нэагатычны палац Пуслоўскіх з дарогі не праглядаўся зусім. Настолькі ён зарос лесам. Сёньня карціна зьмянілася непазнавальна. Лес перад палацам прарэдзілі. І шэрая руіна праглядае скрозь дрэвы велічным прывідам. Лепшай дэкарацыі для “Чорнага замку” не знайсьці.



Замак нават крыху ашляхецілі – пафарбавалі ружовай фарбаю яго ніжнюю частку. Каб схаваць шматлікія немілагучныя “надписи на русском языке”. Былую чалядніцкую зьнесьлі. На яе месцы сёньня кавярня “Ў Тадэвуша”.








Нанава ж адбудаваная сядзіба ўжо чацьверты год чакае гасьцей. І турыстаў з кожным годам становіцца ўсё больш. Асабліва з Польшчы. Сустракае мяне маладая прыгажуня Ніна Ашуркевіч.











Ніна: “Музэй адкрыўся 23 верасьня 2004 году. З шасьці пакояў, якія могуць глядзець турысты, быў зроблены толькі адзін. Паступова за тры гады ўсё дарабілі. Грошы зь ягонай выявай. Ядры канца 18 стагодзьдзя”.

Карэспандэнт: “А які самы каштоўны экспанат?”

Ніна: “Дзіда. Наканечнікі дзідаў. Людзі зьвяртаюць увагу на шаблю. І косы касінераў”.






Экспазыцыю музэю нельга назваць беднай. Эпоха Тадэвуша Касьцюшкі прадстаўлена досыць разнастайна. Ёсьць тут і зброя. Шляхецкі побыт прэзэнтаваны самай сапраўднай мэбляй 18 стагодзьдзя. Па сьценах багата батальных палотнаў. Але найбольш уражвае самы сапраўдны экспанат, які дайшоў да нас ад самога Касьцюшкі. Гэта ягоны склеп для прадуктаў. Каменныя прыступкі, якія крута вядуць уніз, памятаюць крокі камандора.







Ніна: “Пры раскопках быў знойдзены гэты склеп, у якім мы знаходзімся”.

Карэспандэнт: “І гэта ўсё сапраўднае? Сьцены сапраўдныя?”

Ніна: “Сьцены сапраўдныя”.

Карэспандэнт: “І гэта ўсё памятае гаспадара. І рэха, відаць, было такое самае, як пры гаспадару. А там што?”

Да нашай размовы далучаецца дырэктарка, Ірына Анціпенка. Былая настаўніца.



Карэспандэнт: “А што дзеці? Яны ведаюць, хто такі Касьцюшка?”

Ірына: “Маленькія скажуць, што герой. А старэйшыя ведаюць”.

Карэспандэнт: “А з кім ваяваў?”

Ірына: “Я кажу, што ваяваў за бедных, дзе б ён ні ваяваў. Ён заўсёды ваяваў за бедных, каб ім жылося добра. У нас тут быў Кобрынскі музэй, усім сваім калектывам. А ў іх музэй Суворава. Я як пачала расказваць пра Суворава... Стаю, гавару і сьмяюся. Я ім гавару пра Суворава, як пра ворага, а яны стаяць і слухаюць. І мне так нялоўка стала. Я ўжо хутчэй скасавала гэтую тэму.

Карэспандэнт: “Цікава, каб завязалася нейкая дыскусія”.

Ірына: “Калегі. Я ня буду знаць, як адбівацца ад іх усіх”.

Карэспандэнт: “А якая аўдыторыя самая ўдзячная?”

Ірына: “Дарослыя. Вельмі цікавяцца і вельмі ўдзячныя. У нас яшчэ нічога тут не было. А прыяжджалі, і не маглі дабраць словаў, каб выказаць сваю ўдзячнасьць. “Якія вы малайцы, што ёсьць такое месца”. Беларусы нашы ў асноўным. Ёсьць палякі”.

Карэспандэнт: “Касаўчане зьвязваюць надзеі на будучыню...”

Ірына: “З палацам і адраджэньнем гарадка. Нават людзі старэйшыя хаты ў нас пакуль не прадаюць. Раней прадавалі за бесцань, а зараз трымаюць. Кажуць: “Ага, зараз сюды турысты паедуць. Зараз тут палац будзе будавацца. Патрымаю, пасьля прадам. Будзе даражэй”.

Чатыры гады таму ў Косаве можна было купіць трохпакаёвую кватэру за тры тысячы даляраў. Тры гады таму за пяць тысяч можна было знайсьці хату. Сёньня менш чым за 16 тысяч ніякага жытла тут вам ужо не прапануюць. Усе чакаюць новай, турыстычнай эпохі Косава. Як карэнны жыхар Косава, пэнсіянэр Георгі Шастала.

Шастала: “Зь лютага месца пачнуць адраджэньне палаца. Трэба ж усю інфраструктуру падымаць. Трэба, каб дарогі былі на вышыні, каб від дамоў быў. Усё гэта будзе. Я веру ў гэта. Бог надзяліў такой прыгажосьцю. Граф Пуслоўскі, яму ж не давалі шэсьць сотак, як нам.

Карэспандэнт: “Засталіся хоць нейкія згадкі пра Пуслоўскіх?”

Шастала: “Пра Пуслоўскіх засталіся, можна сказаць, нэгатыўныя. Такое разгульнае жыцьцё вялі”.

Старшыня Косаўскага гарвыканкаму Марыя Люндышава таксама зьвязвае будучыню Косава з турызмам.

Люндышава: “На гэты год плянуецца ў нас рэстаўрацыя. Юнэска нам выдзеліла 50 тысяч даляраў. На аднаўленьне палацу. Рэспубліка выдзеліла 840 мільёнаў рублёў. Зрабіць дах, вежы аднавіць. На гэта пойдзе тры гады”.

А зараз вернемся ў гасьцінны дом Вікторыі Савосьцінай. На апошніх выбарах спадарыня Вікторыя свой голас аддала за Аляксандра Мілінкевіча. Але на сёньняшнія цяжкасьці беларускай апазыцыі старая, мудрая кабета глядзіць з глыбіні свайго мінулага.

Вікторыя: “Што такое страх? Страх патрапіць у турму. Ні за што. І там страціць жыцьцё. Гэта ёсьць страх. Страх за жыцьцё. Калі б вас у 19 гадоў забралі на ўсю ноч і сказалі “падпішы” і “данось”. Вы б не баяліся? У 19 гадоў мяне выклікаў, трымаў усю ноч. А на мяне ўжо было во столькі. Дзе я што сказала. Халера іх ведае, НКВД ці МГБ. Сатанінская палітыка — адзін на аднаго данесьці і пасадзіць чалавека. Як я пайшла на танцы і бачу, што ён прыйшоў па маю душу. Прыбегла ўвечары дахаты. Сказала: “Мама, я еду ў Ваўкавыск”. Быў у мяне ровар. То я села ў Косаве, а зьлезла ў Ваўкавыску. 85 кілямэтраў. Вы разумееце, што такое страх? Я так уцякала, каб зь ім не сустрэцца. Вы не разумееце, што такое страх”.

Праз гадоў дзесяць, як плянуюць улады, Косаўскі замак цалкам зьменіць сваё аблічча. У ім будуць гатэльныя нумары, рэстарацыя і нават саўна. Турыстычная плынь замежнікаў будзе вылічацца дзясяткамі тысяч людзей. Косава ізноў стане сапраўдным горадам, з сотнямі крамаў і кавярань, адкуль ня трэба будзе ўцякаць па грошы ў Расею. Але старая касаўчанка Вікторыя Савосьціна мяркуе, што адрадзіць горад немагчыма, пакуль у паветры лётае хоць водгук таго, мінулага страху...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG