Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава ігнаруе галадоўку прадпрымальніка і таксістаў у Ваўкавыску


Любоў Лунёва, Менск Хто дапаможа ваўкавыскім галадоўнікам? Дзяржаўныя структуры не рэагуюць на галадоўку ў Ваўкавыску. Адны чыноўнікі спасылаюцца на занятасьць, іншыя кажуць, што гэта ня ёсьць іх адказнасьцю. Супрацоўніца місіі АБСЭ наведала галадоўнікаў, але чыноўнікі мясцовага райвыканкаму не пажадалі зь ёй сустрэцца.

Ніводзін сябра Камісіі правоў чалавека Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу не наведваў галадоўнікаў у Ваўкавыску. Высьветліць, якую пазыцыю займае камісія ў гэтым пытаньні, у шараговых сяброў немагчыма. Яны адказалі Радыё Свабода, што самі гаварыць ня могуць, бо трэба зьвяртацца толькі да старшыні камісіі Юрыя Кулакоўскага. Сам афіцыйны праваабаронца адмовіўся адказваць на гэтае пытаньне.

Супрацоўніца місіі АБСЭ Гайдзі Сьміт наведвала групу галадоўнікаў. Яна намагалася сустрэцца зь мясцовымі чыноўнікамі, але безвынікова.

(Сьміт: ) “Мы размаўлялі з Аўтуховічам і зь яго паплечнікамі. Мы спрабавалі пагаварыць з чыноўнікамі выканкаму. Але ўсе казалі, што занятыя і што трэба мець больш часу, каб яны маглі даць якую-небудзь афіцыйную інфармацыю. Такім чынам, мы здолелі толькі паразмаўляць з галадоўнікамі. Але не атрымалі афіцыйнай інфармацыі”.

25 дзён галадоўкі заўважна адбіваюцца на самаадчуваньні чалавека. Ці будуць дзяржаўныя ўстановы ратаваць людзей, якія апынуліся ў небясьпецы? У пракуратуры патлумачылі, што паколькі людзі галадаюць дома, а не ў рэжымнай установе (напрыклад, у вязьніцы, дзе супрацоўнікі мусяць адказваць за жыцьцё людзей), то ніякага рэагаваньня зь іх боку ня будзе. Маўляў, справа добраахвотная. Прыкладна такую ж пазыцыю займаюць чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя.

Гаворыць намесьнік кіраўніка ўпраўленьня ў справе аказаньня мэдычнай дапамогі Ігар Броўка:

(Броўка: ) “Калі чалавек у поўнай сьвядомасьці і наўмысна шкодзіць свайму здароўю, мы ж ня можам да яго прыставіць пракурора, міліцыянта, доктара і машыну “хуткай”… Вось людзям, якія могуць зрабіць шкоду іншым, мы абавязаны аказаць дапамогу”.

Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што ў сёньняшніх умовах недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі ня маюць дастаткова сродкаў, каб уплываць на сытуацыю з мэтай дапамагчы людзям, якія трымаюць галадоўку.

(Гразнова: ) “Вельмі цяжка зрабіць нешта канкрэтнае для тых, хто галадае ў Ваўкавыску. Мы вельмі спачуваем гэтым людзям. Адзінае, што мы можам зрабіць — даць інфармацыю на сайт, дзе зьмешчаны маніторынг парушэньня правоў чалавека. Я разумею, што гэта абмежаваная магчымасьць, але, на жаль, нічога большага мы ня маем”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў Радыё Свабода, што яго партыя не губляе кантактаў з ваўкавыскімі галадоўнікамі і гатовая дапамагчы ў выпадку праблемаў са здароўем.

(Лябедзька: ) “У мяне была размова з Аўтуховічам. Ён мне падзякаваў за маральную падтрымку, бо туды адмыслова прыяжджалі кіраўнікі нашай гарадзенскай арганізацыі. Адным з кірункаў нашай дзейнасьці ёсьць інфармаваньне грамадзкасьці аб тым, чаму такія падзеі адбываюцца на Гарадзеншчыне. Прыкладна тысячы вядомых палітыкаў, дзеячоў мы разаслалі гэтую інфармацыю на ангельскай мове, каб гэта не было праблемай Ваўкавыску, Аўтуховіча, але каб гэта стала праблемай у міжнародным гучаньні. Фінансаў у нас няма, але калі трэба будзе дапамагчы ў рэабілітацыі, то ў нас ёсьць мэдыкі, ёсьць простыя людзі, якія маюць лекі. Мы ўсё зьбяром і будзем дапамагаць. Але гэта ўжо толькі тады, калі будзе прынятае рашэньне выхаду з галадоўкі”.

Намесьнік старшыні Хэльсынскага камітэту Алег Гулак паведаміў Радыё Свабода, што яны ня маюць свайго прадстаўніцтва ў Ваўкавыску і да іх ніхто з галадоўнікаў асабіста не зьвяртаўся. Але яны гатовыя аказаць ім юрыдычную дамапогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG