Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба Беларусі будаваць марскі порт у Калінінградзе?


Уладзімер Глод, Менск Губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Ўладзімер Ягораў прапанаваў Аляксандру Лукашенку пабудаваць "марскі порт саюзнага значэньня" за кошт бюджэту так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Расейскі губэрнатар лічыць, што для гэтага неабходна 80-120 мільёнаў даляраў. Ці ёсьць патрэба Беларусі будаваць порт у Калінінградзе?

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, зь Беларусі марскім шляхам перавозіцца 17 мільёнаў тонаў грузаў. Так было летась, так было і ў 2003-м годзе. Фактычна, Беларусь карыстаецца чатырма портамі: літоўскай Клайпедай, латвійскім Вэнтспілсам, украінскім Мікалаевым і расейскім Калінінградам. Прычым, на долю Калініграда прыходзіцца ўсяго 2% грузаў, Мікалаева – 18%. Астатнія 80% забіраюць Клайпеда і Вэнтспілс. Атрымліваецца, беларусы непараўнальна больш карыстаюцца портамі Літвы і Латвіі, чым братэрскай Расеі? На ўмовах ананімнасьці пракамэнтаваць сытуацыю пагадзіўся адзін з адказных супрацоўнікаў Міністэрства транспарту Беларусі. І вось якая ў нас атрымалася размова:

(Супрацоўнік міністэрства: ) "Туды, дзе выгадней эканамічна, туды і накіроўваюць".

(Карэспандэнт: ) “Ці лічылі вы ўжо магчымыя выдаткі ў выпадку, калі грузапаток будзе пераарыентаваны на Калінінград?"

(Супрацоўнік міністэрства: ) "Яшчэ не лічылі, але нам даручылі гэта зрабіць".

(Карэспандэнт: ) "І калі будуць падрыхтаваныя разьлікі?"

(Супрацоўнік міністэрства: ) "Сёлета".

Да гэтага можна дадаць яшчэ некалькі лічбаў. Давезьці адну тону калійных угнаеньняў з Салігорску ў Калініград каштуе на паўтара даляры даражэй, чым у Клайпеду. Бо Літва дзеля абароны свайго рынку ўвяла высокія чыгуначныя тарыфы. На першы погляд, розьніца ў паўтара даляра ня вельмі вялікая. Але ж летась Беларусь вывезла праз марскія порты больш за тры мільёны тонаў (!) калійных угнаеньняў, так што грошы вельмі значныя.

Дзесьці месяца паўтара таму на прэсавай канфэрэнцыі кіраўніцтва Міністэрства транспарту Беларусі казала, што "пры ўсёй павазе да братоў-расейцаў будаўніцтва порта ў Калінінградзе нам невыгодна". Цяпер жа міністэрства атрымала заданьне зрабіць разьлікі наконт Калініграду.

Падчас ліпеньскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным у Завідаве кіраўнік Беларусі заявіў: ён перанакіруе грузапатокі на Калініград. Экспэрты называюць такое рашэньне палітычным. Справа ў тым, што Расеі па вялікім рахунку не патрэбны новы порт у Калінінградзе, паколькі ў яе ёсьць Санкт-Пецярбург зь непасрэдным выхадам у мора і які не аддзелены, як Калінінград, ад усёй краіны Літвой. Але ж калінінградзкі анклаў трэба фінансаваць. І для Расеі, безумоўна, выгодна, калі частку гэтых выдаткаў возьме на сябе Беларусь.

Былы віцэ-прэм’ер Беларусі Леанід Сініцын добра ведае гэтую праблему...

(Сініцын: ) "Калі ўзяць Вэнтспілс, дык гэта порт, які не замярзае цэлы год, а Калінінград – замярзае. Усё адразу робіцца зразумелым. Другое – у Вэнтспілсе можна грузіць караблі грузападымальнасьцю 100 тонаў, а ў Калінінградзе – толькі 12,5 тоны, паколькі гэта плыткі порт. Там патрэбна спачатку паставіць карабель даволі далёка ў моры, а пасьля вазіць на яго грузы баржамі. Трэба рабіць перагрузку, патрэбны адмысловы транспарт. Гэта велізарная колькасьць праблемаў. У найлепшым выпадку праз Калініград можна транспартаваць калій выключна ў межах Эўропы. А вялікія пастаўкі, прыкладам, у Бразылію, Паўднёва-Усходняю Азію, гэта нявыгадна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG