Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” прапануе альтэрнатыўную падпіску


Ганна Соусь, Менск Недзяржаўная газэта “Народная Воля” наладжвае альтэрнатыўную сыстэму падпіскі. На студзеньскія нумары выданьня можна ўжо падпісацца непасрэдна ў рэдакцыі газэты.

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч патлумачыў Радыё Свабода, якім чынам можна будзе падпісацца на газэту на першыя месяцы наступнага году:

(Сярэдзіч: ) “Мы маем ліцэнзію на продаж газэты ў рэдакцыі. Таму зьвярнуліся да чытачоў: хочаце атрымаць студзеньскія нумары — пералічыце грошы ў выглядзе перадаплаты, а мы вам даставім газэту”.

Больш падрабязнае тлумачэньне гэтай сыстэмы будзе надрукаванае ў заўтрашнім нумары “Народнай Волі”.

Камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава кажа, што цягам апошніх месяцаў у рэдакцыю зьвярталіся многія прыхільнікі газэты, якія казалі, што гатовыя яе распаўсюджваць.

(Церахава: ) “Мы ведаем, на каго нам можна абаперціся. Іншая справа, што нам цяпер цяжка знайсьці тую сыстэму дастаўкі газэтаў у іншыя рэгіёны, акрамя Менску. Нам проста не хапае часу, каб гэтыя пытаньні вырашаць. Можа, гэта будзе ня кожны дзень, можа, мы прыдумаем нейкую адрасную сыстэму. Канечне, мы ня можам дапусьціць нават такой думкі, што чалавек, які хоча атрымліваць газэту, яе не атрымае”.

Нагадаю, што напачатку лістапада манапаліст у сфэры падпіскі на пэрыядычныя выданьні ў Беларусі прадпрыемства “Белпошта” паведаміла, што ня будзе ўключаць “Народную Волю” ў падпісны каталёг на першую палову 2006 году. Гэткія ж паведамленьні былі дасланыя амаль усім незалежным выданьням Беларусі. Рэдакцыя зьвярнулася ў Гаспадарчы суд Менску з патрабаваньнем прымусіць “Белпошту” ўключыць газэту ў падпісны каталёг. Аднак 15 сьнежня Менскі гаспадарчы суд спыніў разгляд пазову на той падставе, што гэтая справа нібыта ня можа вырашацца ў гаспадарчым судзе.

Альтэрнатыўную сыстэму падпіскі цягам месяца стварае і недзяржаўная газэта “Наша Ніва”. Як сьведчыць яе галоўны рэдактар Андрэй Дынько, штодня ў рэдакцыю паступаюць дзясяткі прыватных ахвяраваньняў ад людзей, якія хочуць чытаць “Нашу Ніву”.

Зьнешнія спасылкі: • "Наша Ніва" • Архіў нумароў "Народнай Волі"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG