Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” ня зможа друкавацца ў “Чырвонай зорцы”


Ганна Соусь, Менск Друкарня “Чырвоная зорка” адмовілася заключыць дамову на 2006 год зь незалежнай газэтай “Народная Воля”. Цяпер у рэдакцыі разглядаюць розныя варыянты друкаваньня і распаўсюду ў 2006 годзе — нягледзячы на адсутнасьць дамоваў зь беларускімі друкарнямі, “Белпоштай” і падразьдзяленьнямі “Саюздруку”.

У калідоры “Народнай Волі” — вялікія стосы апошніх нумароў выданьня. Ад раніцы да вечара сюды па газэты прыходзяць чытачы.

(Спадар: ) “Кожны дзень прыходжу і раздаю гэтую газэту паўсюль — на рынках, кідаю ў паштовыя скрыні, у крамах і шапіках, каб толькі людзі чыталі”.

(Спадар: ) “Бяру для сябе і суседзяў”.

(Спадарыня: ) “Ежджу сюды штодня, каб атрымаць навіны”.

(Спадарыня: ) “Я Ганна Леўчанкава, жыву ў Барані, зьяўляюся дэпутатам мясцовага савету. Па “Волю” прыехала ўжо трэці раз. Найперш распаўсюджваю сярод сваіх выбаршчыкаў”.

Учора ўвечары ў рэдакцыю “Народнай Волі” прыйшоў ліст з друкарні “Чырвоная зорка”, у якім паведамлена, што дамова з газэтай на 2006 год ня будзе працягнутая. У адпаведнасьці з рашэньнем Гаспадарчага суду Менску “Чырвоная зорка” павінна аднавіць друкаваньне газэты згодна з заключанай на 2005 год дамовай. Рашэньне суду набывае моц 2 сьнежня, і ў выпадку, калі “Чырвоная зорка” не абскардзіць рашэньня суду, то з гэтага дня “Народная Воля” можа там друкавацца, але толькі да канца 2005 году. Гаворыць камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава:

(Церахава: ) “Палітычная сытуацыя не мяняецца. Калі арганізацыям сказана было скасаваць усе адносіны з газэтай, то яны гэта і робяць”.

Яўгенія Церахава паведаміла “Свабодзе”, што друкарня “Чырвоная зорка” вярнула “Народнай Волі” 2 мільёны рублёў перадаплаты, якія Іосіф Сярэдзіч пералічаў адразу пасьля суду 17 лістапада.

У заўтрашнім нумары газэты друкуецца ўзор пазову да “Белпошты”, зь якім рэдакцыя раіць чытачам зьвяртацца ў суды з патрабаваньнем ўнесьці “Народную Волю” ў падпісны каталёг.

Як паведаміла Радыё Свабода шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна, рэдакцыя газэты ўжо атрымала ліцэнзію на розьнічны гандаль.

(Калінкіна: ) “З новага году мы будзем прадаваць газэту. Як мінімум, у рэдакцыі, і цяпер вядзем перамовы з тымі, хто нам можа ў гэтым дапамагчы. Таксама зьвяртаемся да сваіх чытачоў, хто можа распаўсюджваць газэту, каб яны тэлефанавалі ў рэдакцыю. Мы зьбіраем базу зьвестак па краіне — хто, як, дзе і колькі можа распаўсюдзіць “Народную Волю”.

Гэткую ж працу праводзяць цяпер і іншыя незалежныя выданьні — напрыклад, супрацоўнікі “Нашай Нівы”, якую таксама не ўключылі ў падпісны каталёг, заклікаюць чытачоў дасылаць свае каардынаты ў рэдакцыю, каб стварыць сьпісы чытачоў, якім выданьне будзе дастаўляцца праз альтэрнатыўную сыстэму распаўсюду. Галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько ўпэўнены, што чытачы незалежных мэдыяў здольныя наладзіць акцыі пратэсту.

(Дынько: ) “Газэта будзе шукаць любыя магчымыя законныя спосабы распаўсюду, і людзі будуць яшчэ пратэставаць. Тысячы людзей цяпер пішуць лісты пратэсту ў Міністэрства інфармацыі і Мінсувязі. Я думаю, што калі гэтае рашэньне ня будзе адмененае, то людзі і на вуліцы будуць выходзіць”.

У падпісны каталёг на 2006 год не былі ўключаныя многія незалежныя грамадзка-палітычныя газэты — “Народная Воля”, “БДГ. Деловая газета”, “Салідарнасьць”, “Згода”, “Наша Ніва”, “Рэгіянальная газэта”, “Вольнае Глыбокае” ды іншыя. З шэрагам незалежных выданьняў, як раней з “Народнай Воляй”, скасавалі дамовы падразьдзяленьні “Белсаюздруку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG