Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс: Польшча – пасярэднік між ЗША і Эўразьвязам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дзяржсакратар Злучаных Штатаў Кандаліза Райс, якая 5 лютага наведала з кароткатэрміновым візытам Варшаву, заявіла, што пасьля далучэньня да Эўрапейскага зьвязу Польшча, як добры сябра Амэрыкі, стала пасярэднікам паміж ЗША і Эўразьвязам.

У часе сустрэчаў зь міністрам замежных справаў Польшчы Адамам Ротфэльдам і прэм’ер-міністрам Маркам Бэлькай, Кандаліза Райс назвала Польшчу “каштоўным саюзьнікам”, падзякавала палякам за ўдзел у працэсе стабілізацыі ў Іраку – сытуацыя ў гэтай краіне пасьля выбараў была абмеркаваная вельмі падрабязна – а таксама за дапамогу ў дэмакратызацыі Ўкраіны.

Паводле спадарыні Райс, у справе падтрымкі дэмакратычных пераменаў ва Ўкраіне і Грузіі, а таксама ў справе пошуку мірнага ўрэгуляваньня ізраільска-палестынскага канфлікту ЗША і Эўразьвяз павінны дзейнічаць разам.

У МЗС Польшчы Кандаліза Райс абмеркавала таксама падрабязнасьці візыту ў ЗША прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага, які на запрашэньне свайго амэрыканскага калегі Джорджа Буша наведае Вашынгтон на наступным тыдні.

Як аказалася, спадарыня Райс была ў Польшчы яшчэ ў 1979 годзе, але, як заявіла дзяржсакратар ЗША, тады цяжка было паверыць, што ўсяго праз два з паловай дзесяцігодзьдзі яе будуць прыймаць у сталіцы свабоднай і дэмакратычнай Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG