Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: як людзі ставяцца да магчымага адкрыцьця могілак нямецкіх салдат у Беларусі?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскай вобласьці некалькі гадоў таму было абвешчана пра стварэньне зборных могілак нямецкіх салдатаў. Меркавалася, што могілкі зробяць паблізу вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне, дзе ў вядомым “Бабруйскім катле” загінулі тысячы нямецкіх салдатаў. Аднак дасюль праект нямецкіх вайсковых могілак на Магілёўшчыне не рэалізаваны.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці павінны беларускія ўлады даць згоду на адкрыцьцё могілак нямецкіх салдатаў у Беларусі?”

(Спадар: ) “Мяркую, што так. Таму што салдаты — гэта выканаўцы, а загады даваў Гітлер і яго акружэньне. І сьвядомасьць іх была затуманеная так жа, як і нашая, пры нашых кіраўніках, якія даюць няправільныя каманды”.

(Спадарыня: ) “Тое, што яны зрабілі тады, гэта недаравальна. Тое, што яны з намі зрабілі. Шмат людзей памерла тады, таму цяпер ня трэба гэтага рабіць”.

(Спадарыня: ) “Я асабіста была б ня супраць. Таму што яны нябожчыкі. І таксама ёсьць іх сваякі. Там былі дзеці, якія невінаватыя, што іх адпраўлялі”.

(Спадарыня: ) “Простыя божыя законы — усё ж такі дараваньне, столькі гадоў… Некалі і нам даруюць за што-небудзь”.

(Спадар: ) “Калі загінулі, то павінны. Хоць яны і ваявалі з намі, але што зробіш? Трэба будзе”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што не. Таму што асацыяцыя такая: са сваіх могілак будзеш ісьці і неяк тут — немцы, якія столькі тут учынілі ў Беларусі”.

(Спадар: ) “Ну чаму б ім крыж які не паставіць? Гэта ж таксама людзі былі. Чаму б памятны знак не паставіць там, дзе сваякі могуць ім пакланіцца, аддаць даніну памяці”.

(Спадарыня: ) “Я б не дала. Не дала і ўсё. Ну, не паважаю я немцаў!”

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, вельмі баліць. Хоць я і не жыла ў той час, і ўсё роўна настолькі балючаа згадваць пра тое, што было і тыя жахі, якія тварыліся тут, і колькі ўчынілі зла і гора нашым людзям. Таму я неяк не гатовая да гэтага ўседараваньня”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, прайшло ўжо столькі часу. Яны ж таксама людзі, як гаворыцца, пра іх таксама трэба памятаць і аддаваць належнае”.

(Спадар: ) “Калі просяць, то можна, канечне. Дзеля сяброўства. Таму што ня ўсе былі фашыстамі”.

(Спадарыня: ) “Канечне, былі розныя пытаньні: і агрэсія, і нянавісьць, і мэты захопніцкія. Але столькі часу ўжо мінула, і людзі ёсьць людзі, ім трэба аддаць належнае, як і ўсім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG