Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Die Zeit”: чый жа сябар Нямеччына?


Алена Струвэ, Менск У дачыненьнях з Расеяй, Кітаем, Беларусьсю ды іншымі краінамі афіцыйны Бэрлін, як правіла, не ўжывае такога паняцьця, як свабода... Што да Вашынгтону, то ён дзее куды больш рашуча, – вынікае зь сёньняшняга аналітычнага артыкулу ў нямецкай “Die Zeit”.

Аўтар публікацыі – вашынгтонскі карэспандэнт гэтай уплывовай газэты Томас Кляйнэ-Брокгоф – параўноўвае цяперашнюю міжнародную палітыку нямецкага і амэрыканскага кіраўніцтва і робіць выснову, што такое параўнаньне, калі мова ідзе пра падтрымку дэмакратычных працэсаў у маладых краінах, не на карысьць Нямеччыны.

Як піша “Die Zeit”, сёньня тэрмін свабода абавязковы ў рыторыцы Джорджа Буша. Дзе б ні выступаў амэрыканскі лідэр, ён адзначае, што свабода – гэта неабходны элемэнт унівэрсальных правоў кожнага чалавека на Зямлі. Пры канцы студзеня, прамаўляючы з нагоды пачатку другога тэрміну свайго знаходжаньня ў Белым доме, Буш прадставіў сьвету так званую праграму свабоды – пералік патрабаваньняў на шляху вызваленьня чалавека і чалавецтва. У якасьці абавязковых крокаў ў кірунку свабоды Буш называе й правядзеньне свабодных выбараў у Беларусі. Амэрыканскі лідэр вітае вызваленчыя і дэмакратычныя працэсы ва Ўкраіне і Кіргізстане і рэзка крытыкуе аўтарытарную палітыку Масквы.

Калі ж спыніцца на пазыцыі Бэрліну, то, паводле “Die Zeit”, нямецкае кіраўніцтва за апошнія месяцы здолела хіба што прааналізаваць новыя напрамкі міжнароднай лініі Вашынгтону.

Нямецкі журналіст спыняецца на сьвежым прыкладзе – нядаўнім наведаньні ЗША прадстаўнікамі беларускай апазыцыі на запрашэньне літоўскага амбасадара. У часе сустрэч у вузкіх колах беларускія дысыдэнты апавядалі пра становішча ў краіне, якой кіруе “апошні дыктатар Эўропы”, паказвалі слайды. На адным зь іх можна было прачытаць Бушавы словы пра неабходнасьць усталяваньня свабоды ў Беларусі. Апанэнты Лукашэнкі, кожны зь якіх нямала пацярпеў ад рэжыму, бачылі ў Бушавых словах падтрымку і паратунак. Што да словаў Шрэдэра, то іх беларуская апазыцыя прывесьці не змагла. Апазыцыянэры ня здолелі знайсьці ніводнага адпаведнага выказваньня бундэсканцлера. Мала таго, яны згадалі, што сталі ахвярамі так званага нямецкага сяброўства з аўтарытарнай Расеяй.

Як піша “Die Zeit”, літоўскія арганізатары сустрэчы палічылі названы аргумэнт слушным. Яны прыпомнілі падзеі нядаўняга часу, калі краіны Балтыі толькі пачалі рабіць крокі на шляху да вызваленьня. Тады іхнымі мэнтарамі сталі амэрыканцы, а зусім не эўрапейцы.

Тады як Амэрыка выступае за свабоду ўва ўсім сьвеце, бундэскацлер праводзіць сваю ўласную міжнародную палітыку, – піша Die Zeit, – а менавіта гаворыць пра стратэгічнае партнэрства з пуцінскай Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG