Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ плянуе адзначыць усясьветны Дзень свабоды друку ў Горадні


Ул. інф. Галоўны рэдактар недзяржаўнай гарадзенскай газэты "Биржа информации" Алена Раўбецкая стане першым ляўрэатам Ганаровага дыплёма імя Ігара Герменчука "За адданасьць прынцыпам свабоды слова". Узнагароду яна атрымае заўтра ў Гародні, дзе "Беларуская асацыяцыя журналістаў" плянуе адзначыць Усясьветны дзень свабоды друку, паведамляе агенцтва БелаПАН. Дыплём "За адданасьць прынцыпам свабоды слова" быў заснаваны сёлета Нарвэскім ПЭН-клюбам, праваабарончай арганiзацыяй "Human Rights Watch" і БАЖам.

Акрамя дыплёма імя Ігара Герменчука, БАЖ плянуе ўручыць некалькім гродзенскім журналістам свае традыцыйныя дыплёмы "За адданасьць прафэсіі". Іх атрымаюць Андрэй Шантаровіч ("Местная газета"), Натальля Макушына ("Биржа информации"), Аліна Суравец ("Новая газета Сморгони") і Андрэй Пачобут (інтэрнет-газэта "Пагоня").

Гародня ў якасьці мейсца правядзеньня Дня свабоды друку была абрана невыпадкова: менавіта гэты рэгіён у 2004 годзе прызнаны БАЖ "зонай павышанай рызыкі" для незалежных СМІ. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, якую БАЖ прыняў сёньня. Аўтары дакумэнта прыводзяць шэраг прыкладаў уціску свабоды слова, што мелі мейсца летась на Гарадзеншчыне. Сярод іх – судовыя справы супраць лідэраў прадпрымальніцкага руху Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева; прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасці журналіста Паўла Мажэйкі.

У кастрычніку ў Ваўкавыску быў прыпынены выхад незалежнай "Местной газеты". Яе заснавальнік і галоўны рэдактар Андрэй Шантаровіч аб''явіў бестэрміновую галадоўку пратэсту, якую пазьней суд Ваўкавыскага раёна кваліфікаваў як несанкцыянаваны пікет і аштрафаваў А.Шантаровіча на 1 млн. 200 тыс. рублёў.

У тым жа годзе была распачатая крымінальная справа супраць заснавальніка "Новой газеты Сморгони" Рамуальда Улана, якога ў выніку асудзілі на абмежаваньне волі. Выхад "Новой газеты Сморгони" быў прыпынены.

У тым жа 2004 годзе на тэрыторыі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласьці быў затрыманы і канфіскаваны наклад газэты "День". Увесну 2005 года карэспандэнт інтэрнэт-сайту "Пагоня" Андрэй Пачобут быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што асьвятляў хаду несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў.

За адну і тую ж публікацыю, надрукаваную ў газэце «Биржа информации», спачатку была аштрафаваная галоўны рэдактар Алена Раўбецкая, а потым выданьне было прыпынена на 3 месяцы, пасьля чаго дагэтуль не здолела аднавіць друк, адзначаецца ў заяве Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG