Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы Новы год сьвяткуюць


Валянцін Бойка, Мазыр (эфір 8 студзеня). Новая перадача сэрыі “Чытальная заля”.

Сьвяткаваць Новы год можна па-рознаму. Найчасьцей з водарам хвоі, пырскамі шампанскага і скокамі да самае раніцы. Або яшчэ варыянт: стол — салют — салата — сон... Калі ж вы невыпраўны альтруіст ці проста хочаце падзарабіць грошай, несучы людзям весялосьць, — уступайце ў шэрагі Дзядоў Марозаў, навагодніх гандляроў радасьцю.

“Хаця сярод усіх мірных заняткаў найбольш небясьпечныя прафэсіі шахцёра й пажарнага, ды не зашкодзіла б улучыць сюды й Каляднага Дзеда”, — падумалася мне аднойчы. Аднойчы — гэта калі пад нагамі рвуцца пэтарды, а над галавой з артылерыйскай дакладнасьцю пралятаюць сьнежкі.

Першага студзеня дзьве тысячы чарговага году. Вугальна-чорнае неба. Пляц расквечаны сьвяточнымі агнямі. Сьнегавая шапка на помніку Леніну. Натоўп. Коўзкая сцэна. На сцэне выдыгаюся я — Дзед Мароз. Мазырчукі ў пахмельнай бесклапотнасьці шпурляюць пэтарды, каб мы, акторы, весялей танчылі. Пятнаццаціградусны мароз не замінае двум маладзёнам скакаць да пояса голымі. “Коні п’яныя, хлопцы запражоныя”. Не, п’яныя ўжо ўсе, апроч нас. Становіцца крыху зайздросна. Лютая сьцюжа запускае за каўнер свае халодныя лапы. Happy New Year, ladies and gentlemen! З Новым годам, спадарства! Панове! Таварышы! Гаспада! Не памінайце ліхім словам вашага Дзеда Мароза!..

Нацыянальна сьвядомая частка грамадзтва конча не прыйшла да згоды: хто ж мусіць цешыць маленькіх беларусікаў і беларусачак — Дзед Мароз або Сьвяты Мікалай. Пытаньне ў нечым цывілізацыйнае. Бы ў ледзяным люстры, у ім адбіваецца нашае адвечнае хістаньне паміж Усходам і Захадам. Калі я раптам стану важным вучоным молем, то, магчыма, нават напішу дужа-дужа разумны артыкул. “Амбівалентнасьць этнаміталягічнай сымболікі ў працэсе транскультурнага ўзаемадзеяньня”. Во як!

Але і без таўшчэзных акуляраў зразумела, што шалі ўсё болей схіляюцца ў бок Захаду. Варта проста паштурхацца на кірмашы падчас сьвяточнай ліхаманкі. Папяровыя, плястмасавыя, керамічныя і нават шакалядныя — сапраўдная экспансія Санта-Клаўсаў. Захад насоўваецца ня з тупатам ботаў натаўскіх жаўнераў, а “шчыльнымі радамі” бяскрыўдных барадатых дзядочкаў. Замест грукату вайсковых маршаў зьвініць ціхая мэлёдыйка “Jingle bells”.

Дваістасьць — вось чым адметныя беларускія сьвяты. І нашым, і вашым. Гэта заўважылі яшчэ клясыкі. Якуб Колас піша, як цэлая вёска зьбілася з тропу, ня ведаючы, калі адзначаць рэлігійнае сьвята: сёньня ці заўтра. Самыя кемлівыя, каб не памыліцца, сьвяткавалі два дні. Словы клясыка сталіся прарочымі. Цяпер беларусы, мусіць, самы шчасьлівы эўрапейскі народ, бо двойчы сьвяткуюць Каляды. Многія суайчыньнікі, не задумваючыся, ахвотна куляюць чарку як паводле каталіцкага, так і праваслаўнага календару. Слынная беларуская талерантнасьць. Паўстае перад вачыма глухая вёсачка Целышына, увекавечаная Коласам.

Новы год таксама пераламіўся праз прызму беларускага дваістага сьветабачаньня. Не пасьпявае краіна зладзіць з пахмельным сындромам, як водгульлем вялікага сьвята зноўку даносіцца ціхі звон кілішкаў. Надыходзіць Стары Новы год. Ды што я кажу! Нават у ноч з 31-га на 1-га да нядаўняга часу прымудраліся сьвяткаваць двойчы. Спачатку пад урачыстае бомканьне крамлёўскіх курантаў. І ўжо потым паводле свайго, тутэйшага часу. Цяпер сьвяткуем толькі згодна з сваім, эўрапейскім гадзіньнікам. Салодкі прысмак незалежнасьці і нечага яшчэ.

Адчуваеш, як раскручваецца стрэлка велічэзнага компасу, паказваючы то на Захад, то на Ўсход, ня ў змозе вызначыцца з кірункам. Адзінае выйсьце з такой сытуацыі — стаяць на месцы. Або шукаць праваднікоў. (Заўсёды знайдуцца свае Іваны Сусаніны ды Веркі Сярдзючкі.) Адмыслова для беларусаў варта вынайсьці компас зь дзьвюма стрэлкамі: куды не паткнесься — любы кірунак слушны. У становішчы “паміж” даводзіцца шукаць кампрамісу.

Можаце называць гэта рэцыдывам азіятчыны ў маёй цалкам эўрапейскай сьвядомасьці, але я люблю Дзеда Мароза. Чырвоны нос, доўгая белая барада, кажух ажно да долу. Нават ведаючы, што Дзед Мароз — сьвяточная фікцыя, я так і не пазбыўся пачуцьця чагосьці таямніча-сакральнага. Я бачыў урачысты абрад у гонар найвышэйшага навагодняга баства. Чалавек у кажусе і з барадою — вярхоўны жрэц ля сьвятарнага дрэва. Убіўшыся ў ягоную скуру, я, штопраўда, атрымаў ладны зарад навагодняга атэізму. Тых, хто мае ўступіць на гэты цярновы шлях, чакаюць дзьве прыкрасьці.

Першая — маральныя пакуты. Стаўленьне цяперашніх дзетак да Дзядулі Мароза часта патыхае недарослым дзіцячым цынізмам. Заўсёды знойдзецца малы падшыванец, які прывітае цябе гнюснай песенькай: “Здравствуй, Дедушка Мороз, борода из ваты...” (З этычных меркаваньняў далей не цытую.) Застаецца мацьней сьціснуць зубы, каб ня выцяць малога нахабніка кіем па азадку.

Прыкрасьць нумар два: пакуты фізычныя. На вуліцы ў тонкай апранасе б’юць дрыжыкі, а ў памяшканьні цуркамі бяжыць пот. У нязграбных валёнках можна ўпасьці і болей ніколі ня ўстаць. А барада, пасмыкаць якую кожны ўважае за сьвяты абавязак, нясьцерпна муляе.

Варта сказаць, што рафінаваны вобраз добрага дзівака, які гойсае на аленях і на халяву раздае падарункі, узьнік не адразу. Фальклярыст Сержпутоўскі, напрыклад, гэтак апісвае Мароза: “...стары сівы дзед зь сінім або чырвоным носам. Замест вусоў і барады ўніз спускаюцца саплякі аж да долу...” З такім абліччам варта прыходзіць не на Каляды ці Новы год, а на Хэлоўін. Зрэшты, выступаючы на адкрытым паветры, празь нейкі час ужо мала чым адрозьніваесься ад апісаньня Сержпутоўскага.

Каб стаць Дзедам Марозам, мала толькі начапіць бараду. Трэба прайсьці суворае выпрабаваньне на трываласьць. Сапраўднай Дзедмарозаўскай Галготай становіцца дзіцячы ранішнік. Чым старэйшыя дзеці, тым болей верагоднасьць быць разарваным на калядныя сувэніры. Дзясяткі прагных ручак выдзіраюць мех, і звонкія галаскі зьліваюцца ў дзікі выгук: “Да-а-а-а-й!” Пачуваеш сябе глядыятарам у цырку. Так і корціць выгукнуць: “Авэ Цэзар! Ідучы на сьмерць, вітаю цябе!” Хаця насампраўдзе ўсё больш празаічна: пашкуматаная барада і расхістаныя нэрвы. “Дзеці, што вы робіце?! Хлопчык, ты куды палез? Яшчэ рана для падарункаў. Гэй, пусьціце мяне! Пусьціце!!!”

Горш за дзяцей могуць быць толькі дарослыя. Цьвярозы Дзед Мароз для іх такая ж недарэчнасьць, як сьнег у ліпені. Без належнага самакантролю за два калядныя тыдні нос незалежна ад надвор’я набывае ўстойлівы барвовы колер. Звычайна Дзед Мароз дэманструе зайздросную рашучасьць і непахіснасьць, адмаўляючыся ад чаркі. Тым часам Сьнягурка мужна адбіваецца ад надакучлівых залётнікаў. Раптам з цэху гарадзкога малаказаводу, куды мы прыйшлі зь віншаваньнямі, вывальваецца чародка пульхных цётачак. Век бальзакаўскі. Ціскаюць Дзеда Мароза й дзівяцца зь ягонай худзіны. “Ты ня баісься, што цябе згвалцяць?” — у вачох Сьнягуркі шчырая занепакоенасьць. На шчасьце, сьвята праходзіць без надзвычайных здарэньняў.

Чародкамі птушак пралятаюць сьвяточныя дні. Новы год крочыць па плянэце. Нават не заўважыўшы, ён пераступае праз тваю маленькую краіну. Туліцца ў куточку самота. Пахне хвояй. Мяккае сьвятло каляровых агеньчыкаў навявае элегічны настрой. За вокнамі гусьцеюць прыцемкі, чорныя, як моцная кава.

Гляджу тэлевізар. “Скрынка”, як яе любасна празваў народ, сталася сапраўднай Скрыняю. Скрыняю Пандоры, адкуль расьцякаецца злосьць, нянавісьць, хлусьня і боль. Пякучы боль. Экран расквеціўся дзіцячымі ўсьмешкамі. Трансьлююць галоўную елку. Прамаўляе высокі чалавек у дыхтоўным гарнітуры. Сэрца сьціскае скруха: трохі ўзбоч стаіць Дзядуля Мароз, застылы ў сваёй недарэчнасьці. Зрынутае боства. Ня ён цяпер ловіць позіркі дзіцячага захапленьня і любові. Ня ён адчувае багавейнае трапятаньне сэрцаў...

Я чакаю цуду на Каляды. Хоць яго ўсе баяцца. Баяцца, бо цуд заўсёды нечаканы і непрадказальны. Яго ня ўпішаш у пяцігадовы плян, не скуеш ланцугамі міністэрскага цыркуляру. Ён чысты і сьветлы, як сам Новы год. Цнатліва-белы і доўгачаканы, як першы сьнег пасьля бруднай, імглістай восені.

“Скрыня” пакрыўджана змаўкае. Я падыходжу да акна. На вершалінах дрэваў засынае ўкалыханая ноч. Ледзь чутны перазвон. Я адчыняю акно. Разам з марозным паветрам у пакой ліюцца крыштальныя гукі.

Няўжо цуды бываюць толькі на Каляды?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG