Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне бальшыню галасоў аддалі лідэру АГП


Алег Супрунюк, Берасьце У Берасьці адбылася абласная канфэрэнцыя ў справе вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў. Найбольшую колькасьць галасоў набраў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

У канфэрэнцыі бралі ўдзел каля сотні чалавек. Гэта ня толькі прадстаўнікі палітычных партыяў, што дзейнічаюць у Берасьцейскай вобласьці, але і актывісты грамадзкіх няўрадавых арганізацыяў.

Пра свой намер балятавацца ўдзельнікам канфэрэнцыі заявілі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік партыі камуністаў Сяргей Калякін, падтрыманы партыяй “зялёных” і БНФ беспартыйны Аляксандар Мілінкевіч, а таксама юрыст з Менску Мікалай Бусьнюк.

У часе сваіх выступаў амаль усе яны заклікалі прысутных падтрымаць на гэтым сходзе ня толькі нейкую канкрэтную асобу, але і ўсіх астатніх вылучэнцаў. Гэтая прапанова выклікала дыскусію: выказвалася думка, як мага хутчэй вызначыцца з адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах. Разам з тым гучалі прапановы не сьпяшацца гэта рабіць і дазволіць вылучыцца іншым асобам, якія пакуль не засьведчылі пра свой намер браць удзел у выбарчай кампаніі.

У бюлетэні для галасаваньня было ўнесенае адно пытаньне: ці лічаць удзельнікі канфэрэнцыі магчымым, каб спадары Бусьнюк, Калякін, Лябедзька, Мілінкевіч і Шушкевіч бралі ўдзел у грамадзкай кампаніі ў справе вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ў якасьці прэтэндэнтаў? Паводле вынікаў галасаваньня за Анатоля Лябедзьку прагаласавала 49 чалавек, Сяргея Калякіна – 47, Аляксандра Мілінкевіча – 43, Станіслава Шушкевіча – 25, Мікалая Бусьнюка – 10.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG