Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень трэці – страйкі прадпрымальнікаў працягваюцца


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Прадпрымальнікі Полаччыны працягваюць трымаць страйкавую вахту на гарадзкіх пляцах. Пустэльна і на рэчавых кірмашах Полаччыны: сярод прадпрымальнікаў там не знайшлося аніводнага штрэйкбрэхера. Сёньня, як і папярэднімі днямі, страйкоўцы зладзілі на цэнтральных пляцах Полацку і Наваполацку імправізаваныя сходы... Тым часам у Горадні страйкоўцаў разагнала міліцыя.

На Полаччыне лютуе мароз, тым ня менш вахта страйкоўцаў на гарадзкіх пляцах працягваецца. Пры гэтым у тым жа Наваполацку на цэнтральны пляц прыйшло значна больш народу, чым было ўчора. Заўважым таксама, што ніхто з прадстаўнікоў наваполацкай “вэртыкалі” да страйкоўцаў так і ня выйшаў. Больш за тое, зьніклі і міліцыянты, якія раней стаялі непадалёку. Тым жа часам лідэру страйкоўцаў Валеру Шаўчэнку прапанавана зьявіцца сёньня а 16-й гадзіне ў Полацкі гарадзкі аддзел унутраных справаў дзеля размовы.

Адзначым таксама, што на пляцах, пераважна, зьбіраюцца жанчыны. Ім слова:

(Першая спадарыня: ) “Вось мы стаім і згадваем, што нам па 50 гадоў. Гэта тое самае пакаленьне, якое дзесяць гадоў таму выкінулі, бо была перабудова. Мы неяк уладкаваліся, неяк гадуем сваіх дзяцей. І зараз нас выкідваюць другім разам”.

(Другая спадарыня: ) “Я разьлічваю на здаровы сэнс. Таму што, як бы там ні было, мне здаецца, што трэба зразумець адно: прадпрымальнікі, у асноўным, гэта жанчыны, і так ставіцца да жанчын, як у нас ставяцца зараз, нельга”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Працаваць проста немагчыма, і стаўленьне да прадпрымальнікаў жудаснае. Нас ніхто не паважае, за нашыя грошы, якія мы плацім, нас жа і затоптваюць у бруд. Што ж атрымліваецца: я плачу дзяржаве, я яе утрымліваю, а а дзяржава ходзіць па мне нагамі. Вось што я хачу сказаць”.

Падчас імправізаванага сходу ў Наваполацку, з вуснаў аднаго з прадпрымальнікаў прагучала і падзяка на адрас ураду:

(Страйковец: ) “Не працуем, а таму адпачываем. І радуемся таму, што наш урад даў адпускныя… усім”. (Агульны сьмех).

***

Тым часам у Горадні сотні мітынгоўцаў перакрылі праезд на вуліцы ў цэнтры гораду, патрабуючы, каб да іх выйшаў старшыня аблвыканкаму, пасьля чаго міліцыя пачала разганяць дэманстрантаў.

(c) www.livejournal.com/users/siarjuk

Падрабязнасьці з Горадні:

• Дзень трэці: гарадзенскіх прадпрымальнікаў разагнала міліцыя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG