Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску арыштаваная самая буйная партыя нелегальных мабільных тэлефонаў.


Алег Грузьдзіловіч, Менск На уладальнікаў партыі заведзеная адміністрацыйная справа. У праваахоўных органах папярэджваюць, што захады супраць гандляроў нелегальнымі трубкамі стануць больш жорсткімі, між тым адмыслоўцы ў сувязі з гэтым кажуць пра недасканаласьць заканадаўства , у тым ліку эканамічнага.

4,5 тысячы мабільных тэлефонаў, якія завезьлі ў Беларусь незаконна, арыштавалі ў двух грамадзянаў Беларусі супрацоўнікі Менскай управы Камітэта дзяржкантроля. Як паведамілі ў гэтым ведамстве, гэта самая буйная партыя “шэрых” трубак, якія былі затрыманыя ў Беларусі. Іх прыкладны кошт ацэнены амаль на паўтара мільярды рублёў. Адносна уладальнікаў тэлефонаў заведзеная адміністрацыйная справа, ім пагражае буйны штраф. Таксама ў грамадзян, якім належалі тэлефоны, арыштавана 18,5 тысяч даляраў. Супрацоўнікі Дзяржкантроля сцвярджаюць, што грошы былі заробленыя на незаконным гандлі і таму падпадаюць пад канфіскацыю. Лёс гэтых грошай вырашыць адміністрацыйны суд.

На колькі вялікім ёсьць “шэры” сэгмэнт рынку мабільных тэлефонаў у Беларусі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да Максіма Таборава, выдаўца газэты “Мабіла”, якая спэцыялізуецца на праблемах сотавай сувязі.

( Табораў: ) “Мяркую, на 90% рынак мабільных тэлефонаў у Беларусі складаюць гэтак званыя “шэрыя. Іх нелегальна завозяць з Польшчы, Нямеччыны і Расеі. Нават у шмат якіх прыстойных крамах тэлефоны таго ж паходжаньня, што прадаюцца па аб’явах у газэтах быццам з гарантыяй 36 месяцаў”.

Нагадаем, сёлета вялікія партыі “шэрых “ тэлефонаў былі канфіскаваныя ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе. Гэта прывяло да росту коштаў ў крамах, якія гандлююць тэлефонамі ў сталіцы Расеі прыкладна на 30%. Паводле некаторых беларускіх адмыслоўцаў, падобныя захады беларускіх праваахоўных органаў, калі яны стануць трывалымі, хутка прывядуць да аналягічнага выніку. Але выдавец газэты “Мабіла” Максім Табораў мае на гэта свой погляд.

( Табораў: ) “Лічу, ня столькі паўплывае гэты хапун, колькі чуткі вакол яго. Але, мяркую, рынак хутка да гэтага прыстасуецца. Дылеры “шэрых” тэлефонаў ня будуць на нейкіх свах складах трымаць адразу па 4,5 тысячы тэлефонаў, а будуць драбніць партыі , ня больш за сто тэлефонаў трымаць у адной кватэры, і ўсё”. Паводле Максіма Таборава, ўлетку у Маскве пасьля арышту 500 тысяч “шэрых” трубак кошты ў крамах падняліся прыкладна на 30 даляраў за самыя папулярныя мадэлі, але зараз ўсё вярнулася да ранейшага ўзроўню коштаў.

Чаму не спрацоўваць адміністрацыйныя і карныя захады ў барацьбе з “шэрым” імпартам? У Камітэце Дзяржкантролю скардзяцца на адсутнасьць адпаведнага закону, паводле якога можна было б прыцягнуць дылераў нелегальных тэлефонаў да крымінальнай адказнасьці. Максім Табораў кажа, што пакуль не выправіцца сытуацыя на рынку, адміністрацыйныя захады не дапамогуць.

(Табораў: ) “Ніхто не будзе плаціць, прыкладам, за тэлефон SimensA70 150 даляраў, калі такі ж тэлефон у Нямеччыне ляжыць ў салёне сотавай сувязі за 1 эўра, толькі купляй. Купі за 1 эўра, прывозь ў Беларусь, аддай майстрам, яны яго табе разблякуюць, і ўсё, ў цябе на рукох тэлефон за 50 даляраў, а не за 150. Калі існуе попыт, то прапановы знойдуцца заўсёды”.

Паводле адмыслоўцаў, найвялікшай перашкодай да выпраўленьня сытуацыі на рынку мабільнай сувязі ў Беларусі ёсьць шматлікія састарэлыя правілы рэгістрацыі новых мадэляў тэлефонаў, з-за якіх абнаўленьне мадэляў спазьняецца .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG