Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску павялічваецца колькасьць бадзягаў


Вячаслаў Кулік, Менск Ад першых лютаўскіх маразоў у Менску пацярпелі больш як 50 чалавек. Пераважна гэта людзі бяз пэўнага месца жыхарства. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, у беларускай сталіцы зараз амаль дзьве тысячы беспрытульных. Ад 1994 году колькасьць бадзягаў павялічылася ў тры разы.

Ля камунальнага сьметніка на прывакзальнай вуліцы імя Кірава штораніцы зьбіраецца купка дрэнна апранутых і даўно няголеных людзей. Апошнімі днямі ранішні мароз дасягае 18 градусаў, але голад вымушае бяздомных пакідаць сутарэньні. Мужчыны складаюць у пакуначкі паперу й кардон.

(Спадар-1: ) “Вось макулятуру здадзім – жывём”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Вас якое жытло ў Менску?”

(Спадар-2: ) “Домік у маці быў – я з Гомельскай вобласьці – яна памерла, дом згарэў. Прыехаў сюды, бадзяюся. Міліцыя зьбівае, не дае праходу. Карацей, гэта не жыцьцё. Сабака лепш жыве”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе Вы начуеце?”

(Спадар-3: ) “Бамжую. То ў падвале, то ў пад’езьдзе, дзе давядзецца, там і начую. Я ўжо ўвесь абмарожаны”.

Адзіная менская начлежка для бяздомных месьціцца на вуліцы Ваўпшасава, 42. Тут 92 ложкі. Як кажа дырэктар ўстановы Мікалай Варкееў, пасьля 8 гадзінаў раніцы ўсе памяшканьні пустыя. Людзі мусяць бадзяцца па вуліцы.

(Варкееў: ) “Па нашых падліках, каб сьцьвердзіць грамадзянства бяздомнага, зрабіць пашпарт, прапісаць, працаўладкаваць – праходзіць якраз год”.

А чалавеку бяз пашпарту й прапіскі ў Менску нельга працаўладкавацца – гэтак кажа дырэктарка цэнтру занятасьці насельніцтва Партызанскага раёну Тацяна Кудзевіч.

(Кудзевіч: ) “Працу яны шукаюць. Ёсьць сярод іх юрысты, інжынэры, людзі малакваліфікаванай працы – прыбіральшчыцы, дворнікі”.

Яшчэ пры савецкім рэжыме Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР вызначыў, што: “Пастановы аб прапісцы абмяжоўваюць правы грамадзянаў”. У Беларусі таксама каторы ўжо год вядуцца спрэчкі аб замене інстытута прапіскі на рэгістрацыйны парадак. Але, як мяркуе юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, якіх-небудзь паслабленьняў ад цяперашняй улады грамадзяне наўрад ці дачакаюцца.

(Гулак: ) “Нашае заканадаўства, замест таго, каб даць магчымасьць гэтым людзям рэсацыялізавацца, уліцца ў грамадзкае жыцьцё, дык яно ўвогуле выкрэсьлівае іх. Яны ня могуць вырашыць першасныя праблемы: зрабіць пашпарт, аформіць прапіску. А з гэтым зьвязаная мэдычная дапамога й усё астатняе”.

“Дзяржава ставіцца да бадзягаў гуманна пасьля іхнай сьмерці: людзей бяз пашпарту не закопваюць у агульны дол”, кажа дазорца могілак у Калодзішчах Тамара Гладкая.

(Гладкая: ) “Ну вось, патрапілі сёньня двое. Адна магілка аднаму, другая – другому. І асобныя тумбачкі зь надпісамі “Невядомая жанчына”, “Невядомы мужчына”.

Паводле зьвестак службы судова-мэдычнай экспэртызы, у студзені ў Менску падабраныя на вуліцах 4 задубелыя трупы, а ў першыя моцныя маразы ў лютым, на жаль, ужо 6.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG