Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” стварае ўласную сыстэму распаўсюду (фота)


Ганна Соусь, Менск У рэдакцыю газэты “Народная Воля” ўвесь час ідуць людзі і нясуць квітанцыі зь перадаплатай за студзеньскія нумары газэты. Таксама сотні людзей з розных куткоў Беларусі дасылаюць штодня перадаплату поштай у лістах. Як будзе распаўсюджвацца “Народная Воля” з наступнага году?

У прыёмным пакоі “Народнай Волі” вялікая чарга людзей, якія прынесьлі ў рэдакцыю квітанцыі аб аплаце за студзеньскія нумары.

(Спадар: ) “Я вельмі люблю і паважаю гэтую газэту, бо яна гаворыць праўду. Зь іншых газэтаў праўды не даведаесься”.

(Спадар: ) “Я газэту выпісваю з 1995 году, яна ў мяне ўся пераплеценая ёсьць”.

(Спадарыня: ) “Няма словаў выказаць абурэньне тым, што забараняюць гэтую газэту”.

(Спадар: ) “Я падтрымліваю “Народную Волю”, бо больш няма газэтаў, якія б даводзілі штодзённа інфармацыю пра жыцьцё краіны”.

(Спадарыня: ) “Я ўжо сабе выпісала, цяпер выпісваю і для знаёмых”.

(Спадар: ) “Лічу, што неабходна падтрымаць. Гатовы яшчэ болей плаціць”.

(Спадар: ) “Сябра з Гомелю папрасіў занесьці квітанцыю аб перадаплаце. Нам жа трэба пратрымацца тры месяцы, тады ўсё будзе па-ранейшаму, я так думаю”.

За некалькі гадзінаў, што я правяла ў рэдакцыі, квітанцыі аб перадаплаце прынесьлі каля паўсотні чалавек. Загадчыца рэдакцыі Галіна Літвінава паказвае мне атрыманы сёньня вялікі мех зь лістамі з розных куткоў Беларусі.

(Літвінава: ) “Усё гэта — квітанцыі. Такая колькасьць, што мне на пошце нават сказалі, каб я ўзяла памочнікаў, таму што адна не занясу”.

Камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава адзначае выпадкі, калі людзі аплачваюць студзеньскія нумары ня толькі для сябе.

(Церахава: ) “Курчанкаў Аляксандар падпісаўся на газэту і яшчэ пералічыў 7 тысяч рублёў, каб мы маглі аформіць падпіску на газэту тым, хто ня можа гэтага зрабіць”.

Як паведаміла Радыё Свабода шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна, цяпер перад рэдакцыяй стаіць складаная задача — стварыць уласную сыстэму распаўсюду. Складаюцца дамовы з кур’ерамі, якія будуць разносіць “Народную Волю” ў Менску і абласных цэнтрах.

(Калінкіна: ) “Пакуль вялікая праблема з маленькімі гарадамі. Што тычыцца маленькіх вёсачак, то таксама ўжо зразумела, што мы кожны нумар апэратыўна дастаўляць ня зможам. І, напэўна, першы час у студзені мы будзем проста дасылаць адразу некалькі нумараў поштай. Затое ўжо ў Менску і абласных цэнтрах тых, хто жадае распаўсюджваць нашую газэту, нават болей, чым патрэбна”.

Паводле Сьвятланы Калінкінай, першы нумар “Народнай Волі” ў 2006 годзе выйдзе 5 або 7 студзеня. Плянуецца, што газэта захавае свой наклад — 27 тысяч асобнікаў — і будзе выходзіць, як і раней, пяць разоў на тыдзень.

Фотарэпартаж





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG