Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму закрываюць недзяржаўныя мэдычныя цэнтры?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 14 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: намесьніца галоўнага рэдактару газэты “Белорусский рынок” Ірына Крыловіч і доктар, былы сакратар Камісіі па ахове здароўя Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Аляксандар Сьпіглазаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам адбываецца наступ дзяржавы на недзяржаўныя мэдычныя ўстановы. У гэтым годзе ануляваныя 23 ліцэнзіі на мэдычную дзейнасьць. Найбольшы рэзананс выклікала рашэньне Міністэрства аховы здароў’я аб адкліканьні ліцэнзій у такіх вядомых мэдычных цэнтраў як “Экамэдсэрвіс” і “Нардзін”. У прыватнасьці падставаю для закрыцьця “Экамэдсэрвісу” стала, нібыта, адсутнасьць у штаце спэцыялістаў адпаведнай мэдычнай падрыхтоўкі. Наколькі гэтая падстава слушная? І ці падыходзіць міністэрства з такімі ж патрабаваньнямі да дзяржаўных мэдычных установаў?”

(Ірына Крыловіч: ) “Тэзіс аб тым, што ліцэнзіі ануляваныя дзеля таго, каб павысіць якасьць мэдычных паслугаў, не вытрымлівае крытыкі. Таму што сёньня якасьць паслугаў у дзяржаўнай мэдыцыне такая нізкая, што менавіта яна і спрыяе існаваньню прыватных мэдычных цэнтраў. Гэтыя цэнтры аказваюць больш якасныя паслугі, чым дзяржаўныя ўстановы. У іх выдатнае абсталяваньне, кадры.

Але бываюць сытуацыі, калі хтосьці з мэдпэрсаналу звольніўся альбо на нейкую пасаду не знайшлі патрэбнага чалавека. І гэта выклікае прэтэнзіі з боку Міністэрства. Але такія зьявы бываюць і ў дзяржаўнай мэдыцыне. Там часта адказваюць у паслугах, бо няма дактароў патрэбнай катэгорыі. Але ж гэтыя праблемы рашаюцца. Міністэрства аховы здароўя магло б прадставіць нейкі тэрмін для выпраўленьня хібаў, напрыклад, для пошукаў спэцыялістаў”.

(Аляксандар Сьпіглазаў: ) “Для мяне не было нечаканым ануляваньне недзяржаўным мэдычным цэнтрам ліцэнзіі на аказаньне мэдычных паслугаў. Яшчэ мінулым летам пра гэта хадзілі чуткі. Такія захады дзяржавы не маглі быць нечаканымі і для адміністрацыі саміх гэтых цэнтраў. Але патэнцыйныя ахвяры як мышы пад венікам — нечага чакалі. Адны лічылі, што гэта толькі чуткі. Іншыя “працавалі” з чыноўнікамі сярэдняга зьвяна (паслугі бяз грошай і іншае).

А ў гэты час рыхтаваўся палітычны вэрдыкт: недзяржаўных цэнтраў не павінна быць. Што тычыцца аргумэнтаў, якія тлумачаць закрыцьцё гэтых установаў, то яны прымітыўныя, несур’ёзныя. Нічога важкага, нейкія недарэчнасьці. Проста кіраўніцтва прымае рашэньне, а ніжэйшыя чыноўнікі шукаюць аргумэнты, якія б матывавалі гэтыя акцыі. Насамрэч гэтыя цэнтры былі ліквідаваныя таму, што даказалі: недзяржаўныя арганізацыі ў мэдычнай сфэры могуць быць лепшымі за дзяржаўныя. Яны выйграюць канкурэнцыю ў дзяржавы.

Цяпер трэба працаваць юрыстам. Дастатковых падставаў для закрыцьця цэнтраў няма. І ў юрыстаў ёсьць важкія аргумэнты для судовай абароны інтарэсаў гэтых структураў. Але ці хопіць сьмеласьці? Але гэта ўжо іншае пытаньне”.

(Карбалевіч: ) “Сёньня беларускія ўлады праводзяць палітыку абдзяржаўленьня ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця: эканомікі, адукацыі, дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў. І вось справа дайшла і да мэдычнай сфэры. У гэтым годзе адбываецца татальная праверка ўсіх мэдычных установаў, найперш, недзяржаўных. Як ужо адзначалася, ануляваныя 23 ліцэнзіі на мэдычную дзейнасьць, а таксама, 20 — на фармацэўтычную дзейнасьць. У прыватнасьці, пазбаўленая ліцэнзіі буйнейшая кампанія “Белфарм”. Якія сапраўдныя прычыны гэтай тэндэнцыі? Тут справа ў палітыцы ці эканоміцы? Гэта зьнішчэньне канкурэнтаў ці што іншае?”

(Крыловіч: ) “Я лічу, што тут дзейнічаюць усе прычыны разам: і палітыка, і эканоміка, і канкурэнтная барацьба. Што тычыцца палітычных прычынаў. Прыватная мэдыцына існуе ў Беларусі ўжо амаль 15 гадоў. Але ў Канстытуцыі запісана, што мэдычныя паслугі аказваюцца бясплатна. За гэтыя гады пераменаў у заканадаўстве не было. Таму грамадзяне задаюць пытаньне: дык у нас платная мэдыцына ці бясплатная? І якія юрыдычныя падставы для існаваньня прыватнай мэдыцыны? Каб пазбавіцца гэтых пытаньняў, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, улады і спрабуюць іх зьнівэляваць. Каб прыватная мэдыцына альбо не існавала ўвогуле, альбо існавала ў невялікім сэгмэнце.

Другое пытаньне эканамічнае. Прыкладна гадоў дзесяць таму была зробленая спроба зрабіць платнай таксама дзяржаўную мэдыцыну. Ва ўсіх паліклініках і шпіталях былі ўведзеныя платныя паслугі. Але яны не разьвіліся. Бо самі дактары нічога не атрымлівалі ад гэтых паслугаў. Таму яны аддавалі перавагу атрыманьню грошай ад хворых сабе ў кішэню. Такім чынам спроба зрабіць дзяржаўную мэдыцыну платнай не атрымалася.

І дзесьці каля 10 гадоў таму ў Міністэрстве аховы здароўя зьявілася ідэя стварыць дзяржаўныя платныя мэдычныя цэнтры, якія будуць працаваць на ўмовах гаспадарчага разьліку. Але ж для гэтага патрэбныя будынкі, абсталяваньне, кваліфікаваныя дактары і пацыенты, якія могуць заплаціць за гэтыя паслугі. Усё гэта ёсьць у прыватных цэнтрах. І цяперашнія дзеяньні ўладаў — гэта спроба ня толькі зьнішчыць канкурэнтаў, але і адабраць маёмасьць у прыватных цэнтраў (будынкі, абсталяваньне), пераманіць дактароў і захапіць рынак”.

(Сьпіглазаў: ) “Прычына толькі палітычная. Ёсьць, канечне, і канкурэнцыя. Але чыноўнікі, напэўна, мяркуюць, што змогуць арганізаваць таксама пасьпяхова сваю працу, як і недзяржаўныя цэнтры. Але гэтага ня будзе. Пра гэта сьведчыць досьвед і наш, і іншых краінаў. Тое, што цяпер робіць улада ў мэдычнай сфэры — гэта агульная тэндэнцыя. Дзяржава выціскае бізнэс з тых нішаў, дзе ён быў пасьпяховым. Адзін мой знаёмы кажа: “Не рабі прыгожа — гэта камусьці спадабаецца”. У нашым выпадку спадабалася чыноўнікам”.

(Карбалевіч: ) “Як паўплывае ліквідацыя недзяржаўных мэдычных установаў на якасьць мэдычнага абслугоўваньня, ягоны кошт, даступнасьць? Ці будзе лепш спажыўцам мэдычных паслугаў ад гэтых рашэньняў Міністэрства аховы здароўя?”

(Крыловіч: ) “Галоўным вынікам гэтай кампаніі будзе зьмяншэньне ў насельніцтва магчымасьці выбару. Гэта дрэнна, таму што вяртаемся ў савецкі час, калі мэдыцына была ня здольная дапамагчы чалавеку ў цяжкай сытуацыі. Дзесяць гадоў таму прыватная мэдыцына амаль што выратавала некаторыя сфэры: стаматалёгію, гінэкалёгію і некаторыя іншыя. Абдзяржаўленьне мэдыцыны зробіць мэдычныя паслугі нізкаякаснымі. Я ня думаю, што яны будуць дарагімі. Нашая дзяржава, якая пазыцыянуе сябе як сацыяльная, ня пойдзе шляхам павышэньня тарыфаў. Але паслугі будуць нізкаякаснымі.

Адсутнасьць канкурэнцыі прывядзе да таго, што дыягназ, які паставіць адзін доктар, цяжка будзе праверыць, знайсьці кансультацыю ў іншага доктара. І гэта вельмі небясьпечна для грамадзянаў. Таму што ня будзе выбару”.

(Сьпіглазаў: ) “Нашыя грамадзяне страцяць магчымасьць атрымліваць высокакваліфікаваную дапамогу даступна і апэратыўна. Будзе тое, як было раней, у савецкі час. Але гэта даспадобы чыноўнікам. Дактары страцяць магчымасьць працаваць ва ўмовах іншых эканамічных зносінаў, калі іхная кваліфікацыя трымае экзамэн непасрэдна перад пацыентам. А ў дзяржаўнай мэдыцыне такога няма. Тут доктар атрымлівае фармальнае пасьведчаньне сваёй кваліфікацыі і мае заробак роўны, як ва ўсіх, на аднолькавым узроўні. Гэта непэрспэктыўна, і нічога добрага не атрымаецца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, зразумела, што кантроль за мэдычнымі паслугамі ў краіне з боку Міністэрства аховы здароўя патрэбен. Але тое, што цяпер адбываецца, — гэта мэтанакіраваная кампанія выцісканьня недзяржаўных мэдычных цэнтраў. Калі б з такімі патрабаваньнямі міністэрства падыходзіла да дзяржаўных установаў, то большасьць зь іх давялося б зачыніць. Зьнішчэньне канкурэнцыі ніколі не ішло на карысьць спажыўцам. І дадзены выпадак — не выключэньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG