Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнікі незарэгістраванага “Свабоднага тэатру” заяўляюць пра ўсё больш акрэсьлены намер выціснуць іх зь Беларусі


Ігар Карней, Менск Фактычна, забароненыя ня толькі паказы спэктакляў на ранейшых пляцоўках, але нават аказваецца ціск на гаспадароў кватэраў, дзе ладзяцца прагляды пастановак.

Два месяцы таму былі падсумаваныя вынікі конкурсу сярод драматургаў, абвешчанага “Свабодным тэатрам”. Адным зь пераможцаў стала Натальля Мошына з Уфы. Яе п’есу “Тэхніка дыханьня ў беспаветранай прасторы” паставіў рэжысэр Уладзімер Шчэрбань. Прэм’ера мелася адбыцца тыдзень таму, аднак арганізатары сутыкнуліся зь невырашальнымі для сябе праблемамі. Працягвае тэатральны мэнэджэр Натальля Каляда.

(Каляда: ) “Уладальнікі пляцоўкі, дзе мы звычайна ладзілі паказ спэктакляў, не змаглі прадставіць памяшканьне ў зьвязку зь ціскам на іх адміністрацыі заводу, якая, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Сёньняшні паказ быў скасаваны з гэтай жа прычыны. Ад мінулага тыдня паказы пачаліся на кватэрах. Аднак працяг гісторыі такі ж сумны: на гаспадароў кватэры пачалі выходзіць людзі, запалохваць іх, гаварыць, што “Свабодны тэатар” ня мае права паказваць свае спэктаклі”.

Спадарыня Каляда ўдакладняе, што падобныя перашкоды ніяк не зьвязаныя са зьместам п’есы, а ёсьць нэгатыўнай рэакцыяй на шыльду “Свабоднага тэатру”. Удакладняе заснавальнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін:

(Халезін: ) “Тэатр павінен працаваць у падпольлі толькі таму, што гэта іншая стылістычная мова. Зьвярніце ўвагу: антрэпрызных тэатраў амаль ня стала. Усіх загналі пад нейкія дзяржаўныя дахі. Сучасны мастацкі тэатар – пад дах канцэртнай залі “Мінск”. Малы тэатар спыніў існаваньне. Усе прыватныя ініцыятывы ў сфэры культуры пераводзяцца пад дзяржаўныя структуры, каб можна было ажыцьцяўляць прэсінг. Каго не атрымліваецца кудысьці загнаць – дык гэта “Свабодны тэатар”. Спрабавалі нас не заўважаць, але пасьля замежных гастроляў, асабліва пасьля рэзанансу ад рыскіх гастроляў, нас пачалі “лавіць”, дзе б мы не зьяўляліся”.

У Міністэрстве культуры не камэнтуюць сытуацыю вакол “Свабоднага тэатру” на той падставе, што юрыдычна “такога тэатру няма” і пра лёс ягоных праектаў ведамства нічога ня ведае. Гаворыць кіраўнік адзін з куратараў тэатральнай сфэры ў Міністэрстве культуры Вадзім Лукашык.

(Лукашык: ) “Мы займаемся толькі прафэсійным тэатральным мастацтвам. Гэта або студыя, або тэатар, але толькі тое, што мае статус тэатра. А рознага кшталту гурткі – гэта не да нас”.

Актор Рускага драматычнага тэатру, кандыдат на атрыманьне прэміі Саюзнай дзяржавы, былы сэнатар Расьціслаў Янкоўскі ўвогуле лічыць, што “шум” вакол “Свабоднага тэатру” ініцыяваў драматург Андрэй Курэйчык. І маўляў, такім чынам стварыў віртуальны канфлікт.

(Янкоўскі: ) “Праблему гэтую абвастрыў Курэйчык, падняў толькі шуміху. У мяне такое ўражаньне, што ён тым самым сабе імкнецца заваяваць больш значны аўтарытэт у гэтым сэнсе. А не таму, што ён такі дзеяч. Проста хоча падкрэсьліць значнасьць фігуры. А нас “лягнуць” цяпер лёгка, разумееце? Да Беларусі стаўленьне абвостранае, складзенае не без дапамогі звонку. І ён яшчэ працуе ў гэтым сэнсе. Але мяркую, гэта ўсё досыць разьдзьмута”.

Між тым, Андрэй Курэйчык да “Свабоднага тэатру” ужо ніякага дачыненьня ня мае. Рэжысэр “Свабоднага тэатру” Уладзімер Шчэрбань падобныя абагульненьні ды нэгатыўнае стаўленьне з боку дзяржаўных структураў і асобных прадстаўнікоў тэатральнай сфэры тлумачыць актуальнасьцю тэмаў, за якія бярэцца тэатар.

(Шчэрбань: ) “Людзі, якія сышлі з афіцыйных тэатраў, зьбіраліся займацца тым, чым заўсёды хацелі. Але па сутнасьці, замест гэтага мы пазбаўляемся права на творчасьць. У такіх умовах мы ўжо вымушаныя граць абсалютна бясплатна. Цяпер адкідаем эстэтычны бок – падабаецца не падабаецца, – гэта пытаньне іншай катэгорыі. Але, пэўна, адно з тлумачэньняў забароны на дзейнасьць у тым, што мы імкнёмся браць актуальныя тэмы. Гэта асноўная тэза нашай творчасьці. Але гэта і выклікае такую бурную рэакцыю”.

Напярэдадні распаўсюджаны Маніфэст “Свабоднага тэатру”, пад якім свае подпісы паставілі ўжо больш за дзясятак беларускіх рэжысэраў, драматургаў і актораў. Падпісанты маюць намер пасьлядоўна абараняць права на свабоду творчасьці, не зважаючы на “дагматы і стэрэатыпы”.

На здымку: “Актыў” “Свабоднага тэатру”: Натальля Каляда, Мікалай Халезін, Уладзімер Шчэрбань.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG