Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нясе люстрацыя ачышчэньне грамадзтву – ці сее варожасьць?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнічаюць: рэдактар Беларускай службы Радыё Свабода Кастусь Бандарук і аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк (абодва – грамадзяне Польшчы).

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “На мінулым тыдні ў Польшчы адбылася надзвычайная падзея, якая ўскалыхнула ўсё грамадзтва. У інтэрнэце зьявіўся сьпіс людзей, на якіх Служба Бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі мела пэрсанальныя папкі. У адным сьпісе каля 220 тысячаў чалавек: і штатныя агенты, і сакрэтныя супрацоўнікі, і іхныя ахвяры – тыя, за кім сачылі ці каго “распрацоўвалі”. Гэты сьпіс быў складзены дзяржаўнай установай – Інстытутам Нацыянальнай Памяці, які займаўся люстрацыяй пасьля скананьня камуністычнага рэжыму. Некалькі тысячаў чалавек ужо зрабілі запыты, каб ім паказалі іхныя папкі. Падзея зноў абвастрыла пытаньне, зь якім сутыкнулася ня толькі Польшча, а, бадай, усе краіны Ўсходняй Эўропы на сваім шляху ад таталітарызму да дэмакратыі – люстрацыя нясе ачышчэньне грамадзтву, ці сее варожасьць?”

У старажытным сьвеце лацінскае слова “lustratio” азначала ачышчэньне шляхам ахвярапрынашэньня. Сёньня ў краінах былога камуністычнага блёку назоў люстрацыі атрымалі заканадаўчыя захады і практыка недапушчэньня ў апарат кіраваньня, у праваахоўныя органы, на іншыя важныя пасады і ва ўстановы сыстэмы адукацыі асобаў, якія ў мінулым мелі сувязі са службамі бясьпекі, або займалі ключавыя пасты ў дзяржаўных установах.

У сучаснай Беларусі можна пачуць, што ўсталяваньне аўтарытарнай, недэмакратычнай улады стала магчымым таму, што камунізм ня быў асуджаны, не была ўведзеная забарона на прафэсію для пэўных катэгорыяў службоўцаў, зрэшты, не былі рэарганізаваныя спэцслужбы. А вось Польшча ня без дыскусіяў, але настойліва ажыцьцяўляе працэс люстрацыі.

З публікацыяй гэтак званага сьпісу Вільдштайна можна, напэўна, казаць, што наступіў кульмінацыйны момант гэтага працэсу ў Польшчы. Прынамсі, той момант, якога найболей баяліся: названыя прозьвішчы тысячаў людзей, а ня толькі эліты, якая і вызначала сутнасьць рэжыму. Калі ласка, пракамэнтуйце яго. Што гэта за сьпіс? Хто і на якой падставе складаў яго? Як ён патрапіў у інтэрнэт?”

(Максімюк: ) “Трэба пачаць з закону “Аб люстрацыі” 1997 году, які ўстанавіў, што ўсе асобы, якія хочуць займаць дзяржаўныя пасады, павінны скласьці заяву, ці супрацоўнічалі яны са службамі бясьпекі народнай Польшчы. Першыя заявы зьявіліся ўжо ў 1999 годзе – 23 тысячы службоўцаў мусілі сказаць, ці супрацоўнічалі, яны ці не. Фактычна, закон аб люстрацыі не прадугледжвае ніякага пакараньня. Калі ты супрацоўнічаў і сумленна прызнаўся, дык, натуральна, можаш працаваць і далей. Іншая справа – калі ты схаваў факт супрацоўніцтва, і табе потым даказалі, што ты супрацоўнічаў. Вось тады закон прадугледжвае пакараньне: цягам 10 гадоў забараняецца займаць дзяржаўныя пасады.

У 1998 годзе выйшаў закон, паводле якога быў утвораны Інстытут Нацыянальнай Памяці – дзяржаўная ўстанова, якая зьбірае папкі былых сакрэтных службаў, інвэнтарызуе іх і дасьледуе. Той жа самы закон стварыў пасаду гэтак званага люстрацыйнага пракурора. Менавіта ён дасьледуе заявы ўраднікаў, і калі яму нейкая заява падаецца падазронай, ён накіроўвае яе ў люстрацыйны суд, які і выносіць вэрдыкт.

У Польшчы нярэдка такія справы набывалі скандальны характар. Калі ідзе гаворка пра сьпіс Вільдштайна, які на мінулым тыдні зьявіўся ў інтэрнэце, гэта ёсьць сьпіс тых асобаў, чые папкі знаходзяцца ў Інстытуце Нацыянальнай Памяці. Браніслаў Вільдштайн – былы журналіст цэнтрысцкай польскай газэты “Rzeczpospolita”, які менавіта да гэтых папак меў доступ у Інстытуце Нацыянальнай Памяці, нейкім чынам перапісаў іх сьпіс і цяпер апублікаваў у інтэрнэце. У гэтым сьпісе ёсьць усе тыя асобы, якія патрапілі ў поле зроку Інстытуту”.

(Ракіцкі: ) “Гэты сьпіс быў практычна даступны кожнаму, хто мог прыйсьці ў Інстытут Нацыянальнай Памяці і пацікавіцца. Чаму зараз, калі ён выстаўлены ў інтэрнэце, узьнік такі скандал і такі ажыятаж?”

(Максімюк: ) “Гэты сьпіс быў даступны ня кожнаму, а толькі навуковым супрацоўнікам і асобным журналістам. І яшчэ – закон “Аб люстрацыі” ўсталёўваў, што гэты сьпіс мае быць даступным для асобаў, пакрыўджаных спэцслужбамі народнай Польшчы. Але такі пакрыўджаны чалавек ня мог зазірнуць у папку свайго знаёмага, ён мог знаёміцца толькі са сваёй уласнай папкай”.

(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра люстрацыю, то маем на ўвазе шэраг аспэктаў. Юрыдычны зразумелы: у выпадку вінаватасьці суд карае асобу. Палітычны бок у выпадку з краінамі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы таксама ясны – дэкамунізацыя і ідэалягічная легітымацыя новай кіроўнай эліты. А вось з маральна-псыхалягічным аспэктам, як мне падаецца, болей складана. Усё, здавалася б, правільна: люстрацыя мае на мэце маральна-псыхалягічнае, духоўнае ачышчэньне. Але... Колісь чэкісты і іхныя стукачы зазіралі ў ложкі людзей – цяпер кожнаму, каму закарціць, дзеля маральнага ачышчэньня дазволяць зрабіць тое ж самае, зазірнуць у чужыя папкі? Можа ўзьнікнуць і такая сытуацыя. Вось я, прыкладам, дырэктар рэстарацыі і хачу ўзяць на працу афіцыянта. А чаму б не зазірнуць у папачку прэтэндэнта? Ці не прывядзе ўсё гэта да варожасьці замест маральнага ачышчэньня?”

(Бандарук: ) “Нельга гаварыць пра маральнае ачышчэньне, калі гэтыя папкі могуць паслужыць нячыстым мэтам. Яны могуць быць прыладай палітычнай барацьбы. У Польшчы набліжаюцца выбары. Людзі могуць выкарыстаць гэты сьпіс у якасьці аргумэнту супраць аднаго з кандыдатаў: вось, глянь, там ёсьць твая папка, ты быў у сьпісе тых людзей... І гэты чалавек да выбараў не пасьпее даказаць, што ён быў ахвяраю, а не “стукачом”.

Як можна гаварыць пра маральнае ачышчэньне, калі яно вядзе да варожасьці, да настрою падазронасьці, насьцярожанасьці? Чалавек яшчэ ня ведае, як было насамрэч, але ўжо з падазронасьцю ставіцца да сваіх знаёмых. Адзін з апазыцыйных дзеячаў у Торуні, даведаўшыся, якую чорную ролю адыгралі ягоныя знаёмыя, даў аб’яву: “Калі ласка, вось такія і такія людзі, болей са мною не кантактуйце. Я не хачу з вамі мець болей нічога супольнага”. Быў падобны выпадак і ў Кракаве – калі чалавек даведаўся, што ў сапраўднасьці, як вынікае з папкі, трэба было б прасьвятліць ня толькі суседзяў, а літаральна ўвесь горад. Дык пра якое маральнае ачышчэньне мы можам казаць, калі гэта выглядае, як быццам бы кій у мурашнік усадзілі?”

(Ракіцкі: ) “Спадар Максімюк, а якія, з Вашага гледзішча, могуць быць маральныя, ідэалягічныя, палітычныя, юрыдычныя наступствы таго, што адбылося зараз – таго, што люстрацыя ў Польшчы выйшла з-пад кантролю?”

(Максімюк: ) “Я не сказаў бы, што яна выйшла з-пад кантролю, бо ў маю папку, калі такая ёсьць, ніхто, акрамя мяне і люстрацыйнага пракурора, ня можа залезьці. А маім заданьнем ёсьць даказаць, што я – ахвяра, а не “стукач” ці даўні афіцэр бясьпекі. Рэч у тым, што шмат людзей не задаволеныя тым, што люстрацыя ў Польшчы адбываецца вяла. Ведама, што шмат людзей былі агентамі, а да шырокай грамады даходзяць толькі асобныя прозьвішчы, і, хутчэй за ўсё, яны выкарыстоўваюцца ў палітычных гульнях – адна партыя выцягвае папку супраць другой.

Я думаю, што калі пашукаць апраўданьні для Вільдштайна, дык яны будуць у тым, што ён паказаў усёй Польшчы гэты вялікі сьпіс, а цяпер што хочаце, тое і рабіце. Мяркую, што гэта крыху прысьпешыць справу. Раней, каб зазірнуць у сваю папку або даведацца, што яна ўвогуле ёсьць, трэба было напісаць заяву ў Інстытут Нацыянальнай Памяці і запытацца: ці я магу лічыцца пакрыўджанай асобай у сьвятле гэтага закону “Аб люстрацыі”? Цяпер жа шэф Інстытуту Нацыянальнай Памяці сказаў, што ўсе людзі, якія знайшлі сябе ў сьпісе Вільдштайна, маюць права падаць заявы, і, калі яны яшчэ жывыя, атрымаць доступ да сваіх папак”.

(Ракіцкі: ) “Слухаючы вас, я згадаў, як у Польшчы адразу пасьля краху камунізму адзін з актывістаў “Салідарнасьці”, гісторык Браніслаў Герэмэк, сьцьвярджаў, што людзі Ўсходняй Эўропы павінны зрабіць выбар паміж Нюрнбэргам і постфранкісцкай Гішпаніяй, якая “зачыніла дзьверы за мінулым”. Вы гаворыце зараз пра паскарэньне – а ў той жа час ніхто ня быў пакараны. Які тады ўвогуле сэнс мела люстрацыя ў Польшчы?”

(Бандарук: ) “Можна казаць з пэўнасьцю, што адбылася частковая люстрацыя, але цалкам не адбылося дэкамунізацыі – не асудзілі камуністычных лідэраў, ні на каго ня ўсклалі адказнасьці. Было адмаўленьне ад камунізму, але не было дэкамунізацыі – асуджэньня камунізму. Грамадзтва ў сваёй асноўнай масе хоча нібы забыцца. Існуе ў Польшчы ідэя “тоўстай рысы”: пакінуць усё, як ёсьць. З другога боку, дзяржава на афіцыйным узроўні не пайшла цалкам за той “тоўстай рысай” і вырашыла часткова разьбірацца з камуністычным мінулым. Аднак частка грамадзтва патрабуе хутка, рашуча караць, пазбаўляць пасадаў тых, хто супрацоўнічаў са спэцслужбамі. Але, паўтаруся, бальшыня хацела б усё забыць”.

(Максімюк: ) “У Польшчы не адбылося сапраўднай люстрацыі ў тым сэнсе, што не было дэкамунізацыі. Людзям мінулай эпохі, якія займалі кіроўныя пасады ў камуністычным рэжыме, не забаранілі займаць іх у дэмакратычным сьвеце. Другое: той закон “Аб люстрацыі”, які Польшча прыняла,ён даволі парадаксальны і несправядлівы. Паводле закону, караюцца людзі за тое, што яны супрацоўнічалі са Службай бясьпекі, калі яны ў тым не прызналіся. А тых, якія працавалі ў Службе бясьпекі, шантажавалі, часам страхам прымушалі людзей да супрацоўніцтва, ніхто не карае. Люстрацыя ў Польшчы крыху нагадвае абсурдны спэктакль, у якім ловяць плоткі, а шчупакі застаюцца на волі”.

(Бандарук: ) “Прызнайся, і ўсё будзе добра...”

(Ракіцкі: ) “І апошняе пытаньне да нашых экспэртаў, якія ведаюць сытуацыю і ў Польшчы, і ў Беларусі. Ці магчымая нават вось такая люстрацыя, як у Польшчы, у Беларусі, у нейкай абсяжнай пэрспэктыве? Вось жа і ва Ўкраіне загаварылі пра люстрацыю...”

(Бандарук: ) “Так, ва Ўкраіне загаварылі пра люстрацыю, але толькі пасьля перамогі Віктара Юшчанкі. Пра гэта ў выпадку Беларусі рана гаварыць. Па-першае, не адбылося нават таго мінімуму, які меў месца ў Польшчы. Не былі асуджаныя органы, не было падкрэсьлена, што тое, што яны рабілі – кантроль за грамадзтвам – уцісканьне чалавечых правоў, здушэньне дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта значыць, не была асуджаная дзейнасьць спэцслужбаў як шкодная, злачынная. У Польшчы такое асуджэньне адбылося. У Беларусі ніхто не сказаў, што КГБ – нешта шкоднае, варожае. Наадварот, кіроўны рэжым і лідэр дзяржавы абапіраюцца на КГБ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG