Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая Асамблея НАТО праводзіць сэмінар у справах Беларусі


Іна Студзінская, Менск і Валер Каліноўскі, Вільня Парлямэнцкая Асамблея НАТО ў супрацоўніцтве з Сэймам Літвы праводзіць у Вільні двухдзённы сэмінар у справах Беларусі. Амбасада Беларусі ў Літве выступіла з пратэстам з прычыны, як яна лічыць, "незбалансаванага" складу ўдзельнікаў сэмінару. Зь Менску ў Вільню былі запрошаныя лідэры апазыцыйных партыяў, жонкі зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі, кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў.

Амбасада Беларусі ў Літве асудзіла правядзеньне гэтага сэмінару, назваўшы яго "закулісным абмеркаваньнем унутранай сытуацыі ў Беларусі" і зазначыўшы, што прадстаўнікі беларускіх уладаў не былі запрошаныя на сэмінар, а склад выступоўцаў быў падабраны тэндэнцыйна. Тым ня менш, на паседжаньні магла свабодна прысутнічаць здымачная група беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня.

Францускі дэпутат Луі Бувар ад імя кіраўніцтва Парлямэнцкай асамблеі НАТО зазначыў, што становішча ў Беларусі драматычнае -- праводзіцца мэтадычная кампанія супраць актывістаў апазыцыі, незалежных мэдыяў і любых асобаў, якія спрабуюць выказаць уласную думку. Пацьверджаньні гэтай тэзы гучалі ў выступах старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, сына зьняволенага былога міністра і пасла Міхаіла Марыніча,Паўла Марыніча, жонкі зьнікала тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага, Сьвятланы Завадзкай , рэдактара тыднёвіка "Белорусы и рынок" Вячаслава Хадасоўскага і старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жыны Літвіной.

На сэмінары актыўна абмяркоўвалася праблема арганізацыі радыёвяшчаньня на Беларусь Эўразьвязам, у тым ліку і мова вяшчаньня. Прадстаўнікі Літвы, якія ладзілі сэмінар, заклікалі выкарыстоўваць беларускую мову. Гэта, на іх думку спрыяла б умацаваньню беларускай нацыянальнай тоеснасьці.

Заўтра на сэмінары Парлямэнцкай Асамблеі НАТО ў Вільні выступяць спэцыяльны дакладчык па Беларусі Камітэту ў справе правоў чалавека ААН Адрыян Севярын, дакладчык па Беларусі парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Асім Мала-Задэ, намесьнік кіраўніка групы Эўрапарлямэнту па сувязях з Беларусьсю Альдзіс Кушкіс.

Чым ёсьць Парлямэнцкая Асамблея НАТО?

Паўночнаатлянтычны Альянс — міжурадавая арганізацыя, а ўрад кожнай зь дзяржаваў-сябраў нясе адказнасьць перад сваім парлямэнтам. Таму вельмі важную ролю адыгрывае падтрымка мэтаў Паўночнаатлянтычнага Альянсу дэмакратычна абранымі прадстаўнікамі парлямэнтаў.

Такім чынам, Парлямэнцкая Асамблея НАТО служыць міжпарлямэнцкім форумам дзяржаваў-сябраў НАТО і аб’ядноўвае эўрапейскіх і паўночнаамэрыканскіх заканадаўцаў дзеля абмеркаваньня пытаньняў, да якія ёсьць агульны інтарэс альбо якія выклікаюць агульную заклапочанасьць.

Парлямэнцкая Асамблея незалежная ад НАТО, але яна выступае ланцужком паміж нацыянальнымі парлямэнтамі і Паўночнаатлянтычным Альянсам. Яна таксама падтрымлівае шырокія кантакты з парлямэнтамі дзяржаваў-партнэраў, якія накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў паседжаньнях і абмеркаваньня розных пытаньняў.

Беларусь была асацыяваным сябрам Міжпарлямэнцкай асамблеі НАТО (тады яна называлася Паўночнаатлянтычнай асамблеяй НАТО) з 1994 году да лістапада 1996 году. Ачольваў беларускую дэлегацыю ў той час Мечыслаў Грыб — спачатку сьпікер Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, а потым старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

(Грыб: ) “Апошняе паседжаньне ў 1996 годзе праходзіла ў Парыжы. Яны праводзяць звычайна дзьве сэсіі на год — вясновую і восеньскую. Вось ўвосень 1996 году я быў на гэтай сэсіі. У лістападзе яны прынялі рэзалюцыю наконт рэфэрэндуму 1996 году”.

(Карэспандэнтка: ) “І з таго часу Беларусь ўжо ня сябра Парлямэнцкай Асамблеі НАТО?”

(Грыб: ) “Пасьля рэфэрэндуму яны адмовілі нам у супрацоўніцтве. Але Вярхоўны Савет 13 скліканьня, які не ўвайшоў у Палату прадстаўнікоў, ён яшчэ гады тры супрацоўнічаў з Парлямэнцкай Асамблеяй НАТО. Але ў нас ужо ніякага статусу не было, нават гасьцявога, асацыяванага”.

Летась Беларусь прасіла аднавіць яе ўдзел у Парлямэнцкай Асамблеі НАТО ў статусе асацыяванага сябра. У Савеце Рэспублікі была створана група, у склад якой увайшлі Мікалай Чаргінец, старшыня Камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы, Натальля Баранава, сябра гэтай камісіі, рэктар Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, і Леанід Маісееў, сябра Камісіі рэгіянальнай палітыкі і мясцовага самакіраваньня верхняй Палаты.

Але сталы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі НАТО на паседжаньні ў Рэйк’явіку прыняў рашэньне не аднаўляць супрацоўніцтва зь цяперашнім беларускім парлямэнтам з увагі на недэмакратычныя дзеяньні кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і нелегітымнасьць не дэмакратычна абранага беларускага парлямэнту. Пры гэтым камітэт прызнаў, што неабходна цікавіцца працэсамі ў Беларусі і падтрымліваць дачыненьні з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG